Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

bgu

Аднакурснікі Малашчука на той момант ўжо скончылі ўніверсітэт, іншыя студэнты былі на вакацыях, выкладчыкі — у адпачынках. А рэктарат пастараўся не надаваць справе розгаласу, што не дзіўна. Усё пачалося ў красавіку 1981 года. Узгадвае Віктар Ламака, тады студэнт ІІ курсу: «Аднойчы Анатоль Агапеевіч Круглоў вёў семінар па навуковым атэізме, і я ў яго нешта спытаў. Але замест адказу пачуў: «Ламака, ты дурак или притворяешься?» Мы выйшлі на перапынак. І нашы дзяўчаты пачалі абурацца: «Што гэта ён сабе дазваляе?!» Ну, і пайшло, сталі ўзгадваць, хто з выкладчыкаў мае якія хібы». Неўзабаве ўтварылася група па напісанні калектыўнага звароту, у якім былі б пералічаныя ўсе крыўды і пажаданні студэнтаў. Да складання звароту далучыліся муж другакурсніцы Іны Войцкай студэнт IV курсу Валеры Залатар ды яго сябры. Зварот пісалі ў Крыжоўцы, дзе жылі Іна і Валеры. У працэсе ўдзельнічалі яшчэ і студэнткі ІІ курсу Ірына Нікіціна і Галіна Квасіновіч. На жаль, тэкст калектыўнага звароту страчаны, таму поўны спіс патрабаванняў немагчыма аднавіць. Архіўныя дакументы (пратаколы партыйных і камсамольскіх сходаў) кажуць пра два галоўныя патрабаванні: вольнае наведванне заняткаў і стварэнне камітэта студэнцкага кантролю за навучальным працэсам. Але агульная колькасць пунктаў набліжалася да тузіна. Студэнты прасілі замяніць некаторых выкладчыкаў; развесці ў часе спецкурсы па філасофіі і сацыялогіі, каб мець магчымасць наведваць дадаткова спецкурсы не свайго профілю; скараціць колькасць гадзін на гісторыю КПСС і павялічыць на філасофскія дысцыпліны. Турбавалі студэнтаў і бытавыя праблемы: некаторыя заняткі праходзілі ў аўдыторыі пад спартзалай, і шум не даваў сканцэнтравацца; графік заняткаў у другую змену быў нязручны. Подпісы пад зваротам збіраліся пасля арганізаваных самімі студэнтамі пазачарговых камсамольскіх сходаў. Узгадвае тагачасны чацверакурснік Леанід Свярдлоў: «Я зашёл в аудиторию. Сидит народ. Говорят, собрание. И, по-моему, Витя Шихутин говорит, что вот тут студенты-второкурсники предлагают такое дело. Прочитал. Я тогда впервые увидел текст этого «Обращения...». Я подписал, передал дальше. Люди подписывали, особо не заморачиваясь, поскольку не видели в этом крамолы». Гэты сход на IV курсе прайшоў 18 красавіка 1981 года. Дата захавалася ў дзённіку Таццяны Буйко, тады камсорга курса, якая склікала сход па просьбе стваральнікаў дакумента. Аналагічны сход на ІІ курсе прайшоў раней (13 красавіка), на ІІІ курсе — пазней. Натуральна, пра збор подпісаў стала вядома і ў дэканаце, і ў партыйных органах, і ў КДБ. Але ніхто рэагаваць не спяшаўся. Набліжаўся Дзень філосафа. Карныя органы чакалі, што студэнты адколюць нешта такое, за што іх можна будзе ўзорна пакараць, а заадно і зварот узгадаць. У 1981 годзе Дзень філосафа адзначалі 23 красавіка. Дзень адзначаўся «капуснікам», а таксама сцяной студакратыі. На пятым паверсе галоўнага корпуса БДУ, дзе быў дэканат гістфака, вывешваліся вялізныя аркушы паперы, на якіх кожны студэнт тэарэтычна мог напісаць тое, што хоча. Студэнты філасофскага аддзялення на занятках У той дзень здарыўся галалёд, многія студэнты не даехалі ў час, і пастаноўка сарвалася. Найбольш рызыкоўныя жарты не прагучалі. Затое на кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі гуманітарных факультэтаў зніклі журналы наведвання. Адначасова ў галоўным корпусе нехта зняў расклад заняткаў філасофскага аддзялення. І ўся група ІІ курса філасофскага аддзялення не прыйшла на заняткі. Пачалі шукаць вінаватага — і знайшлі. 6 траўня 1981 года на пасяджэнні камітэта камсамола гістфака вядомага жартаўніка, студэнта ІІ курса Аляксандра Жаўняровіча выключылі з камсамола за тое, што нібыта ён зняў расклад заняткаў філасофскага аддзялення і скраў журналы ўліку наведвання. Потым яго пад пагрозай выключэння з універсітэта прымусілі напісаць дакладную на студэнта IV курса аддзялення філасофіі Леаніда Свярдлова, нібыта журналы і расклад заняткаў яны схавалі разам. За гэта выключэнне з камсамола Жаўняровічу замянілі на строгую вымову з занясеннем ва ўліковую картку. Да дакладной Жаўняровіча далучылі яшчэ пару дакладных на Свярдлова аўтарства іншых студэнтаў, і 13 траўня пастанавілі выключыць Свярдлова з камсамола. Пратакол гістфакаўскага камсамольскага паседжання ад 6 траўня ў далейшым знікне з архіва камсамола БДУ (замест яго ўзнікне іншы пратакол — ад 13 траўня, пад тым самым нумарам — 14), але яго копія застанецца неабачліва пакінутай у персанальнай справе Свярдлова ў абкаме камсамола. Узгадалі і калектыўны зварот (тэкст якога студэнты перадалі надзейнай выкладчыцы): за ўдзел у яго складанні з камсамола выключылі студэнтку ІІ курса Іну Войцкую, некалькім іншым другакурснікам далі строгія вымовы з занясеннем ва ўліковую картку. Па аддзяленні філасофіі прайшоў шэраг камсамольскіх і партыйных сходаў з шальмаваннем як самой ідэі пісаць звароты, так і канкрэтных патрабаванняў студэнтаў. З многімі студэнтамі праводзілі індывідуальныя гутаркі камсамольскія важакі, выкладчыкі, прадстаўнікі дэканата і нават «людзі з органаў». Некаторых спрабавалі запалохаць праз бацькоў.

Выключэнне з камсамола аўтаматычна цягнула за сабой выключэнне з універсітэта. Таму лагічна, што Леанід Свярдлоў і Іна Войцкая паспрабавалі яго абскардзіць.

Сітуацыя Войцкай была абцяжарана шматлікімі прагуламі заняткаў і акадэмічнай запазычанасцю, а вось Свярдлоў быў выдатнікам. Яго падтрымалі аднагрупнікі і, у выніку Леанід дамогся (на ўзроўні ЦК ЛКСМБ!) замены выключэння на «строгую вымову з занясеннем» і здолеў скончыць універсітэт. Былі выключаны з універсітэта яшчэ двое студэнтаў — другакурснік Алег Малашчук і чацверакурснік Валеры Залатар.

Малашчук быў выкліканы ў КДБ. Невядома, пра што з ім там размаўлялі, але пасля гэтай гутаркі ён сам пайшоў запісвацца ў войска. Яго ўсё адно выключылі — заднім чыслом. Валерый Залатар спрабаваў перавесціся на завочнае аддзяленне, і яго нібыта перавялі, але затым адразу выключылі.

Большасць з тых, хто падпісаў ліст, была шчырымі камсамольцамі, адкуль жа такая рэакцыя? Успамінае Уладзімір Казлоўскі, на той час студэнта І курса аддзялення гісторыі: «О тех событиях говорили очень мало. Слышал, что рассматривали дело на заседании комитета комсомола по поводу какого-то письма. Написали письмо в поддержку «Солидарности». Это письмо через какого-то польского студента пытались переслать, а оно оказалось в руках КГБ. И начались пресследования. Вот то, что я слышал...» Нагадаю, гэта быў 1981 год, у Польшчы прафсаюз «Салідарнасць» і незалежныя студэнцкія саюзы дзейнічалі напаўлегальна. КДБ вельмі нервова рэагаваў на любыя весткі пра падобныя настроі ўнутры СССР. КДБ ужо назіраў раней за Валерыем Залатаром, выклікаў у аддзел кадраў для тлумачэнняў пра «сумнеўныя сувязі». «Я всегда был антикоммунистом, антисоветчиком. Мы с Инной слушали западные «голоса», мы знали о Солженицыне, о Сахарове.  С моей стороны было предложение, существенно углублявшее содержание обращения. Говорю: «Инна, напиши, что мы создадим Комитет студенческого контроля для наблюдения за учебным процессом чтобы минимизировать вмешательство официальной идеологии в обучение», — узгадвае Валерый Залатар. Паколькі ў Польшчы ў гэты час быў папулярны лозунг: «Не падпальвайце камітэты — стварайце камітэты!», патрабаванне студэнтаў стварыць камітэт магло ўспрымацца начальствам як рэвалюцыйнае. Студэнты філасофскага аддзялення ва ўнутраным дворыку БДУ. Здымкі з прыватных архіваў колішніх студэнтаў. На жаль, фота самога Алега Малашчука аўтару адшукаць не ўдалося.  Але вернемся да Алега Малашчука. Алесь Камоцкі, аднакурснік і сябар Алега, успамінае: «Харошы хлопец быў, з ідэаламі... Начытаны такі, з жывым розумам. Ён быў дыялектычны, і мог на грунтах нейкіх розных ведаў выводзіць новыя свае. Творчы быў, і вельмі гэтым быў цікавы, і вельмі нечаканыя мог рабіць высновы з таго, што мы разам чулі ці разам бачылі. Але яму не было дзе прымяніцца. Трошкі не ў свой час, выскачыў са сваімі ідэаламі. І аб гэта ён і разбіўся». Згадвае Ірына Нікіціна: «Он совершенно не был приспособлен для армии. Такой мальчик из интеллигентской семьи, рафинированный, с чувством юмора. И, наверное, ему было очень тяжело». Таму здарылася так, што 22 сакавіка 1982 года Алег Малашчук быў асуджаны ваенным трыбуналам вайсковай часткі 55454 за «воінскае злачынства, прадугледжанае артыкулам 235а Крымінальнага кодэкса БССР». «У него была неудачная попытка дезертировать, его словили в Москве и возвратили уже в дисциплинарный батальон в Масюковщине. Когда он сидел в дисбате, мы с Инной неоднократно приезжали к нему, привозили сигареты и всё остальное», — дадае Валерый Залатар. Пасля дэмабілізацыі Алег уладкаваўся на Брэсцкі дывановы камбінат, атрымаў там станоўчую характарыстыку, і з ёй паспрабаваў летам 1984 года ўзнавіцца на філасофскім аддзяленні. Але спачатку дэкан гістфака Іраіда Царук, а потым прарэктар Пятраеў адмовілі хлопцу. Некалькі дзён ён думаў. А потым запрасіў сваіх сяброў прыйсці ў 16 гадзін 26 ліпеня на плошчу Леніна да галоўнага корпуса БДУ. Сябры не змаглі прыехаць. І гэта зберагло ім нервы і, мусіць, гады жыцця. «В день самоубийства Малащук продолжительное время находился в кабинете №604 главного корпуса БГУ, где читал подшивку литературной газеты, затем в аудитории №609 на подоконнике аккуратно сложил пуловер, часы, сигареты, спички, носовой платок, разменную монету столбиком и в соседней аудитории №611 мелом на ученической доске оставил предсмертную надпись на белорусском языке, в которой попрощался с людьми и пожелал им счастья. В кармане брюк он оставил записку с просьбой сообщить родителям о случившемся в г. Кобрин, указал адрес и телефон». Бацькі Алега патрабавалі завесці крымінальную справу па факту яго смерці. Ім адмовілі: праверка, праведзеная пракуратурай Маскоўскага раёна, паказала, што, маўляў, ніхто яго да самагубства не даводзіў. Расповеды і чуткі пра калектыўны зварот і самагубства яшчэ некалькі год блукалі па калідорах гістфака. Самазабойства Алега Малашчука згадваецца ў апублікаваных дзённікавых запісах Міхала Дубянецкага, а ўся справа з калектыўным зваротам студэнтаў-філосафаў — у нататцы, напісанай Ігарам Бабковым для даведніка «Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956–1991. Пэрсанажы і кантэкст». Магчыма, хтосьці з нашых чытачоў мае што расказаць пра гэту гісторыю. Будзем удзячныя за любыя падрабязнасці. Уладзімір Валодзін,  Новы Час