Mobile menu (ru)

Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

Грамадскі Балонскі Камітэт запускае новую серыю артыкулаў з гісторыямі зволеных выкладчыкаў. Мы прыводзім артыкулы цалкам, без рэдактуры. Усе аўтары маглі ў мэтах бяспекі хаваць імёны, назвы ВНУ і кафедр.

Гераіня гэтага артыкулу ўжо пісала для нас сваю гісторыю ў 2022 годзе, яе можна пачытаць па спасылцы тут. А зараз можна даведацца, як склалася жыццё Святланы праз два гады.


Першая частка маёй гісторыі завяршылася ў 2022 годзе. Я разам з мужам, Міхасем Волчакам, пераехала жыць на Палессе, і мы ўжо паспелі правесці ваду ў хатку. Гэта была сапраўдная навіна, бо цэлы год мы жылі толькі з калодзежнай вадой. А вось з праточнай мы не пражылі і некалькі месяцаў, як нас ізноў 19 кастрычніка 2022 года забралі ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) горада Іванава па артыкуле 24.3 Адміністратыўнага кодэксу РБ. Гэта артыкул пра непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Мне далі 13 содняў, Міхасю - 15.

Мы жылі на Палессі і самім фактам свайго жыцця стваралі сітуацыю, калі людзі, якія не згодныя з хунтай пры ўладзе, усе яшчэ спакойна жывуць на сваёй зямлі. Мы не хаваліся, бо на весцы нерэальна хавацца, нас усе ведалі. Міхась трымаў пчолаў, мы саджалі дрэвы. Мы працавалі як выкладчыкі онлайн. Проста знаходзіліся ў “чорным лісце”, і, калі да нас дайшла чарга, забралі нас, забралі нашы ноўты, смартфоны, бо мы не сказалі паролі, як і не казалі іх у папярэднія разы затрыманняў. Таксама забралі грошы у замежнай валюце, а гэта было 2 з нечым тысячы еўра.

 

Падчас затрымання, як і раней, мы не ведалі, што нам дадуць - адміністратыўку ці крыміналку, бо пачалася вайна. Да нас прыйшоў мінскі амап, поўнасцю ўзброены, і мясцовая міліцыя. (Нагадаю, што наша веска ў 30 км ад украінскай мяжы.) Нам прад’яўлялі, што мы захоўваем зброю. Гэта зноў была рулетка: на колькі цябе пасадзяць, наколькі ты патрэбны гэтай уладзе быць пасаджаным, ці не.

 

І калі першы раз я разумела, што мяне саджаюць за удзел у стачцы ў БДУ, бо я як выкладчыца фізікі абвясціла сябе каардынатаркай стачкаму. Другі раз я не разумела, але гэта быў працяг, бо прыяжджала "прэзідэнцкая" дэлегацыя ў БДУ, хаця я ўжо там не працавала. То трэці раз было незразумела, якую прычыну хочуць прыдумаць. Пры размове, калі тое можна назваць размовай, з АМАПам стала зразумела, што да “такіх як мы прыходзяць кожны год”. Амапавец мне сказаў гэта. І тады стала мне зразумела, што рэгулярныя пасадкі -  метад гвалту.

 

І мы прынялі рашэння з Міхасем, што мы вінны ўехаць. Бо кожны год купляць тэхніку, аднаўляць здароўе пасля турмы, і баяцца, што сядзеш на годы, не было жадання і мажлівасці. Нашы дзеянні не былі марныя, але на той момант сталя ясна, што ад нас не адвяжуцца. Мы абіраем свабоду, мы абіраем адукацыю, творчаць, жыцце. Мы не абіраем стаць ахвярай. І я лічу, так, што гэта быў выбар паміж Беларуссю і свабодай. І я выбрала свабоду.

 

Пасля паўстала пытанне таго, што ў нас кот і пёс і мы хочам іх узяць з сабой, але неабходна, каб яны мелі прышчэпкі, і пасля прышчэпкі, каб прайшоў тэрмін 21 дня. Мы напачатку думалі ехаць і проста на мяжы з ЕЗ патлумачыць, што ну, нам вельмі трэба. Але з расповедаў сяброў зразумелі, што наўрадці нас пусцяць. І тады Міхась паехаў троху раней, каб знайсці нам жытло, а я з катом і псом паехала пазней разам з перавозчыкам.

Вельмі добра было тое, што ў нас былі візы. Я мела гуманітарную візу, і вельмі ўдзячная Беларускаму дому і ўсім людзям, якія зрабілі магчымым зрабіць такі тып візы.

 

Напрыцягу двух тыдняў пакуль я была адна і прыбірала дом, раздавала свае рэчы мясцовым і г.д., да мяне зноў прыходзіла міліцыя і выклікала (забірала) як сведку па нейкай новай справе. Агулам за тыя месяцы, што мы жылі ў вёсцы, нас некалькі раз прыцягвалі як сведкаў па справах, што ў тэлеграме нехта разспаўсюдзіў інфармацыю пра персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў міліцыі Іванаўскага раёну. Мы не мелі тэлеграм. І я разумеючы, што па IP-шніку можна адсочваць паведамленні ў інтэрнэце, і дакладна гэта не мы, разумела, што гэта яшчэ і яшчэ нагоды нас затрымаць. Шчыра кажучы, я меркавала, што мяне не адпусцяць. Але ў выніку 1 снежня 2022 я выехала.

 

Сябры ў Польшчы, палякі, знаемствы з якімі мы мелі праз наш дзясяцігадовы актывізм, дапамаглі нам  вельмі моцна. Па-першае, сябры знайшлі нам дом на весцы, дзе нам трэба было аплочваць толькі камуналку, і мы мелі мажлівасць адпачыць, аднавіцца троху псіхалагічна і пачаць вывучаць мову. Гэта было надзвычайна важліва мець такую магчымасць, бо мы, як людзі якія не мелі сталай працы, не мелі і грашовай падушкі бяспекі.

 

Так мы пражылі троху болей за паўгады, і я пачала шукаць працу, дзе толькі магла. Вядома, як фізіца, мне было цікава знайсці працу па маіх тэмах, але я зразумела, што выкладчыцай мяне не возьмуць у польскія школы, бо трэба мець узровень польскай мовы С. Я вывучала і мажлівасці паступіць і вучыцца далей, але там трэба было таксама мець ці экзамен англійскай мовы, ці польскай узровень В. А таксама публікацыі ў навуковых часопісах, якіх я не маю (бо падчас працы ў БДУ я не будавала кар’еру навукоўца і не мела на гэта ніякага натхнення. Асяроддзе не спрыяла таму. І я асэнсавала, што мне цікавая фізіка, калі я вывучаю яе сама, калі знаходжу цікавыя кнігі, матэрыялы і людзей. Такім чынам, калі бар’ер - экзамен - яшчэ можна было б пераадолець, але на яго трэба грошы, якіх я пакуль не маю, і падняць веды, што я ячшэ не зрабіла. То вось з артыкуламі ў мяне цалкам ступар.

 

Я спрабавала пайсці у Макдональс, але мне не пазванілі адтуль. Спрабавала пісаць на такія працы, накшталт грамадскага харчавання, але ніякай рэацыі адтуль не было.

 

Напачатку верасня 2023 я вырашыла паспрабаваць пашукаць англамоўныя школы ў Варшаве, з разлікам, калі раптам нейкая школа не мае настаўніка фізікі напярэдадні навучальнага года, то мяне змогуць узяць. І так я знайшла вакансію у школе ў якасці памочніцы настаўнікаў фізікі. І я была надзвычайна рада, калі мне адпавялі. Гэта было адзінае месца, адкуль адказалі, і пэўна 100% трапленне. Бо хоць працэс інтэрвью заняў каля 2 месяцаў, але у выніку мяне ўзялі. Спачатку на паўстаўкі, а цяпер на 3/4 стаўкі.

 

Дадам, што пакуль я шукала працу, у нас пачала збірацца каманда людзей з розных месцаў, якія былі зацікаўленны распачаць навукова-папулярны часопіс. І так, маючы вялікі досвед у актывізме, мне лягчэй было распачаць выпуск часопіса і краўдфандынг на яго, чым абасноўвацца ў новай краіне. Так мы напрацягу 2023 года зрабілі тры нумары часопіса Памылка, ў якім удзельнічаюць беларускія навукоўцы з усяго свету. Цяпер мы дарабляем нумар 4. І такім чынам я распачала метанакіраваны сбор людзей вакол навуковых тэмаў, як збор супольнасці.

 

 

Трэба адзначыць, што псіхалагічна вельмі цяжка асэнсаваць сябе бежанцам. І як толькі мы прыехалі ў Польшчу, першыя думкі былі, што хутка ўсе скончыцца, як страшны сон, пару месяцаў, і мы вернемся. Але пасля разумееш, што такая сітуацыя можа працягнуцца шмат год. І трэба жыць. Я вельмі ўдзячна ўсім палякам, якія нам дапамагалі, але я адчула, што і рэсурс гэтых людзей быў вычарпаны. То нават, калі мы проста хацелі пагаманіць па-сяброўску, я адчувала, што людзі чакаюць, што ты ў іх будзеш нешта прасіць. І для мяне гэта знак, што лепш не турбаваць іх бліжэйшы час. То як першы, так і другі дом на весцы мы знайшлі дзякуючы сябрам палякам. Але вось ужо трэці мы знайшлі самі. І гэта быў і выклік, і прарыў для нас. Бо можна сказаць, што нейкі этап першай адаптацыі быў пераадолены, і зараз мы можам самі вырашаць нейкія пытанні і патрэбы. Гэта вельмі важны момант - стаць на ногі. І я разумею, як цяжка гэта было.

 

Зараз, працуючы ў школе з брытанскім стандартам ў Варшаве, я магу бачыць светавы ўзровень ведаў. І гэта проста космас для мяне. Я бачу, што добрыя школы Беларусі даюць гэты ўзровень веды, толькі я пра гэта не ведала ў маладосці і не магла бы скарыстацца, не магла паехаць і вучыцца ў лепшых вну. Я працягваю рабіць адукацыйныя відэа, хоць яны і засталіся на прымітыўным ўзроўні, і распавядаю ў сваіх сацсетках пра фізіку, адукацыю і навуку. Я хачу, каб людзі ў Беларусі мелі дасяг да той жа інфармацыі, да якой і я, і маглі ёй скарыстацца. Я так жа працягваю працаваць як рэпетытарка онлайн. 

 

Цяжка казаць пра планы на будучыню. Але дакладна, што я буду працягваць вывучаць фізіку. Я вельмі хачу быць выкладчыцай і выкладаць па-анлійску. І вельмі хачу выйсці на камунікацыю з мясцовымі польскімі навукоўцамі, як і з адкрытымі беларусамі са ўсяго свету. Каб наша супольнасць беларусаў у навуцы пачала жыць, мяркую, што нам трэба вельмі метадычна працягваць рабіць зін і злучаць на паперы буларусаў ў Беларусі з беларусамі са ўсяго свету. Калі казаць пра доўгатэрміновыя планы (і не важна, калі яны змогуць здзейсніцца) – мы вернемся будаваць Вялікі палесскі калайдэр, месца адкрытай навукі. І для гэтага трэба закласці фундамент: супольнасць.