Выберыце сваю мову

Падчас візіту дэлегаты сустрэліся з прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці Беларусі, студэнцтва і ўніверсітэтаў, а таксама з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі, каб зрабіць высновы пра падрыхтаванасць беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі да ўваходу ЕПВА.


Кіраўнік Дэпартаменту па пытаннях адукацыі Рады Еўропы Шур Берган, адзначыў, што беларуская заяўка і магчымасць далучэння краіны да ЕПВА разглядаюцца вельмі сур’ёзна. Менавіта гэта і абумовіла візіт прадстаўнікоў Назіральнай групы Балонскага працэсу ў Мінск. Па яго словах, Рада Еўропы і Еўракамісія займаюцца пытаннямі развіцця Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і ў Балонскім працэсе дапамагаюць усім краінам-удзельніцам.

Андрэйс Раўхваргерс, сустаршыня Назіральнай групы Балонскага працэсу, Генсакратар Рады рэктараў Латвіі

Падчас семінару “Імплементацыя ЕПВА: выклікі і магчымасці” сустаршыня Назіральнай групы Балонскага працэсу Андрэйс Раўхваргерс паведаміў, што адна рэч “прачытаць заяўку” дыстанцыйна і  зусім іншая — спраўдзіць яе адпаведнасць падчас візіту ў Беларусь. Як Генеральны сакратар Рады рэктараў Латвіі, ён адзначыў, што ад пачатку Балонскі працэс задумваўся не толькі дзеля студэнтаў, але і для грамадзян, што да прызнання дыпломаў і адукаванасці спецыялістаў на рынках працы (Латвія, Літва і Эстонія далучыліся да Балонскага працэсу з моманту яго ўзнікнення — заўв. рэд.). На яго думку, зараз у межах Балонскага працэсу вялікая ўвага надаецца канкурэнтраздольнасці выпускнікоў, але такі акцэнт можа быць звязаны больш з эканомікай. На яго погляд, сёння няма сведчанняў зніжэння якасці адукацыі ва ўніверсітэтах, але хвалюе высокі ўзровень беспрацоўя сярод маладых спецыялістаў, напрыклад, у Іспаніі , дзе ён сягае 35%.

Петэр Грэслер, кіраўнік Дырэктарату “Універсітэты”, Федэральнае Міністэрства адукацыі і навуковых даследаванняў Германіі

На сустрэчы з акадэмічнай супольнасцю ў Мінску прадстаўнік Федэральнага Міністэрства адукацыі і навуковых даследаванняў Германіі Петэр Грэслер, паведаміў, што ёсьць зацікаўленасць у магчымасці для нямецкіх студэнтаў наведваць Беларусь па праграмах навучання на ангельскай мове, таксама і ў магчымасці прымаць большую колькасць нашых студэнтаў. Па яго словах, вітаецца не толькі навучанне беларусаў у Германіі, але і іх запатрабаванасць ва ўласнай краіне, суседцы Еўразвязу. У мінулым Грэйслер уваходзіў у Працоўную групу па мабільнасці і інтэрнацыяналізацыі ЕПВА для Казахстана (краіны-удзельніцы Балонскага працэсу з 2010 года, — заўв. рэд.).

Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Беларусі

Падчас семінару першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш адзначыў, што беларускія студэнты сёння актыўна карыстаюцца як нацыянальнымі інструменетамі адукацыі, так і міжнароднай акадэмічнай мабільнасцю, удзельнічая ў інтэрнацыянальных праграмах DAAD, ERASMUS+, IAESTE і інш. Асабліва спадар Богуш падкрэсліў, што акадэмічнай супольнасцю на пасяджэнні Рэспубліканскай рады рэктараў у кастрычніку мінулага года былі распрацаваныя асноўныя кірункі развіцця беларускай вышэйшай школы, улучаючы эфектыўнае выкарыстанне інструментаў ЕПВА. Прапановы па мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі і вынікі грамадскай дыскусіі па карэктыроўцы Кодэксу аб адукацыі зараз з’яўляюцца асновай праекту Закона Рэспублікі Беларусь аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі.

Віктар Гайсёнак (злева), рэктар ДУА “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы”

Падводзячы вынікі панельнай дыскусіі ў межах семінару па пытаннях імплементацыі Балонскага працэсу, рэктар ДУА “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы” Віктар Гайсёнак зазначыў, што Беларусь абвесціла пра гатоўнасць “ісці па шляху рэфармавання вышэйшай адукацыі, пры гэтым рэфармаванне павінна быць у адпаведнасці з Балонскімі прынцыпамі“. Ён таксама дадаў: “Усё, што мы будем рабіць, мы будзем пераламляць праз Балонскія прынцыпы і праз нацыянальныя інтарэсы“.

Міхаіл Жураўкоў (другі злева), міністр адукацыі Беларусі — пачас сустрэчы з кіраўніком Дэпартамента адукацыі Рады Еўропы 04.03.2015

Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў патлумачыў: “Міжнародныя эксперты адзначаюць, што Беларусь у прынцыпе падрыхтавана. У любой краіне, якая ёсць у Балонскім працэсе, няма ідэальнай адпаведнасці тым прынцыпам Балонскай канвенцыі, якія прапісаны. Кожная краіна мае свае асаблівасці, але мы, па агульным рахунку, усе патрабаванні Балонскай дэкларацыі выконваем, імкнемся да гэтага. Нашыя прадстаўнікі распавялі, як мы ідзем, як вырашаем тыя пытанні і як рэалізауем тыя пачынанні, якія былі нам выказаны. Усё ідзе ў працоўным рэжыме, як мы і меркавалі“.

Інтарэсы еўрапейскага студэнцтва падчас візіту прадстаўнікоў Назіральнай групы Балонскага працэсу ў Беларусь  прадстаўляла віцэ-старшыня Еўрапейскага студэнцкага звязу Эрын Нордал. Яна падкрэсліла, што для ESU з’яўляецца важным удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтамі і студэнцкі ўплыў на  рашэнні, што закранаюць ўніверсітэцкае жыццё. Як лічыць Нордал, Балонскі працэс грунтуецца на даверы паміж універсітэтамі, грамадствам і міністэрствамі адукацыі.

Эрын Нордал (другая справа), віцэ-старшыня Еўрапейскага студэнцкага звязу:

Стварэнне незалежных агенцый па ацэнцы якасці адукацыі ёсць адным з асноватворных складнікаў Балонскага працэсу — аналіз якасці адукацыі цалкам ажыццяўляецца звонку, незалежна ад урада ці ўніверсітэтаў. Важна падкрэсліць, што такая структура дае магчымасць для аб’ектыўнага погляду на якасць адукацыі, што істотна для пацверджання адпаведнасці ўніверсітэтаў і іх адказнасці“.

Пры гэтым сустаршыня Назіральнай групы Балонскага працэсу і прадстаўнік Міністэрства навукі і адукацыі Польшчы Барталамей Банашак адзначыў, што “адпаведнасць, ці сумяшчальнасць, — адна з рысаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі“.

Барталамей Банашак, сустаршыня Назіральнай групы Балонскага працэсу, Міністэрства навукі і адукацыі Польшчы

Мэта візіту Назіральнай групы Балонскага працэсу — фармуляванне рэкамендацый для далейшага ўдасканалення беларускай сістэмы адукацыі, у прыватнасці, сістэмы кваліфікацый і забеспячэнні якасці навучання. Па словах Шура Бергана, кіраўніка Дэпартамента па пытаннях адукацыі Рады Еўропы, у выпадку далучэння да ЕПВА Беларусь будзе менш часу для адаптацыі да існуючай сістэмы, чым раней далучаныя краіны. Ён не выключыў, што для Беларусі можа быць ужыта “дарожная мапа”.

Шур Берган, Кіраўнік Дэпартаменту па пытаннях адукацыі Рады Еўропы

Гэта дастаткова звычайная працэдура, яна будзе выкарыстана не толькі для Беларусі, бо выкарыстоўвалася для іншых краін, якія далучыліся да Балонскага працэсу ў 2003-м, 2004-м годзе“, — паведаміў Шур Берган. Ён дадаў, што пакуль нельга сказаць дакладна, якімі будуць рэкамендацыі Назіральнай групе Балонскага працэсу, пасяджэнне якой па беларускім пытанні адбудзецца ў сталіцы Латвіі, Рызе 24-25 сакавіка. Менавіта гэтая група дае свае рэкамендацыі міністрам адукацыі, якія падчас канферэнцыі ў Ерэване (Арменія) 14-15 траўня гэтага будуць галасаваць па заяўцы Беларусі на далучэнне да ЕПВА.

Семінар “Імплементацыя Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі: выклікі і магчымасці” арганізаваны Міністэрствам адукацыі Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Радай Еўропы.

Office for a Democratic Belarus