Mobile menu

Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

Новы Час: Не так даўно ў Мінску прэзентавалі вынік сумеснай працы Грамадскага Балонскага камітэта і ўстановы «Мова Нанова» — корпус нарматыўных дакументаў Балонскага працэсу, перакладзеных з англійскай мовы на беларускую.


Дзіяна Серадзюк, Новы Час

Ініцыятыва — цалкам грамадская, на афіцыйным узроўні ніводзін пераклад на беларускую (ды і на рускую таксама) не быў зроблены. Відаць, беларускія чыноўнікі перакананыя, што ўсе беларусы вольна чытаюць па-англійску. Зрэшты, за час балонскіх рэформ у нашай краіне паўсталі праблемы не толькі з перакладамі. Сам працэс агулам пераўтварыўся ў суцэльную праблему: як сведчыць выніковая справаздача Кансультатыўнай групы №2 (AG2), якая маніторыць рэфармаванне вышэйшай адукацыі, абавязацельствы, падпісаныя Беларуссю, не выкананы.

Толькі траціна беларускіх ВНУ мае беларускамоўныя версіі сайтаў

Зборнік перакладзеных тэкстаў — больш як 400 старонак. І гэта далёка не ўсе дакументы, звязаныя з Балонскім працэсам, але самыя падставовыя з іх.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім паведаміла, што, паводле рашэння Саўміну, з 2019 года ўсе дзяржустановы павінны мець сайты на беларускай мове. Але пакуль толькі траціна беларускіх ВНУ мае беларускамоўныя версіі сайтаў — сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў правёў адпаведны маніторынг адмыслова напярэдадні прэзентацыі. І адзначыў тэндэнцыі: не маюць беларускамоўных сайтаў усе прыватныя ВНУ, універсітэты сістэмы МУС (апроч аднаго ў Магілёве) і Мінабароны. Лепш за ўсё з беларускай мовай у Брэсцкай вобласці — там толькі адзін універсітэт не мае сайта па-беларуску. А на Віцебшчыне сітуацыя адваротная: з усіх ВНУ сайт на беларускай мове мае толькі адна.

— Мы прапануем даслаць у кожны ўніверсітэт гэты корпус балонскіх дакументаў на беларускай мове, а таксама падрыхтаваць ліст да рэктараў універсітэтаў з тым, каб яны прынялі іх ва ўжытак, — сказаў Уладзімір Дунаеў.

Паводле яго словаў, толькі адна беларуская ВНУ дае спасылку на пераклад Дарожнай карты на сайце ГБК, пры тым, што ён не з’яўляецца афіцыйным. Як і астатнія балонскія дакументы, перакладзеныя на беларускую мову дзякуючы курсам «Мова Нанова», што сталі пляцоўкай для сэрвісу бясплатных перакладаў. 

Над беларусізацыяй дакументаў працавалі выкладчыца Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэту Аксана Семянькевіч і перакладчыца Яўгенія Кіслая.

— Я вельмі заклапочаная і станам беларускай мовы, і развіццём Балонскага працэсу, і тымі правамі і свабодамі, прадугледжанымі рэформай адукацыі, але якіх у нас пакуль няма, таму ўзялася за пераклады, — падзялілася яна з «Новым Часам». — Апошняе, што я перакладала, — выніковая справаздача Кансультатыўнай групы №2. У ёй мяне вельмі ўразіла тое, што адзін з прадстаўнікоў Беларусі на пасяджэнні групы сказаў, што мы выконваем ледзь не 80% абавязацельстваў Дарожнай карты, і з гэтым не пагадзілася амаль уся аўдыторыя.

Адукацыя — прадмет клопату нацыянальнай эліты краіны

Невыкананне Дарожнай карты — умоў, на якіх нашу краіну далучылі да Балонскага працэсу, — тэма балючая. Ад пачатку мала хто верыў, што за тры гады можна выканаць усе патрабаванні, але былі спадзяванні рэалізаваць хаця б частку з іх. Дарожная карта патрабуе пераходу да трохпрыступкавай архітэктуры адукацыі (бакалаўр — магістр — кандыдат навук), стварэння нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, якая рэгулюе суадносіны адукацыі з рынкам працы (Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая яе не мае і карыстаецца яшчэ савецкімі тарыфна-кваліфікацыйнымі даведнікамі). Апроч таго неабходна забеспячэнне якасці, прызнанне дыпломаў, бясплатная выдача дадатку да дыплома (Diploma Supplement), мабільнасць педагогаў і студэнтаў, захаванне неперарыўнай адукацыі і яе сацыяльнага вымярэння (перадусім — адмовы ад размеркавання і фінансавай падтрымкі студэнтаў прыватных ВНУ), забеспячэнне акадэмічнай свабоды і ўніверсітэцкай аўтаноміі.

Калі па некаторых з пералічаных пунктаў папросту няма прагрэсу, то адносна размеркавання выпускнікоў сітуацыя нават пагоршылася: на пачатку года віцэ-прэм’ер Васіль Жарко заявіў, што размеркаванне павінна быць стопрацэнтным. Яшчэ да нядаўняга часу былі спадзяванні на прыняцце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, якая б дазволіла рэалізаваць два пункты з гэтага пераліку: дадатак да дыплома і пераход да трохпрыступкавай сістэмы. Аднак дакумент не могуць прыняць з мінулага лета, і перспектывы на гэты конт цьмяныя.

— Балонскі працэс — адзіны паспяховы праект рэалізацыі ідэі «Вялікай Еўропы». Доўгі час стаўленне да яго было досыць трапяткім. Сёння гэты праект перажывае крызіс, і Беларусь забівае свой цвік у яго труну, падрываючы давер і дыскрэдытуючы Балонскую сістэму. Каб гэта шкодзіла толькі чыноўнікам — было б паўбяды. Але пакутуе ўсё грамадства. І гэта, безумоўна, — падрыў міжнароднага іміджу Беларусі, — лічыць Уладзімір Дунаеў.

Увогуле, імплементацыя Дарожнай карты — абавязак усёй краіны, а не толькі Мінадукацыі. Бо немагчыма чакаць ад яго вырашэння пытання нацыянальнай рамкі кваліфікацый — гэта адказнасць Міністэрства працы. Мінадукацыі не можа адмяніць артыкул Крымінальнага кодэкса 193.1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі, як і рэфармаваць заканадаўства па студэнцкай мабільнасці. Гэтую задачу павінны вырашаць розныя ведамствы ў кааперацыі, якой няма.

— Міжнародныя эксперты зрабілі выснову, што беларускі бок сам не разумее, чаго хоча, і не ўсведамляе, што такое еўрапейскія стандарты. Спробы дапамагчы Беларусі зразумець, што трэба рабіць, сустракаюць адмаўленне з беларускага боку, — разводзіць рукамі прафесар Дунаеў.

Тым не менш Кансультатыўная група №2 склала рэкамендацыі для Беларусі адносна далейшай дзейнасці па Дарожнай карце. Яны заключаюцца ў спецыяльнай працэдуры падтрымкі для Беларусі, каб да 2020 года патрабаванні ўсё ж былі выкананы. Бо, нягледзячы на амаль нулявы эфект на афіцыйным узроўні, грамадзянская супольнасць, універсітэцкія колы, і нават Савет рэктараў, зацікаўленыя ў выкананні Дарожнай карты.

А незалежны эксперт у галіне вышэйшай адукацыі, кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч мяркуе, што рашэнні наконт далейшага лёсу Беларусі ў Балонскім працэсе пачнуць прымацца без апеляцый да Дарожнай карты, а будуць грунтавацца на больш шырокіх палітычных падставах.

— Адукацыя ў агульнапалітычных беларуска-еўрапейскіх адносінах будзе разглядацца як адзін з інструментаў гэтай камунікацыі, бо Балонскі працэс пэўны час быў адзінай пляцоўкай для двухбаковых перамоў. Мне здаецца, што, хутчэй за ўсё, Еўропа здыме ўмоўнасць уступлення ў Балонскі працэс, і гэта будзе зона ўзаемных саступак. Таму адукацыя застанецца прадметам клопату ўнутранай нацыянальнай эліты краіны, — падкрэсліла Святлана Мацкевіч.