Mobile menu

Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

Радыё Свабода: Ці стане далучэньне Беларусі да Балёнскага працэсу пачаткам рэформаў у сыстэме беларускай адукацыі? Ці абавязаныя цяпер беларускія ўлады разьвіваць акадэмічныя свабоды і ўнівэрсытэцкую аўтаномію? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Герой тыдня» адказвае сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту прафэсар Уладзімер Дунаеў.


— 14 траўня ў Ерэване на сустрэчы міністраў адукацыі краін, якія ўваходзяць у Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, было прынята рашэньне аб далучэньні Беларусі да Балёнскага працэсу. Спадар Дунаеў, раней вы ня раз адзначалі, што Беларусь не гатовая да прыняцьця ў Балёнскі працэс. Няма акадэмічных свабодаў (унівэрсытэцкай аўтаноміі, акадэмічнай свабоды, удзелу студэнтаў у кіраваньні вышэйшай адукацыяй). Чаму афіцыйны Менск усё ж прынялі ў Балёнскі працэс?

— Беларусь не ўпершыню падавала заяўку. Калі прымалі, то заявілі, што прыйшоў час памяняць кандыдацкі статус на статус члена Балёнскага працэсу. З надзеяй, што ўнутры гэтага працэсу Беларусь будзе больш пасьпяхова спраўляцца з задачамі рэфармаваньня сыстэмы адукацыі.

— То бок можна сказаць, што Беларусь прынялі авансам?

— Так, ніхто не хаваў, што Беларусь прынялі літаральна «ўмоўна». Спадзеючыся, што Беларусь будзе выконваць тыя патрабаваньні, якія выстаўляюцца ўдзельнікам працэсу. Беларусь відавочна не адпавядае акадэмічным каштоўнасьцям вышэйшай адукацыі, што зьяўляецца асноўным у Балёнскім працэсе.

— Ці ёсьць жаданьне ў беларускай улады ісьці тут на неабходныя перамены?

— Ведаеце, ёсьць розныя падыходы, ёсьць сілы, якія не жадаюць рэформаў. Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніякіх рэформаў у адукацыі ня будзе — бо менавіта такім ёсьць пажаданьне і патрабаваньне народу. І, як мне здаецца, ён тут ня хлусіць, бо на самой справе значная частка беларусаў не жадае пераменаў у сыстэме адукацыі.

— Але ўступленьне ў Балёнскі працэс хіба не абавязвае беларускія ўлады да пэўных дзеяньняў?

— Гэта так. Я думаю, у органах улады дастаткова людзей, якія разумеюць, што гэтыя рэформы неабходныя. Неабходныя, бо наша сыстэма адукацыі няякасная. Тое, што прапануецца ў выглядзе дарожнай мапы для Беларусі, — гэта шанец для нас мадэрнізаваць нашу сыстэму адукацыі, якая б адпавядала запатрабаваньням грамадзтва і рынку працы.

— Беларусь прынялі ў Балёнскі працэс авансам, гэтак Беларусь можа і ў Эўразьвяз уступіць, — іранізуюць карыстальнікі сацыяльных сетак. Але міністар адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў, натуральна, настроены больш сур’ёзна. «Уключэнне нас у Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі адлюстроўвае прызнаньне сусьветнай грамадзкасцю беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі і пацьвярджае факт таго, што нацыянальная мадэль канкурэнтаздольная і зможа інтэгравацца ў сусьветную адукацыйную прастору», — заявіў міністар. Як вы ставіцеся да гэтых словаў?

— Мне здаецца, што міністар хітруе. Нават у Ерэване пытаньне аб уступленьні ў Балёнскі працэс Беларусі выклікала палкую дыскусію. Прадстаўнікі шэрагу краінаў казалі, што Беларусь не гатовая да ўступленьня, перш за ўсё з-за парушэньня акадэмічных свабодаў. Былі нават прапановы запатрабаваць ад Беларусі нейкіх пісьмовых абавязаньняў па выкананьні «дарожнай мапы».

— Але ў выніку прынялі без усялякіх пісьмовых абавязаньняў — пад «чэснае слова»?

— Увогуле любая краіна, якая ўступае ў Балёнскі працэс, дае пісьмовыя абавязаньні. Але тут патрабавалі нейкіх дадатковых абавязаньняў, якія будуць, відаць, зафіксаваныя ў выглядзе асобнага параграфу да камюніке гэтага саміту. Відавочна, што Беларусі ня вельмі давяраюць, сыстэму адукацыі ацэньваюць ня вельмі высока і прапануюць сяброўства на асаблівых умовах. У гісторыі Балёнскага працэсу яшчэ не было выпадку, каб краіну прымалі з такімі агаворкамі, з «дарожнай мапай», з патрабаваньнямі дадатковых абавязаньняў. І гэта не факультатыўныя пажаданьні, а абавязковыя патрабаваньні.

— Неяк вы казалі, што беларускія абітурыенты «галасуюць нагамі» — выбіраюць замежныя, а не беларускія ўнівэрсытэты. Але ж грошы сыходзяць за мяжу, і гэта вялікія страты для беларускай вышэйшай адукацыі. Можа, хоць гэты мэркантыльны матыў можа падштурхнуць беларускія ўлады да рэформаў у сыстэме адукацыі?

— Тут мая ацэнка хутчэй пэсымістычная. У адказ на адток беларускіх студэнтаў Міністэрства адукацыі плянуе ўсё большы прыём студэнтаў з Туркмэністану, іншых азіяцкіх краінаў. У размовах і заявах чыноўнікаў адукацыі дамінуе найперш эканамічны аспэкт — яны кажуць пра тое, як захаваць выкладчыцкія кадры, як закрыць дзіры ў бюджэце. Але не пра тое, як забясьпечыць якасьць адукацыі — тую якасьць, якая вызначаецца не Міністэрствам, а рынкам працы.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода