У рыторыцы дзяржаўных органаў і ў турыстычных даведніках часта прыводзіцца статыстыка колькасці людзей з вышэйшай адукацыяй на душу насельніцтва як пацверджанне даступнасці вышэйшай адукацыі, аднак за апошнія тры гады даступнасць платнай вышэйшай адукацыі зніжалася.
Таксама ў дакуменце Міністэрства адукацыі Беларусі ад 29.11.2017 №742 “Канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года” адным з асноўных прыярытэтаў нацыянальнай адукацыйнай сістэмы называецца “развіццё інклюзіўнага падыходу ў адукацыі, які дазволіць забяспечыць рэалізацыю права грамадзян на атрыманне якаснай адукацыі і сацыяльную інтэграцыю, што з'яўляецца важным фактарам ўстойлівага развіцця грамадства”.
Нягледзячы на прызнанне інклюзіі ў шырокім сэнсе важным фактарам развіцця сістэмы адукацыі, у дакуменце не ўказана ніводнае мерапрыемства ці тэматычны накірунак, які тычыўся б забеспячэння інклюзіўнасці вышэйшай адукацыі. Пры гэтым пытанні росту коштаў на навучанне з’яўляюцца аб’ектам грамадскага інтарэсу і СМІ штогод спрабуюць атрымаць адказ, чаму кошты ў ВНУ растуць так хутка, але ані ВНУ, ані Міністэрства адукацыі не даюць вычарпальных адказаў, акром разважанняў пра рост коштаў на камунальныя паслугі і заробкі выкладчыцкага складу.
За тры гады даступнасць платнай вышэйшай адукацыі зніжалася: кошты раслі хутчэй, чым сярэднія заробкі і інфляцыя. За тры гады не было ніводнага выпадку зніжэння коштаў на навучанне (за выключэннем выпадкаў, калі кошты заставаліся тымі жа або раслі ў BYN, але павольней за інфляцыйныя тэмпы). Пры гэтым, калі ў нейкія гады кошты не павышаліся, хутчэй за ўсё, у наступным годзе кошты раслі найбольш хуткімі тэмпамі.
Большасць спецыяльнасцяў не гамагенныя па коштах: існуе значны разброс у коштах навучання залежна ад ВНУ.
Беларусь была і застаецца адной з краін-лідарак па долі кошту адукацыі ў ВУП на душу насельніцтва, нас апераджаюць толькі Велікабрытанія (Англія), Арменія, Украіна, Грузія і Азербайджан (6 месца з 27).
Аналiтычная запіска даступная па спасылцы (PDF)