8-9 жніўня прайшла Канферэнцыя Новай Беларусі, прысвечаная абмеркаванню стратэгіі грамадзянскай супольнасці ў бліжэйшы час. Грамадскі балонскі камітэт паразмаўляў з сяброўкай Рады ЗБС Дар’яй Рублеўскай пра тое, ці было сярод гэтых абмеркаванняў месца пытанням адукацыі.
Ці гучалі праблемы акадэміі ў позве дня?
Нажаль, экспертаў_к па тэме акадэміі не прысутнічала ў якасці спікераў_к на панэльных дыскусіях. На адзінай частцы Канферэнцыі, якая была прысвечана як раз тэме грамадзянскай супольнасці, а дакладней прыярытэтам працы актараў тэма адукацыі прагучала двойчы:
- Антон Раднянкоў у прамове пра актуальны стан грамадзянскай супольнасці падкрэсліў, што важна працаваць з моладдзю, якая кожны год у памеры дзясяткаў тысяч здабывае выбарчыя правы, аднак праз хібы ў сістэме адукацыі не разумее, што такое дэмакратыя і як яна працуе, не можна якасна ўплываць на змены ў грамадстве.
⁃ З залі прагучала пытанне пра мэтазгоднасць стварэння адзінай пляцоўкі для адукацыі грамадзян і сумесных дзеянняў. Фармат падобнай пляцоўкі не ўдакладняўся, аднак канкрэтна акрэсліў попыт на падобныя структуры. Заўважная перавага ў адказах спікераў_к была ў рэчышчы нефармальнай адукацыі дзеля мацавання каштоўнаснага падмурку, гучалі прыклады нізавых культурніцкіх і актывісцкіх ініцыятываў. У гэтым блоку прагучала крытыка адзінай пляцоўкі на прыкладзе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які як раз ствараўся з мэтай узмацнення патэнцыялу грамадзянскай супольнасці і падрыхтоўкі кадраў для НДА праз фармальную адукацыю.
Сыходзячы з гэтых агучаных тэзісаў можна зрабіць вынік наступны: акадэмія ўспрымаецца як пляцоўка для палітычнай замовы, то бок у падрыхтоўцы неабходных выбаршчыкаў_ц ці дасведчаных актараў, якія будуць прымаць удзел у пабудове дэмакратычных працэсаў і інстытуцый. Акадэмія не разглядаецца асобным і незалежным актарам, а толькі інструментам.
Я думаю, што Акадэмія разглядаецца цяпер як асобны актар толькі тымі арганізацыямі і ініцыятывамі, якія да перыяду ўмоўнага "водападзелу" 2020-га году гэтак жа яе разглядалі: Грамадскі Балонскі камітэт, Задзіночанне беларускіх студэнтаў, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі моладзевы савет "РАДА". Нажаль, у пазіцыянаваннях любых іншых структур я бачу [што яны разглядаюць ролю адукацыі як] падмацаванне агульнадэмакратычнага руху (Офіс па адукацыі і навуцы Кабінета Святланы Ціханоўскай), нефармальную асвету ўдзельнікаў_ц Акадэміі (Офіс па адукацыі для Новай Беларусі), падтрымку рэпрэсаваных удзельнікаў_ц Акадэміі (ЧУ і Bessa), дакументаванне і імкненне заангажаваць у агульнадэмакратычны рух (ЧУ).
Агулам прадстаўніцтва акадэміі было, на тваю думку, дастатковым і рэпрэзентатыўным?
На Канферэнцыі прысутнічала нямала людзей (у адсоткавым параўнанні) з акадэміі, напрыклад, Таццяна Шчытцова — прадстаўнічка Офіса па адукацыі і навуцы Святланы Ціханоўскай, прадстаўнік Грамадскага балонскага камітэту, аднак яны не ўдзельнічалі ў панэльных абмеркаваннях і не былі запрошаны да агучвання актуальных запытаў акадэміі як да актараў грамадзянскай супольнасці, так і да палітычных актараў. Мне падаецца, што важна ў такіх выпадках улічваць не толькі колькасны ўдзел акадэміі, але якасны ў першую чаргу.
Агулам акадэмію не абмяркоўвалі ў фармаце экспертнага рэчышча, дзе перад агучваннем рашэнняў і прапановаў быў бы зроблены якасны аналіз актуальнага стану.
Задзіночанне беларускіх студэнтаў у сваю чаргу не задаволена падобнай сітуацыяй, так як якасна на Канферэнцыі не былі прадстаўлены эксперты_кі ў сферы акадэміі і студэнцкага прадстаўніцтва ці агулам моладзевага ўдзелу. Прапарцыйнасць маладых удзельнікаў_ц Канферэнцыі таксама ўразіла ў сумным сэнсе.
Якое засталося агульнае ўражанне ад форума?
Нам у студэнцкім прадстаўніцтве ізноў даволі сумна назіраць, што праблемы/запыты моладзі, у т.л. студэнцкай, не ўваходзяць у позву дня падобных мерапрыемстваў, дзе па факце прымаюцца найбольш важныя рашэнні, а таксама задаецца дыскурс грамадскага абмеркавання. Стратэгічнае ігнараванне такой вялікай групы, як моладзь, — гэта літаральна стрэл у нагу. Мяркую, мы станем больш актыўна кааперавацца з іншымі актарамі моладзевага сектару, магчыма здолеем выпрацаваць праз дэмакратычныя працэдуры механізм высоўвання прадстаўніка_цы па моладзевых пытаннях у Аб’яднаны пераходны кабінет, а таксама ў Каардынацыйную Раду.
У лістападзе 2020 года, калі прадстаўніцу Офіса Святланы Ціханоўскай па справах моладзі Алану Гебремарыям забралі ў турму, новага прадстаўніка ад моладзі не выбралі, а зараз атрымліваецца чалавек з падобнай роляй будзе - атрымліваецца, тады ў лістападзе 20га зрабілі памылку, што не абралі чалавека на гэтую ролю?
Я лічу так, гэта была вялізная памылка Офіса. Разумею, што сам факт знаходжання ў турме прадстаўніцы па моладзі гэта даволі сімвалічна, але тут не ўлічылі ані магчымай далейшай працы з моладдзю, ані магчымай небяспекі для Аланы.
З улікам даволі крытычных заўвагаў да канферэнцыі, ці збіраецца ЗБС надалей прымаць удзел у ініцыятывах Офіса Святланы Ціханоўскай?
ЗБС лічыць важным супрацоўнічаць з Офісам па пытаннях падтрымкі праблемаў студэнцтва ў позве дня. Нажаль, нашу практыку ўзаемадзеяння нельга назваць эфектыўнай, прадуктыўнай - нас дагэтуль як незалежных актараў, важных для не толькі вырашэння лакальных пытанняў, але для будавання агульных стратэгій не ўспрымаюць. Разам х гэтым Офіс цяпер адзіны актар, які валодае дастатковай палітычнай сілай, каб спрыяць вырашэнню праблем беларускага студэнцтва.