Радыё Свабода: Чаго чакаць ад новага міністра адукацыі? Чаму Лукашэнка абраў для гэтай пасады менавіта Ігара Карпенку?
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў сказаў, што ў цэлым ставіцца станоўча да прызначэньня міністрам адукацыі Ігара Карпенкі і мае спадзяваньні, што нешта зьменіцца ў галіне беларускай мовы і культуры.
«Але як яно будзе — неўзабаве паглядзім. Справа ў тым, што часта бывае, што спачатку нэгатыўна ўспрымаюць, а потым добра, і наадварот. Як было з генэралам Грыбам. Паглядзім, жыцьцё пакажа.
Прынамсі, Жураўкоў сябе цалкам дыскрэдытаваў, бо нічога ён не рабіў. У міністэрстве поўная русыфікацыя. Ну, і большую зрабіць русыфікацыю нават Карпенка ня здолее, бо ўсё, што можна было русыфікаваць, ужо зроблена. То бок Карпенка можа толькі палепшыць сытуацыю альбо пакінуць як ёсьць. Бо нічога беларускага ў гэтым міністэрстве няма».
Прафэсар Уладзімер Дунаеў назваў прызначэньне Карпенкі нечаканай пераменай. Ён адзначыў, што Карпенка мае мінімальны акадэмічны вопыт, некалі быў прарэктарам па выхаваўчай працы, і гэта не дае вялікіх спадзяваньняў.
«Цяпер цяжка рабіць нейкія прагнозы. Жураўкоў зьняты са сваёй пасады ў той момант, калі фактычна рэфарматарскія намаганьні, зьвязаныя зь яго імем, знаходзяцца ў стадыі прамежкавага завяршэньня. Я маю на ўвазе новую рэдакцыю Кодэксу аб адукацыі. Яна ўлічвае і патрабаваньні „дарожнай мапы“ рэфармаваньня вышэйшай адукацыі, якая была прынятая як сумесны дакумэнт Беларусі і Эўропы ў 2015 годзе на Ерэванскім саміце.
Гэта ўмовы ўваходжаньня Беларусі ў Балёнскі працэс. Гэта сурʼёзная праграма рэформаў, даволі глыбокая і ўсебаковая, якая рэалізоўвалася ня вельмі пасьлядоўна, ня вельмі поўна, але ўсё ж такі павінна была знайсьці сваё прамежкавае адлюстраваньне ў новай рэдакцыі кодэксу.
І папярэдні міністар зрабіў важную заяву, што ён ня бачыць пэрспэктыў для беларускай вышэйшай адукацыі, апроч як у эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Гэта на фоне ўсялякіх крытычных заўвагаў з боку Лукашэнкі адносна непатрэбнасьці ці шкоднасьці Балёнскага працэсу.
У гэтым сэнсе, пры ўсёй палавіністасьці і непасьлядоўнасьці, Жураўкоў быў усё ж такі прыхільнікам рэформаў. Ягоная адстаўка — гэта знак таго, што шлях рэформаў для ўлады сёньня не актуальны. І калі цяпер прымаецца рашэньне, калі рэфарматар мяняецца на кансэрватара, гэта пакуль выглядае як вельмі трывожны знак».
Ігар Карпенка
Ігар Карпенка нарадзіўся ў Расеі, прытрымліваецца камуністычных поглядаў. Ці будзе гэта неяк уплываць на ягоную дзейнасьць у якасьці міністра?
Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, у створанай Лукашэнкам сыстэме ўсе чыноўнікі — усяго толькі вінцікі. Таму ўсё залежыць ад таго, якую адмашку дасьць кіраўнік Беларусі.
«Я думаю, што чакаць нейкага ўзмацненьня беларусізацыі зьверху не выпадае. І ў гэтым сэнсе прызначэньне менавіта Карпенкі, чалавека з артадаксальнымі поглядамі, што ён сам засьведчыў нейкімі сваімі заявамі і ўсім сваім бэкграўндам, мае пэўную сымболіку. Гэта павінна паказаць нацыянальна сьвядомай частцы беларускага грамадзтва, што тут ніякіх прарываў ня будзе і ніякіх ілюзіяў на гэты конт ня трэба мець.
Магчыма, гэта такое ўскоснае запэўніваньне Масквы ў сваёй ляяльнасьці. Бо хоць Менск і паказвае зубы, але гэтыя дзеяньні вельмі абмежаваныя, і, па вялікім рахунку, беларускае кіраўніцтва будзе старацца паказаць, што мы вось экстрэмістаў любога кшталту душым. А разам з тым курс на інтэграцыю, курс пад дэвізам „беларусы — гэта рускія са знакам якасьці“ будзе працягвацца. Можа, таму такая ляяльная фігура са старым мысьленьнем такога прасавецкага тыпу і выбрана для гэтай пасады».