Выберыце сваю мову

Naviny.by: Праблемы навідавоку - нізкая якасць адукацыі, архаічнасць метадаў выкладання і зместу дысцыплін, заідэалагаізаванасць, адсутнасць акадэмічных свабодаў і самакіравання ва ўніверсітэтах. Але ўказваць на праблемныя кропкі мала. Што рабіць?


Колькі дзён таму я ў роднай Гародні браў удзел у грамадскіх слуханнях, цыкл якіх распачаў па беларускіх гарадах “Народны рэферэндум”, ініцыяваны ў тым ліку і Рухам “За Свабоду”. Слуханні былі прысвечаныя рэформе ў галіне адукацыі – як зрабіць яе больш якаснай і пры гэтым даступнай? Пытанне надзвычай важнае, бо гэта будучыня нашых дзяцей і ўнукаў. Таму яно і ў парадку дня “Народнага рэферэндуму”.

Слуханні актуальныя яшчэ і таму, што неўзабаве будзе прынята новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі. Грамадства мае магчымасць выказаць свае заўвагі. Зрэшты, маю і асабісты клопат-інтарэс — як учарашні выкладчык і сённяшні дзед.

Праблемы навідавоку — нізкая якасць адукацыі, што адлюстроўваецца ў выніках цэнтралізаванага тэставання, архаічнасць метадаў выкладання і зместу дысцыплін, заідэалагаізаванасць, адсутнасць акадэмічных свабодаў і самакіравання ва ўніверсітэтах. Але ўказваць на праблемныя кропкі мала. Што рабіць?

У тэксце праекта Кодэксу аб адукацыі, як заўважыў падчас слуханняў прафесар Уладзімір Дунаеў, няма нават мінімальнага працэнта выдаткаў з бюджэта на адукацыю. У цывілізаваных краінах гэта недзе 10%.

Бясконцыя эксперыменты прывялі да таго, што адукацыя даведзена да ручкі, а прафесія настаўніка стала зусім не прэстыжнай. Пра што можна казаць, калі сёння ў педагагічныя ўніверсітэты на большасць факультэтаў залічваюць усіх, хто падае дакументы. А заўтра яны будуць вучыць нашых дзяцей.

Тое самае з данаборамі “двоечнікаў” на так званыя “востразапатрабаваныя эканомікай і сацыяльнай сферай спецыяльнасці”.

Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, якая не далучылася да Балонскага працэсу, што мае мэтай стварэнне адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Існуе вельмі вялікая праблема з прызнаннем нашых дыпломаў па-за межамі краіны. Выпускнік беларускага ўніверсітэта не мае тых магчымасцяў і перспектываў, якімі валодаюць студэнты ў суседніх краінах.

Кожны год расце колькасць студэнтаў, што атрымліваюць вышэйшую адукацыю на платнай аснове, і па некалькі разоў на год павялічваецца памер аплаты за навучанне.

Беларускія сем’і часта не могуць сабе дазволіць вучыць дзяцей за грошы. Мы прапануем стварыць Фонд будучых пакаленняў, які будзе напаўняцца, сярод іншага, з прыватызацыйных грошай. Гэты фонд стане асновай сістэмы “Дзіцячага капіталу”.

У выніку навучальныя ўстановы будуць атрымліваць належныя грошы за сваю працу. А бацькі ў той самы час будуць гарантавана мець сродкі на навучанне дзяцей ад моманту іх нараджэння.

Але найперш мы павінны аднавіць прэстыж прафесіі педагога. Пазіцыя Руху “За Свабоду” што да рэформы ў сферы адукацыі выкладзена ў “Народнай праграме”. Напрыклад, што тычыцца немалаважнага матэрыяльнага боку: узровень аплаты працы настаўніка ў пачатковай і сярэдняй школе мусіць быць даведзены да памеру 120-130% ад сярэдняга заробку ў дадзенай мясцовасці.

Аляксандр Мілінкевіч, Naviny.by