Mobile menu (ru)

Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

Праект “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь” рэалізуецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (Банк) ў памеры 100 млн еўра. Заяўленай мэтай рэалізацыі праекта з’яўляецца удасканаленне навучальнага асяроддзя і падвышэнне ўзроўню ведаў аб адпаведнасці вышэйшай адукацыі патрэбам рынку працы. Рэалізацыя праекта разлічаная на 5 год (2020-2025).

Распрацаваны Банкам рамачны дакумент па сацыяльных і экалагічных пытаннях[1] падкрэслівае важнасць адкрытага і празрыстага узаемадзеяння паміж пазычальнікам і зацікаўленымі бакамі, значнасць эфектыўнага ўключэння зацікаўленых бакоў для паспяховага планавання і імплементацыі праектаў. Разам з тым, пры вызначэнні асноў для партнёрства паміж Банкам і Беларуссю на 2018-2022 гг.[2] тэме празрыстасці і грамадскага ўдзелу была нададзеная асаблівая ўвага. Так у якасці комплекснага прыярытэту была акрэсленая неабходнасць больш шырокага выкарыстання інфармацыі і пашырэння доступу да інфармацыі аб рашэннях у сферы дзяржаўнай палітыкі (параграф 50). Адпаведна лагічным з’яўляецца чаканне выканання заяўленых прынцыпаў падчас рэалізацыі праекта мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі.

Дакумент па ацэнцы інвестыцыйнага праекта, змешчаны на старонцы Банка[3], не ўтрымлівае дакладных крытэрыяў ацэнкі празрыстасці прыманых стратэгічных рашэнняў і іх выканання ў межах праекта, якія дазволілі б забяспечыць паўнавартасны грамадскі кантроль за рэалізацыяй праекта. У той жа час кантроль за тратай атрыманых ад банка сродкаў рэгулюецца асобнымі правіламі закупак, дзе празрыстасць з’яўляецца адным з ключавых прынцыпаў. Па ўсіх пытаннях адносна праекта пазычальнік падсправаздачны выключна Банку і Банк вызначае ўзровень прымальнасці прадстаўленых справаздач. Разам з тым, уся інфармацыя аб праекце, закупках, прамежкавыя справаздачы аб ходзе рэалізацыі праекта прадстаўленая на сайце Банка толькі на англійскай мове. Улічваючы нізкі ўзровень валодання англійскай мовай у Беларусі[4], можна меркаваць пра недастатковую даступнасць дадзенай інфармацыі для шырокага кола зацікаўленых асоб. У той жа час інфармацыя, прадстаўленая на сайтах Міністэрства адукацыі і падпарадкаваных яму арганізацый (Нацыянальны інстытут адукацыі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі), раскрывае толькі агульныя звесткі і носіць фрагментарны характар, што перашкаджае атрымаць цэласнае ўяўленне аб праекце, запланаваных актыўнасцях і ходзе іх рэалізацыі. Да таго ж выклікае пытанні даступнасць прадстаўленай інфармацыі. Так, напрыклад, на сайце Міністэрства адукацыі шлях да інфармацыі аб праекце выглядае наступным чынам: Галоўная \ Структура \ Галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі \ Вышэйшая адукацыя \ Інвестыцыйны праект “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Акрамя Міністэрства адукацыі і падпарадкаваных яму арганізацый непасрэдны ўдзел у рэалізацыі праекта прымаюць 18 ВНУ краіны. На сайтах усіх ВНУ былі створаныя адмысловыя раздзелы, які змяшчаюць інфармацыю аб праекце. Напаўненне дадзеных раздзелаў не мае сістэматычнага характару і прадстаўленая інфармацыя з рознай ступенню паўнаты раскрывае інфармацыю аб праекце і падрабязнасці ўдзелу кожнай з ВНУ ў ім. Сярод прадстаўленай інфармацыі можна вылучыць агульныя звесткі аб праекце, планы ўзаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі, інфармацыю аб магчымасці падачы зваротаў (скарг), а таксама запланаваныя мерапрыемствы ў межах рэалізацыі праекта (ў той ці іншай ступені прадстаўленыя 13 з 18 ВНУ). Варта адзначыць, што ў пераважнай большасці выпадкаў апісанне запланаваных мерапрыемстваў закранае толькі адзін з кампанентаў праекта, а менавіта кампанент 1. Мадэрнізацыя навучальна-адукацыйнага асяроддзя.

Пры ацэнцы звязаных з праектам рызык у Дакуменце па ацэнцы інвестыцыйнага праекта звязаная з уключэннем зацікаўленых бакоў рызыка была ацэненая як значная. На падставе Сацыяльна-экалагічнага стандарту 10 Банка (Стандарт)[5], выкананне якога з’яўляецца абавязковым, пазычальнікам быў распрацаваны Агульны план узаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі[6]. Аднак, як вынікае з прамежкавай справаздачы ад ходзе імплементацыі і выніках праекта ад 20.08.2021 г.[7], размешчанай на сайце Банка, на момант яе падачы план яшчэ не быў канчаткова ўзгоднены. Гэта значыць, што насуперак Стандарту, які бачыць найбольшую эфектыўнасць ад ўключэння зацікаўленых бакоў, калі гэта адбываецца пачынаючы з ранніх этапаў распрацоўкі праекта, план быў зацверджаны толькі праз год пасля пачатку рэалізацыі праекта. Адказныя за каардынацыю праекта установы і арганізацыі паводле наяўнай інфармацыі кіруюцца агульным планам узаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі. На сайтах 6 ВНУ (БДТУ, БДПУ, ВДТУ, ГрДУ, БДАВМ, БДАА), якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта, прадстаўлены толькі агульны план, у той час як у іншых 12 (БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДУІР, БрДТУ, ПалесДУ, ВДУ, ПДУ, ГДТУ, БДМУ, ГрДАУ, БДУТ) прадстаўленыя таксама асобныя планы ўзаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі для кожнай установы.

Аналізуючы спіс ідэнтыфікаваных зацікаўленых бакоў можна адзначыць даволі шырокі ахоп розных груп. У той жа час сярод пералічаных у плане зацікаўленых бакоў адсутнічаюць асобнавылучаныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Разам з тым, занадта абагульненае вызначэнне пэўных груп (напр. абітурыенты, аспіранты, магістранты, педагогі, працадаўцы, студэнты і інш.) з’яўляецца перашкодай для стварэння эфектыўных каналаў камунікацыі і далучэння зацікаўленых бакоў да праектнай працы. Выклікае пытанні вызначэнне неабароненых або ўразлівых асоб (груп). Зыходзячы з аналізу праектнай дакументацыі можна меркаваць, што гэтую катэгорыю выканаўцы праекта фактычна атаясамліваюць з асобамі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, ігнаруючы іншыя ўразлівыя групы, што не спрыяе больш шырокай сацыяльнай інклюзіі і вырашэнню пытанняў гендарнай няроўнасці. Для ўзаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі прапанаваны даволі шырокі спектр відаў каналаў камунікацыі. Разам з тым толькі некаторыя з іх прадугледжваюць магчымасць двухбаковага ўзаемадзеяння, а не выключана інфармавання зацікаўленых бакоў. Варта таксама адзначыць фармалізм пры вызначэнні тэматыкі пытанняў для абмеркавання з зацікаўленымі бакамі, а таксама абмежаванасць у пераважнай большасці ВНУ запланаванага ўзаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі толькі адным з кампанентаў праекта, а менавіта кампанентам 1. Мадэрнізацыя навучальна-адукацыйнага асяроддзя.

Звяртае на сябе  ўвагу неўключэнне зацікаўленых бакоў у працэс прыняцця рашэнняў. Паводле наяўнай інфармацыі ў 3 з 18 ВНУ (БДЭУ, БДПУ, ГДТУ) былі створаныя працоўныя групы па рэалізацыі праекта. Верагодна, падобныя працоўныя групы існуюць і ў іншых ВНУ. Аднак ёсць пытанні да складу працоўных груп па рэалізацыі праекта ў ВНУ. Аналізуючы склад працоўных груп, можна зрабіць выснову, што іх члены прадстаўленыя вышэйшым кіраўніцтвам ВНУ (прарэктары, дэканы, загадчыкі кафедр, начальнікі аддзелаў і пад.). Ні выкладчыкі, ні студэнты, ні прадстаўнікі ўразлівых груп не ўключаныя ў непасрэднае кіраўніцтва праектам на месцах. Больш за тое, паводле справаздачы Задзіночання беларускіх студэнтаў адносна 8 з 18 ВНУ (БДУ, БДЭУ, БДПУ, БДУІР, БрДТУ, ПДУ, ГрДУ, БДМУ) маюцца пацверджаныя факты палітычнага ціску і пераследу студэнтаў з боку кіраўніцтва ВНУ (спампаваць справаздачу), што безумоўна не спрыяе наладжванню супрацы з дадзенымі зацікаўленымі бакамі, якія з’яўляюцца галоўнымі бэнэфіцыярамі праекта. А паводле інфармцыі ініцыятывы "Честный университет" у 13 з 18 ВНУ (БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДПУ, БДУІР, БрДТУ, ПДУ, ГрДУ, БДМУ, ГДУ, ВДТУ, БелДУТ, БДТУ) маюцца пацверджаныя факты палітычнага ціску і пераследу выкладчыкаў з боку кіраўніцтва ВНУ (спампаваць справаздачу).

Сур’ёзныя пытанні выклікае раскрыццё інфармацыі і справаздачнасць перад зацікаўленымі бакамі. Можна сцвярджаць, што інфармацыя аб мерапрыемствах у межах рэалізацыі планаў узаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі фактычна не раскрываецца, цалкам адсутнічае прадугледжаная планам справаздачнасць перад зацікаўленымі бакамі. За выключэннем адмысловых раздзелаў з агульнай інфармацыяй на сайтах устаноў і арганізацый, якія ўдзельнічаюць у праекце, і некалькіх асобных паведамленняў аб правядзенні фокус-груп у шэрагу ВНУ (гл. ніжэй), у агульнадаступных крыніцах няма іншай інфармацыі аб ходзе рэалізацыі праекта. Таксама сам механізм публікацыі інфармацыі аб праекце ў раздзеле “навіны” з яе наступным архіваваннем ускладняе даступнасць гэтай інфармацыі ў далейшым.

Акрамя мерапрыемстваў у межах рэалізацыі планаў узаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі ў якасці механізмаў грамадскага ўдзелу, уключаных у праект (параграф 88 дакумента па ацэнцы інвестыцыйнага праекта), называюцца наступныя тры:

  • Сумеснае планаванне праз арганізацыю фокус-груп з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў (абодвух палоў), а таксама студэнтаў і выкладчыкаў з дадатковымі патрэбамі;
  • Штогадовыя анлайн апытанні студэнтаў праз праграму Універсітэт 3.0;
  • Механізм разгляду зваротаў (скарг).

У справаздачах ад ходзе імплементацыі і выніках праекта ад 25.02.2021 г.[8] і ад 20.08.2021 г. указваецца на тое, што “шырокі удзел грамадства, добра арганізаваны механізм падачы скарг і правядзенне інфармацыйных мерапрыемстваў у межах імплементацыі праекта з’яўляюцца ключавымі фактарамі яго паспяховай імплементацыі”.

Сумеснае планаванне праз частую арганізацыю фокус-груп, як адзін з заяўленых механізмаў грамадскага ўдзелу, паводле аўтараў праекта павінна даць студэнтам і выкладчыкам магчымасць уплываць на рэалізацыю мерапрыемстваў, скіраваных на мадэрнізацыю асяроддзя (адпавядае падкампаненту 1.2. Мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальна-адукацыйнага асяроддзя) і інтэрнацыяналізацыю і прасоўванне мабільнасці (адпавядае падкампаненту 2.2 Інтэрнацыяналізацыя вышэйшай адукацыі). Улічваючы той факт, што студэнты і выкладчыкі з’яўляюцца галоўнымі бэнэфіцыярамі праекта, выклікае пытанні абмежаванне іх удзелу у планаванні толькі двума падкампанентамі праекта, а таксама неўключэнне ў склад працоўных груп па рэалізацыі праекта ў асобных ВНУ (гл. вышэй).

Справаздачы ад ходзе імплементацыі і выніках праекта ад 25.02.2021 г. і 20.08.2021 г. утрымліваюць інфармацыю аб правядзенні Міністэрствам адукацыі фокус-груп з удзелам выкладчыкаў і студэнтаў для абмеркавання праектных актыўнасцей. Тым не менш, у агульнадаступных крыніцах адсутнічае інфармацыя аб правядзенні падобных мерапрыемстваў, складзе іх удзельнікаў, абмеркаваных пытаннях і выніках. Разам з тым, на сайтах некаторых ВНУ, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта, маецца інфармацыя аб правядзенні фокус-груп у змяшаным фармаце ў больш позні перыяд. У БДПУ 23.09.2021 г., БДТУ 29.09.2021 г., БНТУ 10.12.2021 г., БДЭУ 16.12.2021 г., БДУ 19.01.2022 г., БДУІР 26.01.2022 г. Таксама маецца інфармацыя аб праведзенай у ГрДУ 22.10.2021 г. працоўнай нарады па пытаннях рэалізацыі праекта. Аналізуючы даступную інфармацыю аб правядзенні згаданых вышэй “фокус-груп” варта адзначыць, што фармат іх арганізацыі не адпавядае разуменню фокус-групы як метаду даследавання, таму само выкарыстанне дадзенага тэрміна ўдзельнікамі праекта выглядае спрэчным і можа ўводзіць у зман. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ва ўсіх згаданых сустрэчах ўдзельнічалі прадстаўнікі Банка, мерапрыемствы ладзіліся ў сталічных ВНУ (за выключэннем ГрДУ), а таксама тэрміны правядзення (усе ў канцы 2021 - пачатку 2022 гг.). Улічваючы адсутнасць інфармацыі аб правядзенні іншых фокус-груп немагчыма вызначыць ці адпавядае частотнасць іх правядзення заяўленай.

У якасці яшчэ аднаго механізма грамадскага ўдзелу аўтарамі праекта называецца правядзенне штогадовых анлайн апытанняў студэнтаў праз праграму Універсітэт 3.0. У якасці асноўнага фокуса дадзеных апытанняў называецца ацэнка навучальнага асяроддзя на прадмет стымулявання развіцця прадпрымальніцкіх навыкаў. У межах праекта дадзеныя апытанні мяркуецца выкарыстоўваць для збору інфармацыі аб зменах у навучальным асяроддзі і дачы рэкамендацый, з чаго можна зрабіць выснову, што дадзены механізм не прадугледжвае двухбаковага ўзаемадзеяння з магчымасцю адкрытага абмеркавання пытанняў адносна праекта. Да таго ж варта адзначыць, што тэматыка развіцця навучальнага асяроддзя закранае толькі адзін з чатырох кампанентаў праекта (кампанент 1. Мадэрнізацыя навучальна-адукацыйнага асяроддзя). Інфармацыя аб выкарыстанні дадзенага механізма ў межах праекта адсутнічае ў агульнадаступных крыніцах.

Праектная дакументацыя  таксама прадугледжвае лёгкую даступнасць і заахвочванне дзеяння механізма падачы зваротаў (скарг) у межах рэалізацыі праекта, штогадовую публікацыю справаздач аб атрыманых зваротах (скаргах). У дадатак, асобна неабходнасць забеспячэння даступнасці механізма падачы зваротаў (скарг) падкрэсленая ў дадатку ІІ (частка С, пункт 3) да крэдытнага пагаднення[9], якое ўскладае на пазычальніка абавязак “прымаць, аб’ектыўна і сумленна разглядаць усе звароты (скаргі), звязаныя з праектам, і рабіць усе неабходныя захады для рэалізацыі прадугледжаных дадзеным механізмам мэт, у спосаб, які задавальняў бы Банк”.

Механізм разгляду зваротаў (скарг) у межах праекта рэалізуецца на аснове Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. №300-3 “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”[10]. На сайтах адказных за рэалізацыю праекта арганізацый і часткі ВНУ, якія ўдзельнічаюць у праекце, размешчаныя кантактныя дадзеныя асоб, да якіх можна звяртацца з пытаннямі адносна рэалізацыі праекта, тлумачэнні адносна працэдуры падачы і разгляду зваротаў адказнымі асобамі. У той жа час на сайтах 6 з 18 ВНУ (БДЭУ, БДПУ, БДУІР, ГДТУ, БДМУ, БДАА) падобная інфармацыя адсутнічае. Паводле наяўнай інфармацыі ў дзвюх ВНУ (БДУ, БНТУ) у адпаведнасці з рэкамендацыямі Банка з мэтай узмацнення механізма задавальнення скарг былі заведзеныя журналы ўліку зваротаў (скарг) у межах праекта[11]. У ходзе аналізу агульнадаступнай інфармацыі акрамя інфармавання аб магчымасці падачы зваротаў часткай задзейнічаных у рэалізацыі праекта ўстаноў не было выяўлена ніякіх іншых захадаў, якія б заахвочвалі грамадскі ўдзел і выказванне звязаных з праектам меркаванняў шырокім колам зацікаўленых асоб. У той жа час, фармалізм, з якім дзяржаўныя органы і ўстановы падыходзяць да разгляду зваротаў, што пацвярджаецца ліставаннем паміж Еўрапейскім студэнцкім саюзам і Міністэрствам адукацыі, ставіць пад сумнеў адэкватнасць прапанаванага выканаўцамі праекта механізма зваротнай сувязі і магчымасць яго эфектыўнага выкарыстання. Штогадовая справаздача па выніках разгляду зваротаў, прадугледжаная праектнай дакументацыяй, адсутнічае ў агульнадаступных крыніцах.

Такім чынам, прааналізаваўшы даступную інфармацыю па праекце “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь” на прадмет рэалізацыі прынцыпу празрыстасці і забеспячэння грамадскага ўдзелу можна зрабіць шэраг наступных высноў. Па-першае, нягледзячы на пэўную ўвагу, якая надаецца забеспячэнню празрыстасці пры рэалізацыі фінансаваных Банкам праектаў, адсутнасць дакладных крытэрыяў яе ацэнкі ў частцы планавання, прыняцця рашэнняў і справаздачнасці дазваляе пазычальніку ставіцца да выканання гэтага патрабавання фармальна. Атрымаць цэласнае ўяўленне аб праекце складана, няма сістэмнасці ў прадстаўленні інфармацыі, інфармацыя пададзеная фрагментарна, у некаторых выпадках доступ да інфармацыі ўскладнены. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе абмежаванасць даступнай інфармацыі па кампанентах 2. Інавацыі ў галіне выкладання і навучання, 3. Забеспячэнне якасці, 4. Кіраванне праектам. Нягледзячы на тое, што ў праект уключаны шэраг механізмаў грамадскага ўдзелу, выклікае пытанні іх адэкватнасць пастаўленай задачы і асабліва іх рэалізацыя. Нясвоечасовая распрацоўка планаў па ўзаемадзеянні з зацікаўленымі бакамі дае падставы меркаваць аб нізкай ступені ўцягнутасці зацікаўленых бакоў на этапе планавання праекта. Пры вызначэнні зацікаўленых бакоў не хапае канкрэтыкі, уразлівыя групы трактуюцца выключна ў якасці асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Шмат якія з прадугледжаных механізмаў грамадскага ўдзелу маюць фармальны характар, ставяць за мэту інфармаванне зацікаўленых бакоў, выключаючы магчымасць для двухбаковага ўзаемадзеяння і іх удзелу ў прыняцці рашэнняў. Фактычна адсутн

 

[1] The World Bank. 2016. World Bank Environmental and Social Framework. World Bank, Washington, DC. https://thedocs.worldbank.org/en/doc/837721522762050108-0290022018/original/ESFFramework.pdf

[2] World Bank Group. 2018. Country Partnership Framework for the Republic of Belarus for the Period of FY18-22. World Bank, Washington, DC. https://openknowledge.worldbank.org/handle/10986/29703

[3] Belarus - Higher Education Modernization Project (English). Washington, D.C.: World Bank Group. http://documents.worldbank.org/curated/en/868901590285670943/Belarus-Higher-Education-Modernization-Project

[4] Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 г., толькі каля 5% насельніцтва Беларусі свабодна валодае англійскай мовай. Больш актуальныя дадзеныя адсутнічаюць. (Перепись населения, 2009: [статистический сборник] / Национальный статистический комитет Республики Беларусь. Т. 3: Национальный состав населения Республики Беларусь).

[5] Стандарт з’яўляецца часткай рамачнага дакумента па сацыяльных і экалагічных пытаннях, распрацаванага Банкам. 2016. World Bank Environmental and Social Framework. World Bank, Washington, DC. https://thedocs.worldbank.org/en/doc/837721522762050108-0290022018/original/ESFFramework.pdf

[6] Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. 2021. План взаимодействия с заинтересованными сторонами. https://adu.by/images/2022/01/plan-raboty-zaineresov-storonami.pdf

[7] Nikolaev, Denis. Disclosable Version of the ISR - Belarus Higher Education Modernization Project - P167992 - Sequence No: 03 (English). Washington, D.C.: World Bank Group. http://documents.worldbank.org/curated/en/ 692501629464360127/Disclosable-Version-of-the-ISR-Belarus-Higher-Education-Modernization-Project-P167992-Sequence-No-03

[8] Nikolaev, Denis. Disclosable Version of the ISR - Belarus Higher Education Modernization Project - P167992 - Sequence No: 02 (English). Washington, D.C.: World Bank Group. http://documents.worldbank.org/curated/en/ 423031614258590596/Disclosable-Version-of-the-ISR-Belarus-Higher-Education-Modernization-Project-P167992-Sequence-No-02

[9] LEGKL. Official Documents - Loan Agreement for Loan No. 9056-BY (English). Washington, D.C.: World Bank Group. http://documents.worldbank.org/curated/en/798231600177780089/Official-Documents-Loan-Agreement-for-Loan-No-9056-BY

[10] Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. №300-3 “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” https://pravo.by/document/?guid=3871&p0=h11100300

[11] Прыклад афармлення журнала ўліку зваротаў (скарг) у межах праекта ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. https://static.bntu.by/bntu/new/files/file_4507f7bb19323d2e8402e90f4064e070.docx Аналагічны па афармленні журнал быў заведзены і ў БДУ.