Выберите язык


Belarusian Student Solidarity Association падрыхтавала аглядную справаздачу па механізмах дапамогі беларускім рэпрэсаваным выкладчыкам, а таксама выпрацавала рэкамендацыі для іншых устаноў, якія плануюць стварэнне такіх праграм у будучыні. 

Уводзіны

Справаздача падрыхтаваная Belarusian Student Support Association (BeSSA), асацыяцыяй ініцыятыў і арганізацый беларускай дыяспары, якія працуюць з мэтай падтрымкі акадэмічнай супольнасці Беларусі. Асацыяцыя была створана ўвосень 2020 года на хвалі рэпрэсій супраць студэнцтва, супрацоўніц і супрацоўнікаў беларускіх ВНУ і навуковых установаў, у прыватнасці, Нацыянальнай Акадэміі Навук. На сёняшні момент BeSSA аб’ядноўвае арганізацыі і акадэмічныя ініцыятывы з мінімум 10 краін, сярод якіх Беларусь, Літва, Эстонія, Польшча, Чэхія, Германія, Італія, Партугалія, ЗША. Фокус дзейнасці BeSSA – у кансалідацыі рэсурсаў для стварення праграм падтрымкі мэтавай групы, і ў пошуку ды распаўсюдзе інфармацыі пра існуючыя магчымасці працягу адукацыі і/ці акадэмічнай кар’еры па-за межамі беларускай сістэмы адукацыі.

У сітуацыі непразрыстасці інфармацыі, няспынных новых хваляў рэпрэсій і сталага ціску, а значыць, запужвання звольненых і рэпрасаваных студэнтаў, выкладчыкаў, акадэмікаў, супрацоўнікаў адміністрацыйнага апарату вышэйшай школы, справаздача не спрабуе статыстычна акрэсліць актуальны стан рэпрэсій супраць акадэмічнай супольнасці Беларусі. Паказаць поўную карціну не прадстаўляецца магчымым. Аднак, агрэгаваныя дадзеныя, сабраныя на падставе запытаў на дапамогу з пошукам магчымасцяў працягнуць акадэмічную кар’еру і працу па спецыяльнасці, дазваляюць вылучыць наступныя задачы для прадстаўленай справаздачы:

  • задакументаваць і апісаць вядомыя кейсы з улікам іх разнастайнасці;
  • прадставіць як паспяховыя, так і менш запатрабаваныя фарматы дапамогі;
  • адзначыць прагалы ў існуючых фарматах дапамогі і прапанаваць варыянты паляпшэння ўжо дзеючых праграм падтрымкі.

Пра агульную разгубленасць і непадрыхтаванасць да сітуацыі сведчаць абодва бакі: тыя, каму патрэбная дапамога і тыя, хто хоча дапамагчы. Так, пасля падрябязнага апісання мэтавай групы, у раздзелах I і II адлюстраваныя мадэлі паводзінаў абодвух бакоў, пасля чаго ў блоках з высновамі вылучаны парады і рэкамендацыі для паляпшэння якасці іх узаемадзеяння паміж сабой. Цэнтральная ідэя дадзенай справаздачы ў неабходнасці наладжвання каналу камунікацыі паміж прадстаўнікамі абодвух бакоў для паляпшэння хуткасці і якасці дапамогі. Выказваючы гэтую ідэю, мы абапіраемся на досвед узаемадзеяння з рэпрэсаванымі чальцамі беларускай акадэмічнай супольнасці, рэальныя водгукі ўдзелькікаў і ўдзельніц ужо рэалізаваных праграм падтрымкі.

Асноўная мэта дадзенага дакумента – прыцягнуўшы увагу да праблемы забароны на прафесію ў акадэмічным сектары, засведчыць неабходнасць прыняцця рашэнняў і вылучэння новых рэсурсаў на падтрымку мэтавай групы.

Падчас падрыхтоўкі гэтай справаздачы пачалася вайна ва Ўкраіне, якая, на вялікі жаль, падкрэслівае актуальнасць неадкладнага стварэння новых якасных праграм падтрымкі.

Мэтавая група

Негледзячы на агульны жахлівы стан незалежнай навукі, на дэ-факта забароненыя незалежныя сацыялагічныя даследванні[1], на ціск у бок даследчыкаў і даследчыц, афіліяваных з аналітычнымі цэнтрамі/сінк-тэнкамі (Think tanks)[2], прыведзены тэкст факусуецца на рэпрэсіях у дзяржаўных ВНУ і НАН. Гэта, па-першае, звязана з тым, што з 2020 года там адбываюцца рэпрэсіі, непараўнальныя па масштабах і непрыкрытасці з любымі з вядомых дагэтуль, у часы суверэннай Беларусі. Па-другое, метады ціску і патэнцыйныя наступствы сталі значна больш жорсткімі, у дрозненні ад тых, што дзесяцігоддзямі практыкаваліся ў трэцім сектары.      

Гнуткасць сістэмы вышэйшай аукацыі ў адрозненні ад школьнай, а таксама параўнальна бóльшая магчымая акадэмічная мабільнасць на трэцяй ступені адукацыі даюць магчымасць працаваць з адмысловымі фарматамі дапамогі, якія не заўсёды пасуюць для супрацоўнікаў і супрацоўніц ніжэйшых ступеняў адукацыі.

Падсумоўваючы, дадзеная справаздача разглядае кейсы (былых) супрацоўнікаў і супрацоўніц беларускіх дзяржаўных ўстановаў вышэйшай адукацыі, даследчых інстытутаў пры ВНУ і НАН. Тут і надалей для спрашчэння ўспрымання тэксту выкарыстоўваецца множны лік мужчынскага роду, маюцца на ўвазе прадстаўнікі любога полу.

Такім чынам, апісаная ў дакуменце мэтавая група – выкладчыкі і навукоўцы з Беларусі, для якіх рэпрэсіі фактычна становяцца забаронай на прафесію. Гэта справаздача заснаваная на 234 вядомых BeSSA кейсах.

    I.        Перспектыва: хачу дапамагчы

Рэакцыя суседніх краін на рэпрэсіі ў акадэмічнай супольнасці

Наяўнасць сусветна вядомых стыпендыяльных фондаў для падтрымкі рэпрэсаваных навукоўцаў, такіх як Scholars at Risk (1999 год заснавання), Scholar Rescue Fund (2002), Philip Schwartz-Initiative (2016) сведчыць пра тое, што пытанне, так востра стаўшае для акадэмікаў з Беларусі ў 2020 годзе, не новае ў сусветным маштабе. Нават для асобна ўзятай Беларусі – пра што сведчыць створаная яшчэ ў 2006 годзе пры падтрымцы урада Польшчы адмыслова для дапамогі беларускай моладзі праграма Кастуся Каліноўскага – пытанні свабоды слова і непалітызаванасці адукацыі і навукі паўсталі не ўпершыню.

Найхутчэй на сітуацыю з выкладчыкамі і акадэмікамі адрэагавалі суседнія краіны, найбольш праінфармаваныя пра беларускія рэаліі. Прыкладам такой дзейнасцi ў Польшчы з'яўляецца праграма NAWA "Solidarni z naukowcami", дзякуючы якой 35 выкладчыкаў у 2020 годзе і 42 у 2021 атрымалі дапамогу. А таксама праграма Кастуся Каліноўскага 2, у рамках якой прадастаўлялася магчымасць стажыроўкі на працягу аднаго года.

Тым не менш, апынулася, што не толькі беларусы былі цалкам не падрыхтаваныя да такой хвалі рэпрэсій у акадэмічнай сферы, але і краіны, што намагаюцца дапамагчы, часцей за ўсё найперш паўстаюць перад унутраным пытаннем структурных зменаў ва ўласных падыходах. Добра вядомая рэпрэсаваным студэнтам з Беларусі праграма Каліноўскага з’яўлялася ледзьве не адзіным вядомым месцам дапамогі напачатку рэпрэсій, што прывяло да перапоўненасці заяўкамі, памяншэння хуткасці рэакцыі на кожны асобны запыт і прагалаў у камунікацыі са стыпендыятамі. Такім чынам, нават для існуючых механізмаў дапамогі, немагчымасць хуткай рэакцыі на новыя абставіны пакідае ў разгубленасці тых, каму падтрымка патрэбная пільна.

Пазней, шматлікія краіны прайшлі шлях тэрміновага стварэння новых праграм на ўласным досведзе: Чэхія яшчэ ў лістападзе 2020 абвясціла пра вылучэнне адмысловай падтрымкі для рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі, і пасля напрацягу некалькіх месяцаў, ужо ў працэсе камунікацыі са студэнтамі, кожны асобны ўніверсітэт самастойна вырашаў пытанні, напрыклад, паскарэння працэсу выдачы студэнцкіх віз, тэрміновага пошуку месцаў на моўных курсах і ў інтэрнатах. Як паказала практыка, у такіх сітуацыях шмат залежыць не толькі ад ініцыятыўнасці і заангажаванасці асобных людзей на месцах, але і ад хуткасці рэагавання і своечасовага трансферу ведаў паміж усімі задзейнічанымі установамі. Напрыклад, універсітэты Чэхіі вырашылі гэтую праблему рэгулярнымі абмеркаваннямі адпаведнага пытання на Чэшскай канферэнцыі рэктароў (Czech Rectors Conference, CRC), пачынаючы са жніўня 2020: “CRC заняла актыўную пазіцыю ў планаванні дапамогі навукоўцам і студэнтам з Беларусі, якія сталі аб’ектам маштабных рэпрэсій.”[3]

Германія адрэагавала стварэннем адмысловай праграмы па мадэлі Students at  Risk ў красавіку 2021 года[4]. Спатрэбілася больш за паўгады з моманту разумення неабходнасці рэагаваць да аб’яўлення конкурсу, і яшчэ столькі ж часу да таго моманту, як у праграме змаглі ўзяць удзел першыя студэнты і навукоўцы. Для параўнання, аналагічная праграма[5] ў Нарвегіі запрашала да ўдзелу ў рэгулярным конкурсе ўжо ў снежні 2020 года, бо сама праграма існавала раней, а не распрацоўвалася з нуля. На прыкладзе Германіі, сітуацыя ў беларускім акадэмічным сектары здолела прыцягнуць увагу да структурных праблем на баку тых краін і інстытуцый, што хочуць і маюць рэсурс для дапамогі рэпрэсаваным студэнтам, навукоўцам і выкладчыкам. Як бачна ўжо па хуткасці рэакцыі Германіі на палітычную сітуацыю ў Афганістане ў жніўні 2021, змены пайшлі значна хутчэй, калі структуры, здольныя прымаць рашэнні па вылучэнні сродкаў, былі не толькі папярэдне актываваныя, але і бачылі канкрэтную праграму – інструмент, пры дапамозе якога дапамагаць. Так, у лічаныя тыдні з’явілася мінімум 2 праграмы падтрымкі для навукоўцаў і студэнтаў з Афганістана: Адмысловая квота на 30 месцаў для Афганістана пры стыпендыяльнай праграме імя Хільды Дамін[6] і Пераходная стыпендыя для Афганістана Германскай службы акадэмічных абменаў, DAAD.[7] Прыклад DAAD пераняла і Фундацыя Аляксандра фон Гумбальдта, заснаваўшы часовую праграму падтрымкі для рэпрэсаваных навукоўцаў з Афганістана[8]. Для параўнання, з моманту заснавання прграмы Хільды Дамін увесну 2021 года па стане на канец лютага 2022, стыпендыю атрымала ўсяго 15 чалавек з Беларусі, з якіх як мініум 1 – для напісання доктарскай, а астатнія – для вучобы ў бакалаўрыяце ці магістратуры. Па стане на сёмы дзень вайны ва Ўкраіне шматлікія нямецкія ўніверсітэты, напрыклад, Універсітэт імя Гумбальдтаў у Берліне[9] і Тэхнічны ўніверсітэт г. Дрэздэн[10], публічна выразіліся супраць вайны, і ўжо з канца лютага 2022 актыўна вядзецца распрацоўка адмысловых праграм падтрымкі для ўкраінскіх студэнтаў і навукоўцаў.

Бясспрэчна, прыведзеныя ў прыклад падзеі ва Ўкраіне, Афганістане і Беларусі шакуюць з рознай сілай, але мы назіраем пераключэнне ўвагі ад адной групы да другой. З пачаткам вайны ва Ўкраіне, рэпрэсіі супраць беларускіх выкладчыкаў, навукоўцаў і студэнтаў не толькі не спыніліся, – наадварот, многім, хто знайшоў прытулак ва Ўкраіне, ужо другі раз за год даводзіцца пачынаць жыццё нанова. Пры стварэнні праграм падтрымкі акадэмікам і студэнтам варта ўзяць пад увагу той факт, наколькі істотна падзяляць людзей у бядзе і страху па нацыянальнай альбо дзяржаўнай прыналежнасці. Калі сродкі вылучаюцца менавіта на магчымасць працягнуць вучобу альбо працу ў сваёй сферы, то варта сканцэнтравацца на асноўным агульным крытэры мэтавай групы – прымусовае неадкладнае спыненне ходу жыцця і асноўнай дзейнасці асобнага чалавека. Незалежна ад таго, што паслужыла нагодай.

І ўсё ж адной з асноўных праблем застаецца хуткасць рэагавання. Там, дзе дапамога часцей за ўсё патрэбная неадкладна, на справе моцна ўскладнены працэс падачы заяўкі, трэба сабраць і прадставіць доўгі шэраг дакументаў, а падача дакументаў магчымая адзін ці два разы на год.   

Экстраная дапамога

Дробныя і гнуткія праграмы падтрымкі, што найчасцей рэалізоўваюцца НДА альбо ініцыятыўнымі групамі, здольныя рэагаваць хутка. Да таго ж, яны больш дэталёва разбіраюцца ў патрэбах і спецыфіцы сваёй мэтавай групы. Тыя некамерцыйныя арганізацыі, што здолелі тэрмінова знайсці сродкі для падтрымкі рэпрэсаваных беларускіх выкладчыкаў і навукоўцаў, паказалі добрыя мадэлі дапамогі з улікам запытаў мэтавай групы. Камбінацыя хуткага набору удзельнікаў з улікам ступені крытычнасці індывідуальных сітуацый, стыпендыяльная і маральная падтрымка, паралельная адукацыйная праграма па развіцці патрэбных у прафесіі кампетэнцый і soft skills, ментарскае суправаджэнне ў пошуку працы альбо магчымасці працягнуць навуковую дзейнасць, заклалі аснову праграмы DGO-Fellowship-Programm Belarus[11].

Арганізатары сабралі фідбэк удзельнікаў, які дазваляе падрабязней разглядзець моцныя і слабыя бакі праграмы, а таксама лепш зразумець патрэбы мэтавай групы:

З 28 удзельнікаў трохмесячнай адукацыйнай праграмы па педагагічным дызайне і дзіджытал тэхналогіях у адукацыі яе паспяхова скончылі усе 28 чалавек, а 24 запоўнілі форму зваротнай сувязі. Адметна, што наведванне трохгадзінных заняткаў і выконванне практычных заданняў не з’яўлялася ўмовай для атрымання стыпендыі. Пры гэтым сярэдняя наведвальнасць усіх сустрэч склала 25 чалавек, нават з улікам таго, што падчас праграмы некаторыя ўдзельнікі адбывалі адміністрацыйны арышт.

BeSSA 1

Аналагічна, па шкале ад 1 (не важна) да 5 (вельмі важна), удзельнікі надалі вагу фактарам, якія матывавалі іх да удзелу. Ніжэй яны прадстаўленны ў парадку змяншэння значнасці для рэспандэнтаў:

  1. змест адукацыйнай часткі і новыя атрыманыя веды;
  2. магчымасць узаемадзейнічаць з іншымі удзельнікамі праграмы;
  3. індывідуальны ментарынг па распрацоўцы ўласных адукацыйных анлайн-прадуктаў;
  4. індывідуальныя кансультацыі па магчымасцях працягнуць кар’еру;
  5. стыпендыя (пры гэтым, нават для гэтага апошняга фактару сярэдняя наданая вага складае 4 пункты).

Гэта сведчыць пра высокі запыт на ўзаемную падтрымку і камунікацыю з аднадумцамі, на стварэнне прафесійнай супольнасці і развіццё ўласных кампетэнцый для іх далейшага прымянення ў прафесіі. Што праслежваецца і ў пісьмовых водгуках ўдзельнікаў:

“Знакомство с организаторами и участниками программы - настоящий подарок судьбы. Спасибо ей.”

Действительно было очень ценно: с точки зрения и знаний, и советов, и поддержки!”

Мне вельмі спадабалася атмасфера заняткаў, душэўная і сяброўская, у той жа час высокі ўзровень ведаў і прафесіяналізм выкладчыкаў. ”

“Вы - вдохновение! Это то, что нами движет, достает нас из монотонности и обыденности. Вы - мотивация! Зачастую нужны не столько знания (и они тоже!), сколько "подготовить" к старту/дальнейшему движению. Вы - человеческое отношение! Эта "сфера" сжалась донельзя в современной Беларуси. Было очень комфортно!!!”

“Огромное спасибо команде за этот курс и за человеческое тепло и поддержку! Вы - замечательные! Наши встречи благодаря вам стали для нас отдушиной, островком душевного комфорта посреди океана забот и проблем. Спасибо вам!”

BeSSA 2

100% запоўніўшых анкету ўдзельнікаў, усе 24 чалавекі, параілі бы ўдзельнічаць у аналагічнай праграме сваім знаёмым.

Недахопы гэтай і аналагічных маленькіх праграм падтрымкі, здольных рэагаваць больш кропкава і хутка, – у іх невядомасці, непрызнанасці і недастатковасці рэсурсаў. Адсюль і немагчымасць дапамагчы бóльшай колькасці пацярпелых, негледзячы на добрыя водгукі ўдзельнікаў першага набору.

Высновы

На жаль, Беларусь не з’яўляецца выключэннем, і запатрабаванасць праграм падтрымкі акадэмічнай супольнасці толькі расце. Калі не пачынаць кожны раз шукаць спосабы падтрымкі з нуля, можна забяспечыць большую хуткасць рэакцыі. Дапамога пацярпелым часцей за ўсё патрэбная тэрмінова.

Адметна, што большасць прыведзеных вышэй прыкладаў тычыцца працы са студэнтамі, бо для навукоўцаў і выкладчыкаў цэнтралізаваных праграм падтрымкі амаль не існуе. А праблема ўзгаданых раней SAR альбо PSI у тым, што такія праграмы з вялікім і да таго ж доўгім па часе конкурсам існуюць для лепшых з лепшых. Пра гэта сведчаць крытэры адбору кандыдатаў і агульная невялікая колькасць месцаў. Тыя, хто здольны прайсці такі элітарны конкурс, часцей за ўсё маюць вялікія шансы і ў праграмах, не скіраваных непасрэдна на рэпрэсаваных кандыдатаў. Добра валодаючы замежнай мовай, маючы публікацыі і навуковых кіраўнікоў, часта – папярэдні досвед даследванняў альбо вучобы за мяжой, – гэтыя кандыдаты, хаця і безумоўна з’яўляюцца рэпрэсаванымі, ды заслугоўваюць на прызнанне і падтрымку, не адлюстроўваюць стан сярэднестатыстычнага прадстаўніка мэтавай групы. Магчыма, у тым ліку і таму, што гэтага “сярэднестатыстычнага” проста не існуе. Праграмы, накіраваныя на тэрміновую дапамогу, абавязкова павінны ўлічваць індывідуальнасць кейсаў і ствараць як мага больш адпавядальныя сітуацыі крытэры ўдзелу.

Побач з неабходнасцю прадугледзець універсальныя крытэры адбору існуе неабходнасць адзінай кропкі ўваходу. Гаворка ідзе як пра збор інфармацыі для мэтавай групы, так і пра аб’яднанне высілкаў інстытуцый і фондаў, што прапаноўваюць адмысловыя праграмы падтрымкі. Гэта дапамогло б пазбегнуць падвойную працу, напрыклад, па верыфікацыі кандыдатаў, альбо для праверкі ўзроўня валодання замежнай мовай, пазбегнуць сітуацый двайнога фінансавання асобных кандыдатаў і такім чынам падтрымаць большую колькасць людзей. Акром таго, важна забяспечыць працэс прыняцця і разглядання заявак на сталай аснове. У той жа момант, хуткасць рэагавання; гнуткасць структуры; жаданне і магчымасць дапамагчы імгненна; крытэры верыфікацыі і адбору кандыдатаў, распрацаваныя з улікам валодання сітуацыяй, – гэта тыя фактары, што могуць пацярпець, калі стаіць задача выключна на цэнтралізацыю структур.

Структураванасць дазваляе своечасова абменьвацца досведам і вырашаць праблемы скаардынавана. Але патрэбная камбінацыя моцных бакоў і вялікіх і маленькіх інстытуцый, наяўнасць структураванага падыхода і флексібельных, гнуткіх структур.

Ты я ж цэнтралізаваныя структуры могуць мець адмысловыя лініі тэрміновага збору сродкаў для гуманітарнай дапамогі, у тым ліку для вылучэння на дзейнасць недзяржаўных і некамерцыйных арганізацый, больш гнуткіх па сваёй прыродзе. У тых сітуацыях, якія патрабуюць хуткасці рэакцыі, некамерцыйныя арганізацыі могуць з аднаго боку яе забяспечыць, з другога – змаглі б скарыстацца рэсурсамі існуючых вялікіх структур у першую чаргу для забеспячэння лепшага кантакту з мэтавай групай.   

  II.        Перспектыва: маю патрэбу ў дапамозе

Як дзейнічае мэтавая група, калі сутыкаецца з ціскам

Досвед прамой камунікацыі са звярнуўшыміся па дапамогу рэпрэсаванымі выкладчыкамі з Беларусі паказвае, што сітуацыі настолькі адрозніваюцца адна ад адной, што іх не проста складана класіфікаваць, але і вырашэнне кожнай патрабуе індывідуальнага падыходу, ментарскай падтрымкі і часта – паралельнай псіхалагічнай дапамогі.

З 234 зафіксаваных BeSSA кейсаў[12] па стане на пачатак сакавіка 2022 адзначым наступныя метады ціску на навукоўцаў і выкладчыкаў: 

  • 1 выкладчыца прызнаная палітзняволенай;
  • 119 звольнілі альбо не працягнулі кантракт;
  • 22 звольніліся самастойна ў знак пратэсту;
  • 42 адбывалі адміністрацыйны арышт (агульная колькась содняў - мінімум 496).

Сярод іншых механізмаў ціску самыя распаўсюджаныя:

  • фінансавыя (штрафы, дысцыплінарныя спагнанні, паніжэнне заробку, паніжэнне ў пасадзе);
  • псіхалагічныя (пагрозы звальненнем, прафілактычыя размовы і прымушэнні пісаць тлумачальныя запіскі, пісьмовыя вымовы, затрыманні без складання пратакола).

Гэта толькі тыя фактары, якія магчыма хоць неяк адсочваць. А колькі існуе невымяральных і ніяк не ўлічаных метадаў запужвання і маральнага ціску, застаецца толькі здагадвацца. Нам вядомыя кейсы, калі кіраўніцтва забараняе размаўляць на пэўныя тэмы, калі чалавек не можа нармальна функцыянаваць праз пагрозы іншым чальцам сям’і, калі на фоне срэсу сапсуецца здароўе. Нажаль, немагчыма нават уявіць сабе, колькі лёсаў была перакрэслена праз такія нязмерныя фактары ўплыву. Рэакцыя на любы з пералічаных таксама можа моцна адрознівацца ў залежнасці ад стрэсаўстойлівасці і жыццёвых абставінаў: ад прыняцця рашэння змяніць прафесію да неабходнасці тэрмінова пакінуць краіну, асцерагаючыся працягу пераследу.

З улікам індывідуальных сітуацый, можна вылучыць асноўныя фактары, што ўплываюць на прыняцце рашэння пра далейшыя крокі:

  1. (не)жаданне альбо (не)магчымасць фізічна пакінуць краіну. Прычыны таму могуць быць розныя: ад прынцыповай пазіцыі да сямейных абставінаў;
  2. узрост і папярэдні досвед працы, наяўнасць ці адсутнасць навуковых публікацый, адмысловых кампетэнцый (уключаючы ўзровень валодання замежнай мовай), накірунак навукі. Гэтыя фактары ўплываюць на канкурэнтаздольнасць кандыдатаў на стыпендыяльных праграмах і міжнародным рынку працы.

Мы разглядаем тыя кейсы, пра каго ведаем, але відавочна, што ёсць і тыя, інфармацыя пра каго на сённяшні момант нам не дасяжная. Таксама распаўсюджаным выпадкам з’яўляецца негатоўнасць звярнуцца па дапамогу, матываваная, напрыклад, недаверам ці страхам праз наведанне, да каго звяртацца; пачуццём уласнай годнасці; прынцыпам “мне патрэбна менш, чым іншым”; ці нават адсутнасцю патрэбы.

Алгарытм рэагавання мэтавай групы на рэпрэсіі

У гэтым раздзеле мы спрабуем апісаць алгарытм прыняцця рашэння пра далейшыя крокі, дзейны для большасці прадстаўнікоў мэтавай групы.

BeSSA 3

У адпаведнасці з рашэннем прынятым прадстаўніком мэтавай групы можна вылучыць дарэчныя фарматы дапамогі. У табліцы ніжэй вызначаныя прапановы дзейных фарматаў падтрымкі. Незалежна ад таго, якім са шляхоў прыведзенага вышэй алгарытма ідзе асобны чалавек, галоўнае – паказаць выкладчыкам і навукоўцам алгарытмы, па якіх яны могуць рэагаваць, і надзяліць іх адпаведнымі ведамі, кампетэнцыямі і кантактамі. Гэта дазваляе знізіць агульны высокі ўзровень разгубленасці мэтавай групы, вымушанай рэзка сутыкнуцца з новай рэальнасцю.

Сітуацыя

Дапамога

Патрэба 1: развіццё новых кампетэнцый і напрацоўка новых кантактаў, што дазволяць працаваць не зважаючы на забарону на прафесію

1.1.

Кароткатэрміновыя анлайн-праграмы павышэння кваліфікацыі ў форме аплочваемай анлайн-стажыроўкі на 3-6 месяцаў, дапасаваныя пад запыт мэтавай групы (гл. прыклад DGO-Fellowship-Programm Belarus вышэй). Атрыманыя веды дапамогуць знайсці новую працу, падтрымаць развіццё кам’юніці і ўмацаваць кампетэнцыі, што спатрэбяцца пазней для адбудоўвання адмысловых сфер навукі.  Важныя тэматычныя накірункі: развіццё сучасных кампетэнцый, звязаных з дзіджыталізацыяй і інтэрнацыяналізацыяй адукацыі; мэнэджмент вышэйшай школы; доступ да незалежных рэсурсаў накшталт сусветных навуковых баз дадзеных і бібліятэк, уключаючы набыццё навыкаў працы з дадзенымі

1.2.

Кантакты peer-to-peer. Напрыклад, Pasluga[13], дзе можна размясціць прапанову пра рэпетытарства і знайсці працу па прафесіі па-за межамі дзяржаўнага сектара; і аналагічныя аўтаматызаваныя базы дадзеных, напрыклад, дзе выкладчыкі маглі б усталяваць прамы кантакт з замежным універсітэтам, што гатовы прапанаваць заробак за анлайн-заняткі

1.3.

Глабальныя структурныя праекты кшталту анлайн-універсітэтаў, стварэнне якіх магчымае толькі ў доўгатэрміновай перспектыве, і не вырашае пытанне хуткай дапамогі 

Патрэба 2: юрыдычныя кансультацыі; легалізацыя на месцы; дапамога з інтэграцыяй на новым месцы (у тым ліку з пошукам працы) і вырашэннем бюракратычных пытанняў; вывучэнне замежнай мовы

2.1.

Інтэнсіўныя моўныя курсы. Асабліва гэтая патрэба актуальная для Польшчы, дзе запыт значна перавышае прапанову, а саму мову можна вывучыць дастаткова хутка з улікам падобнасці да беларускай. У іншых краінах часцей актуальны запыт на падрыхтоўку да моўных іспытаў, як IELTS, TOEFL, TestDaF

2.2.

Праграмы мабільнасці (аплочваемая практыка) на 9-12 месяцаў, скіраваныя на абмен досведам і ведамі, падтрымку матывацыі да прафесіянальнага развіцця. Удзельнікі могуць знайсці месца працы альбо практыкі, што найлепш адпавядае іх уласным патрэбам, і “пераканаць” арганізацыю стаць прымаючым бокам, зняўшы з іх неабходнасць плаціць за адпаведную працу стыпендыятаў, бо выдаткі пакрываюцца стыпендыяй

2.3.

Для маладых навукоўцаў, якія скончылі навучанне, але не могуць абараніцца ў Беларусі, рэлевантна стварэнне незалежных міжнародных камісій. Нам на сённяшні момант невядомыя практычныя прыклады паспяховага вырашэння гэтай праблемы.

2.4.

Праграмы працягласцю да 12 месяцаў, што дазваляюць выехаць за мяжу з мэтай напісання навуковых даследванняў, публікацый (напрыклад, праграма Каліноўскага 2). Такі фармат падтрымкі рэлевантны для прадстаўнікоў мэтавай групы, якія маглі б працягваць навуковую кар’еру, але сёння не маюць магчымасці атрымаць адмысловыя стыпендыі на падставе адсутнасці класічнай акадэмічнай кар’еры, альбо па такіх крытэрах, як ўзрост ці наяўнасць публікацый.

Патрэба 3: ментарская падтрымка, каб зарыентавацца ў варыянтах працаўладкавання альбо вызначыцца з адукацыйнай праграмай; развіццё кампетэнцый, што дазволяць паспяхова ўдзельнічаць у адпаведных конкурсах

3.1.

Індывідуальны падыход, ментарынг і маральная падтрымка. Рэалізаваная праз адзіную кропку ўваходу магчымасць адсачыць узровень рэпрэсій, адначасова патрапіўшы ў прамы кантакт з мэтавай групай, дае магчымасць наўпростдаведацца, у чым сёння запыт кожнага асобнага чалавека, і аказаць індывідуальную падтрымку з улікам асаблівасці яго канкрэтнай сітуацыі. Гэта адзіная кропка ўваходу для тых, каму патрэбная дапамога, дазваляе наладзіць мост з такой жа адзінай кропкай уваходу для тых, хто хоча і можа дапамагчы, апісанай у папярэднім раздзеле справаздачы 

3.2.

Падтрымка рэгулярных каналаў камунікацыі. Цэнтралізаванае інфармаванне па пытаннях, што рана ці позна ўзнікаюць у большасці рэспандэнтаў: як скласці рэзюмэ альбо падрыхтавацца да сумоўя; рэгулярнае інфармаванне ў адпаведнасці з актуальным запытам (рассылкі, артыкулы, анлайн-семінары з адпаведнай рэлевантнай інфармацыяй)

3.3.

Стварэнне праграм павышэння кваліфікацыі з фокусам на прадстаўнікоў мэтавай групы, хто будзе складаць новы адміністрацыйны апарат беларускіх ВНУ: ужо зараз патрэбнае павышэнне кампетэнцый у накірунку мэнэджмэнт вышэйшай школы

З пералічаных вышэй фарматаў дапамогі на практыцы з рознай паспяховасцю атрымалася рэалізаваціь менш за палову, бо астатнія патрабуюць фінансавай падтрымкі і поўнага працоўнага дня, і іх не магчыма рэалізаваць выключна пры дапамозе валанцёрскай працы.

Сярод зарэгістраваных BeSSA 234 рэпрэсаваных навукоўцаў і выкладчыкаў, напрамую па дапамогу да нас і нашых калег звярнуліся не больш за 130 чалавек. З іх сталася магчымым падтрымаць з:

  • афармленнем рэзюмэ для пошуку працы, даследчай пазіцыі – 52 чалавекі;
  • пошукам працы – 24 чалавекі. З іх у замежныя ВНУ паспяхова ўладкаваліся для выкладання ўласнай дысцыпліны мінімум на семестр 10 чалавек; яшчэ для 8 створаная магчымасць для часовых падпрацовак, такіх як рэпетытарства і пераклады;
  • ментарствам пры афармленні пакета дакументаў на стыпендыяльныя праграмы для даследчыкаў. Паспяхова стыпендыі для напісання доктарскай працы атрымалі 5 чалавек. Непаспяховыя выпадкі (больш за 20) тлумачацца недастатковасцю ні стыпендыяльных месцаў, ні кампетэнцый заяўнікоў;
  • удзелам у курсах павышэння кваліфікацыі – 28 чалавек;
  • аднаразовай фінансавай падтрымкай – 7 чалавек.

Высновы

Відавочна, ВНУ і навуковыя установы пакінула вялікая колькасць добрых спецыялістаў, што моцна ўплывае на якасць адукацыі ці даследванняў. Напрыклад, некаторыя накірункі навукі знішчаюцца цалкам, як гэта адбылася пасля масавых звальненняў у лістападзе 2020 навукоўцаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі[14], што фактычна спыніла працу адзінага ў Беларусі аддзела генеалогіі.

Сёння важна захоўваць, ствараць і развіваць прафесійныя суполкі, бо рана ці позна Беларусь сутыкнецца з патрэбай адбудоўваць згубленае, нанова налажваць сеткі міжнародных універсітэтскіх і навуковых кантактаў і аднаўляць рэальны ўдзел Беларусі ў Еўрапейскай Прасторы Вышэйшай Адукацыі. Усё гэта патрабуе стварэння махнізмаў, якія дапамогуць прадстаўнікам мэтавай групы дадзенай справаздачы не толькі перажыць сёняшнія складаныя часы, але і падвысіць узровень адпаведных кампетэнцый. Варта надаваць больш вагі праграмам анлайн-супрацоўніцтва. Яны адначасова флексібельныя, дэцэнтралізаваныя, вучаць новым кампетэнцыям і спрыяюць станаўленню экспертнай супольнасці.

Наяўнасць цэнтралізаванай кропкі ўваходу для адсочвання рэпрэсій супраць беларускай акадэміі і стэдэнцтва, рэалізаванай праз форму Честного Университета[15], значна павялічыла хуткасць рэакцыі на запыты і пошук магчымага рашэння у кожнай канкрэтнай сітуацыі. Істотнай мэтай надалей застаецца неабходнасць наладзіць яе сувязь з адпаведнай адзінай кропкай збора інфармацыі з пункта гледжання тых, хто хоча дапамагчы (раздзел I), якая на сёняшні дзень не існуе, негледзячы на шматлікія спробы арганізацый па ўсім свеце збіраць у адным месцы прапановы дапамогі.

 

[1] https://news.zerkalo.io/economics/6254.html, https://rec.gov.by/files/2020/spis_opros.pdf

[2] напрыклад, https://prisoners.spring96.org/ru/person/taccjana-kuzina, https://prisoners.spring96.org/ru/person/valeryja-kascjuhava

[3] Czech Rectors Conference Annual Report 2020, https://www.crc.muni.cz/en/documents/annual-reports/2020

[4] Анонс праграмы імя Хільды Дамін ад 14.04.2021 https://www.daad.de/de/der-daad/kommunikation-publikationen/presse/pressemitteilungen/hilde-domin-programm/

[5] Students at Risk Norway, https://www.studentsatrisk.no/about

[6] https://www.daad.de/en/the-daad/communication-publications/press/press_releases/mehr-hilfe-afghanistan/

[7] Bridge Scholarships Afghanistan, daad.de/go/de/stipa57627490

[8] https://www.humboldt-foundation.de/en/apply/sponsorship-programmes/philipp-schwartz-initiative/bridge-fellowships-afghanistan

[9] https://www.hu-berlin.de/en/press-portal/nachrichten-en/february-2022/nr-22224?fbclid=IwAR3cdxPPmTXIaLPGvCQhMgOXbrizRdSQPVCShZGV6kAv0DjiofVLczuWt5Q

[10] https://tu-dresden.de/tu-dresden/newsportal/news/stellungnahme-zum-russischen-ueberfall-auf-die-ukraine

[11] https://dgo-online.org/neuigkeiten/aktuelles/ausschreibung-dgo-fellowship-programm-belarus/

[12] Дадзеныя, на якія спасылаецца дадзены тэкст, з’яюляюцца вынікам супольнай працы па дакументаванні рэпрэсіямі высілкамі BeSSA, BAREA, Грамадскага Балонскага Камітэту, Честного университета, Задзіночання Балурскіх Студэнтаў, akno e.V.

[13] https://pasluga.com/

[14] https://euroradio.fm/sem-gistorykau-zvolnenyya-z-instytuta-gistoryi-pyacyora-syshli-z-salidarnasci

[15] https://airtable.com/shrELV8GEY0Fb0EdO