Радыё Свабода: На юбілейнай канфэрэнцыі міністраў адукацыі краін Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якая пройдзе 23–25 траўня ў Парыжы, яе ўдзельнікі разгледзяць, сярод іншых, і пытаньне аб выкананьні Беларусьсю «дарожнай мапы» Балёнскага працэсу.
Старшыня грамадзкага Балёнскага камітэту Беларусі прафэсар Уладзімер Дунаеў упэўнены, што за Беларусьсю пакінуць дзейны статус удзельніка Балёнскага працэсу.
Сваю ўпэўненасьць навуковец тлумачыць тым, што менавіта такі праект рашэньня ўжо падрыхтаваны для парыскага саміту.
«На падобных мерапрыемствах не бывае вялікай дыскусіі і нечаканых рашэньняў. Усё рыхтуецца загадзя экспэртамі, усё загадзя ўзгадняецца, а праект рашэньня загадзя друкуецца. Працоўная група толькі ўдакладняе некаторыя дэталі. Таму сюрпрызаў на саміце не бывае, разам з галасаваньнем уся працэдура зойме ня больш за паўгадзіны», — патлумачыў ён.
Што магло быць
Усяго існавалі тры варыянты рашэньня па Беларусі.
- Працягнуць дзейнасьць дарожнай мапы.
- Уключыць Беларусь у блёк краінаў, якія не выконваюць шэраг патрабаваньняў Балёнскага працэсу.
- Цалкам выключыць Беларусь з працэсу.
Прафэсар Дунаеў кажа, што грамадзкі Балёнскі камітэт падтрымлівае першы варыянт, бо ён хоць нейкім чынам стымулюе беларускі ўрад нешта рабіць у галіне вышэйшай адукацыі.
Экспэрты камітэту сфармулявалі 9 зьменаў, якія неабходна зрабіць найперш. Сярод іх — пераход на трохузроўневае навучаньне «бакаляўр — магістар — доктар», стварэньне незалежнага агенцтва якасьці адукацыі, роўная фінансавая падтрымка студэнтаў прыватных і дзяржаўных навучальных установаў, аўтаномія ўнівэрсытэтаў і г.д.
«Аднак на сёньня ня выканана нічога. Мы спадзяваліся, што дзьве першыя навацыі ўвойдуць у новую рэдакцыю Кодэксу аб адукацыі. Яго ўжо даўно зьбіраліся перадаць у Палату прадстаўнікоў. Нават анансавалі парлямэнцкія слуханьні. Але ён дзесьці „завіс“», — кажа Ўладзімер Дунаеў.
Улады спадзяюцца на паразуменьне
Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенкавыклаў афіцыйную пазыцыю наконт Балёнскага працэсу напрыканцы красавіка 2018 году, калі ў Беларусі знаходзілася генэральны дырэктар Рады Эўропы па правах чалавека і вяршэнстве права Сьняжана Самарджыч-Маркавіч.
Ён выказаў упэўненасьць, што ўдзел беларускай дэлегацыі ў Канфэрэнцыі міністраў «дасьць магчымасьць павысіць інфармаванасьць акадэмічнай і навуковай эўрапейскай супольнасьці наконт разьвіцьця сыстэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь у рэчышчы агульнасусьветных тэндэнцый пры захаваньні нацыянальных традыцый, а таксама пацьвердзіць гатоўнасьць беларускага боку працягнуць працу па выбудоўваньні давернага і ўзаемаўзбагачальнага дыялёгу ў пытаньнях забесьпячэньня „лепшай будучыні“ для вышэйшай адукацыі».
З гісторыі працэсу
Балёнскі працэс — працэс збліжэньня і гарманізацыі сыстэм вышэйшай адукацыі краін Эўропы з мэтай стварэньня адзінай эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Каб уступіць у Балёнскі працэс, краіна прымае на сябе абавязаньні: бясплатна выдаваць выпускнікам ВНУ эўрапейскія дадаткі да дыплёмаў бакаляўра і магістра (адзінага ўзору), рэфармаваць нацыянальную сыстэму адукацыі ў адпаведнасьці з асноўнымі палажэньнямі Балёнскай дэклярацыі.
У 2015 годзе Беларусь стала адзінай краінай, якую прынялі ў Балёнскі працэс на пэўных умовах, замацаваных у «дарожнай мапе»: ажыцьцяўленьне дзяржаўнымі інстытутамі і органамі ўлады Беларусі рэформаў вышэйшай адукацыі.
Цяпер у Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі каля 50 краін.
Экспэрты адзначаюць, што ўдзел любой краіны ў Балёнскім працэсе робіць яе больш прывабнай у вачах замежных студэнтаў. А гэта цягне за сабою прыток фінансаў у выглядзе платы за навучаньне, пражываньне і г.д.