У Міністэрстве адукацыі абмяркоўваюць магчымасць увесці абавязковае размеркаванне для студэнтаў-платнікаў. Сваім поглядам на сітуацыю падзяліўся Андрэй Лаўрухін у інтэрв'ю gazeta.by, мы прыводзім цытаты.
— Сама мера сведчыць пра тое, што гэта сапраўды вельмі істотная праблема. Маштабы, у якой яна зараз знаходзіцца, патрабуюць экстраардынарных падыходаў. Прызнанне факта, пра які яны заўсёды маўчалі, і пра які заўсёды казалі незалежныя эксперты. Толькі ў 2022-м ВНУ не далічыліся не менш за пяць тысяч абітурыентаў, — нагадвае эксперт. Па-другое, гэта адток пасля таго, як ужо скончылі навучальную ўстанову. Моладзь бяжыць з краіны. Такая мера з размеркаваннем, канечне, нагадвае савецкія часы, але існуе істотная розніца: тады не тое што не плацілі за навучанне, студэнтам плацілі добрую стыпендыю. Такая мера пераўтварае сістэму вышэйшай адукацыі ў акадэмічнае рэкруцтва. Мала таго, што вы плаціце грошы, дык вы яшчэ плаціце сваім жыццём, лёсам, лепшымі гадамі свайго жыцця. Гэта надта высокі кошт. Лічу, што павялічыцца колькасць тых, хто не будзе ісці ў ВНУ, і тых, хто стане ехаць навучацца ў іншыя краіны, — лічыць эксперт.
Самы просты шлях — ехаць у Расію. Там палітыка пазітыўнай фінансавай падтрымкі ўзрастае. У адрозненні ад беларускіх уладаў, у Расіі не патрабуюць ад студэнтаў адпрацоўкі, нават ад тых, хто вучыцца на бюджэце, нагадвае Андрэй Лаўрухін. - Істотны момант, што цяпер ёсць жа абавязак адслужыць у арміі, калі не паступілі ў навучальную ўстанову. Гэта таксама стане падштурхоўваць з канцамі бегчы ў заходнім напрамку. З нядаўніх часоў адтэрміноўку тым, хто паступіў у замежныя ВНУ даецца толькі навучэнцам па праграмах беларускай дзяржавы – для ўсіх астатніх адтэрміноўка не даецца. Гэта значыць на маладых людзей мужчынскага полу могуць завесці адміністрацыйныя ці нават крымінальныя справы. Таму калі нехта едзе вучыцца ў РФ, напрыклад, на платнай аснове і не мае накіравання ад беларускай дзяржавы, ёсць рызыка, што ўлады РФ выдадуць беларускім уладам маладых людзей (калі будзе такі запрос з боку беларускіх уладаў). Дзяржава сігналізуе, што хоча заключыць такі сацыяльны дагавор: вы будзеце плаціць, каб вы працавалі ў гэтай краіне як мага больш, будзьце рабамі. Гэта новы ўзровень цынізму.
Трэба асабіста для сябе вырашыць, ці каштуе таго беларуская адукацыя. Бо калі кажуць, што цяпер навучанне ў Беларусі стане абыходзіцца ў некалькі разоў даражэй, дык, магчыма, варта за такія ж грошы альбо ўвогуле бясплатна атрымаць адукацыю ў Еўропе?