Выберите язык


Грамадскі Балонскі Камітэт запускае серыю артыкулаў з гісторыямі зволеных выкладчыкаў. Мы прыводзім артыкулы цалкам, без рэдактуры. Усе аўтары маглі ў мэтах бяспекі хаваць імёны, назвы ВНУ і кафедр.

***

Маё звальненне па палітычнай прычыне было, напэўна, самым першым - 21 верасня 2020. Але менавіта такая прычына не значылася ні ў працоўнай кніжцы, ці у іншых дакументах. 

12 верасня 2020 мяне выпусцілі з ізалятара горада Іванава і пасля гэтага я прапусціла свой працоўны дзень - 14-га, у які мяне замяніла калега, але неафіцыйна. Гэтую нагоду скарысталі ў БДУ. Адразу, як я прыехала дэкан факультэта радыёфізікі загадаў напісаць мне тлумачальную запіску пра маю адсутнасць. Менавіта турэмнае заключэнне не улічвалася, але неафіцыйная замена - ужо была нагодай для звальнення. 

Дагэтуль, за два тыдні, мяне спрабавалі выклікаць на працу падчас адпачынку, бо я ужо ўдзельнічала ў стачкаму, але я прыняла рашэнне ў свой адпачынак нікуды не ісці. І пасля маёй адмовы амаль адразу мяне забралі ў турму па артыкуле 23.34 КаАП “за распаўсюд інфармаціі пра несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”.

Дэкан прапаноўваў мне зволіцца па ўласнаму жаданню, але у мяне такога жадання ніколі не было. Я адмовілася і мяне звольнілі за прагул. Так напісана у працоўнай.

Трэба сказаць, што вялікі стрэс - турма, таксама вялікі - напружанне, калі ты вяртаешся на працу, усе жарсці вакол звальнення. І мне стала значна лягчэй, калі ўжо нарэшце ўсё завершылася, хоць я і засталася без працы.

З грашыма мне дапамагалі сябры і неабыякавыя людзі. Таксама мне адразу прапанавалі працу у БДУІРы і ў навукова даследчым інстутуце пры БДУ. Але, як можна здагадацца, апынулася, што ў месцы, звязаныя з абрэвіятурай БДУ мне шлях зачынены. А праз паў гады, калі мусіў пачацца новы семестр у БДУІРы, мяне забралі на содні, і такім чынам для мяне зачынілася магчымасць працаваць і ў іншых дзяржаўных вузах. Хаця пагадзінная аплата за маю працу там была бы 2,5 рублі.

Мне прапаноўвалі працу у АйЦі. Але я ў адрозненні ад тых, хто хоча “ўйсці у айці”, “сышла” адтуль, і разумела, што рэжым працы ў карпарацыі не для мяне.

У некаторых групах падтрымкі я бачыла магчымасці паступіць ў замежныя аспірантуры, напісала ў дзве магчымыя вакансіі, але апынулася, што так як я не маю публікацый па нейкай адной спецыфічнай тэме, а менавіта тэме, ў межах якой шукаюць аспіранта, то мяне ўзяць не могуць. І ні мае звальненне па палітычных прычынах, ні мой досвед і мае веды проста як веды там не патрабуюцца. Гэта мяне вельмі расчаравала. І я забіла на пошукі такой дапамогі і вырашыла, што буду дзейнічаць сама. 

Але я не лічу сябе невартай навучання за мяжой, хутчэй, у мяне ніколі не было мэты жорстка прасоўвацца па навуковай кар’ернай лесвіцы дзеля рэгалій. У мяне была мэта - вывучаць навуку, паляпшаць свет, і дзяліцца сваімі ведамі са студэнтамі. Паказываць прыклад, якім класным, творчым, натхняючым можа быць і выкладчык і прадмет.

Напрацягу некалькіх месяцаў пасля звальнення я шукала працу ў прыватных школах, але не знайшла. І цікава, што калі я прыняла рашэнне з’язжаць з Мінску жыць на вёску, то мне як раз пачалі прапаноўваць працу ў школах, і прыватных і дзяржаўных. Але ў мяне не было жадання і магчымасці жыць у горадзе і таму я пераключылася на пошук працы ў фармаце онлайн.

Напачатку верасня 2021 года я зрабіла абвестку, што магу быць рэпетытаркай па фізіцы для школьнікаў, і ў мяне пачалі збірацца вучні. Цяпер гэта мая невялікая занятасць.

Таксама я вырашыла, што буду працягваць актыўнасць, якую пачала пару год таму і буду папулярызіраваць навуку, фізіку, на беларускай мове. І раз на год прыкладна я раблю навукова-папулярныя адкрытыя лекцыі. Мая вобласць цікавасць - тэорыі 20га стагоддзя. Так я рабіла па тэорыі адноснасці Эйнштэйна і па квантавай механіцы. У гэтым годзе хачу зрабіць па тэорыі струнаў.

Трэба сказаць, што я ў тым ліку і творчы чалавек, і вырашыла, што буду займацца тым, пра што марыла з дзяцінства, але не магла сабе дазволіць - маляваць! Я пішу карціны алеем. А таксама зрабіла каляндар на тэму квантавай механіцы на 2022 год. 30 яго экзэмпляраў я змагла прадаць.



Зараз я напачатку свайго шляху, я гатова да супрацы, гатова да развіцця ў галіне фізіцы і буду рада сумесным праектам з навукоўцамі і творчымі людзьмі. Зараз я бы хацела запісаць відэа курс па фізіцы ў добрай якасці, і на гэта мне патрабуецца ці студыя, ці кампьютар, здольны рэндэрыць высокаякаснае відэа.

Гэты шлях непросты, бо пакуль немагчыма запланаваць, ці будзе тое, што я раблю патрэбна людзям, ці змагу я зарабіць на гэтым грошы. Але у плане псіхалагічным - гэта вельмі шчаслівы шлях, бо я нарэшце маю свае гонар і годнасць і станаўлюся такім чалавекам, якім заўжды марыла стаць.