Ігар Лялькоў, Юрась Губарэвіч, Андрэй Дзьмітрыеў і Уладзімер Дунаеў –
удзельнікі грамадзкіх слуханьняў па адукацыі ў Магілёве
Паводле Дунаева, у беларускай сыстэме адукацыі мноства дэфармацыяў. Калі нядаўна, прамаўляў экспэрт, беларус пра сыстэму адукацыі казаў, што яна выдатная, то апошнія гады стаўленьне пачало мяняцца. На думку экспэрта, цяперашняя сыстэма загнала адукацыю ў тупік.
«Беларусь адна зь нямногіх краін, якая ўхіляецца ад міжнародных сыстэм маніторынгу якасьці адукацыі. А яны дужа важныя, бо дазваляюць ня толькі паставіць дыягназ, але і прызначыць лячэньне, — даводзіў удзельнікам абмеркаваньня прафэсар Дунаеў.
Нас павінны клапаціць дзьве рэчы — даступнасьць і якасьць адукацыі. Ва ўсім сьвеце стандарты якасьці навучаньня распрацоўваюцца працадаўцамі і з гэтымі стандартамі параўноўваюцца посьпехі навучальных устаноў. У нас гэтых стандартаў няма. Мы дагэтуль жывём з тарыфна-кваліфікацыйнымі даведнікамі савецкага часу. Працадаўца ў нас ня мае магчымасьці ўплываць на працэс навучаньня. Па даступнасьці ж адукацыі мы апярэдзілі амаль усю плянэту. Шостае месца займаем. 85 працэнтаў моладзі паступаюць у ВНУ. Але, калі мы такія разумныя, то чаму мы такія бедныя?», пытаўся ў аўдыторыі Ўладзімер Дунаеў.
Экспэрт казаў, што беларускае студэнцтва пазбаўленае магчымасьці удзельнічаць у самакіраваньні. Гэта даводзіў ён стала адной з прычынаў таго, што Беларусі адмовілі ва ўступленьні ў Балёнскі працэс.
«У нас у заканадаўстве нават няма паняцьця „студэнцкае самакіраваньне“. Калі адмаўлялі ва ўступленьні ў Балёнскі працэс, то проста ўказвалі, што Беларусь не забясьпечвае ўдзел студэнтаў ва ўпраўленьні адукацыяй, не забясьпечвае акадэмічнай свабоды ды аўтаноміі навучальных устаноў».
На думку Ўладзімера Дунаева спадзявацца на хуткае рэфармаваньне сыстэмы адукацыі не выпадае.
«Без рэфармаваньня сыстэмы кіраваньня ніякія рэформы не прынясуць карысьці, даводзіў ён. — Перад намі дужа цяжкі выбар. Гэта выбар, які прадугледжвае адказнасьць. А вось беларусы пакуль да адказнасьці ставяцца ня ўхвальна. Іх прывучылі, што за іх нехта прымае рашэньне і нясе адказнасьць. Нам трэба перажыць дужа сур’ёзную ломку, якая ня можа адбыцца імгненна, але бяз гэтага рэальных пераменаў у сыстэме адукацыі ня будзе».
Карэспандэнт: Якое месца будзе займаць беларуская мова ў рэфармаванай сыстэме адукацыі?
«Калі рэфармаваньнем будуць займацца людзі, зацікаўленыя, каб беларуская мова стала мовай адукацыі, то яна ёй стане. Цяпер жа сытуацыя зь беларускай мовай абсалютна ненармальная. Больш за тое, за апошнія пяць год у пяць разоў зьменшылася колькасьць студэнцкіх груп, якія навучаюцца на беларускай мове. Іх было меней за адзін адсотак, а цяпер у пяць разоў меней».
Паводле Ўладзімера Дунаева, тыя хто меліся быць зацікаўленымі ў пашырэньні беларускай мовы нічога ня робяць дзеля гэтага. «Яны ня робяць нічога, каб падтрымаць мову. Вось гэта кепска. Калі б гэта былі ворагі было б значна прасьцей. З імі трэба было б змагацца. А тут абыякавасьць, зь якім даводзіцца сутыкацца».
У абмеркаваньні пытаньняў рэфармаваньня сыстэмы адукацыі бралі ўдзел палітыкі Андрэй Дзьмітрыеў з «Гавары праўду», Юрась Губарэвіч з руху «За свабоду», палітык і навуковец Ігар Лялькоў, а таксама запрошаны экспэрт з Магілёва выкладчык унівэрсытэту імя Куляшова Міхаіл Наскоў.
Ініцыятары грамадзкіх слуханьняў кажуць, што пасьля сямі падобных мерапрыемстваў, які пройдуць у розных гарадах Беларусі, выдадуць прэс-рэліз. У ім будуць падведзеныя вынікі абмеркаваньня.
Крыніца: Радыё Свабода