Прапануем рэкамендацыi прашэдшай у Мiнску 23-24 верасня 2016г. міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Грамадскі ўдзел у мадэрнізацыі вышэйшай школы: роля грамадзянскай супольнасці ў імплементацыі Дарожнай мапы рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі». Удзельнiкi канферэнцыi зацвердзiлi рэкамендацыi i пастанавiлi падтрымаць распрацаваныя Грамадскiм Белонскiм камiтэтам прапановы па зменах у Кодэкс аб адукацыi Рэспублiкi Беларусь.
Удзельнікі канферэнцыі:
- заклікаюць Міністэрства адукацыі ўзмацніць кааперацыю з зацікаўленымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і іншымі стэйкхолдэрамі для выпрацоўкі сумесных падыходаў і павышэння эфектыўнасці рэфармавання беларускай вышэйшай школы ў адпаведнасці з прынцыпамі Балонскага працэсу;
- выказваюць занепакоенасць значным адставаннем ад графіку ў рэалізацыі палажэнняў Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі;
- лічаць неабходным прыняць меры да заканадаўчага замацавання ў сістэме вышэйшай адукацыі акадэмічных свабодаў і прынцыпаў універсітэцкай аўтаноміі на аснове Вялікай хартыі ўніверсітэтаў, рашэнняў ЮНЕСКА і Рады Еўропы;
- лічаць мэтазгодным найхутчэйшы пераход да рэальнай сістэмы ўліку, назапашвання і пераносу крэдытаў як ацэначнага сродку навучальных дасягненняў у адпаведнасці з аб'ёмам і ўзроўнем кампетэнцыяў, якія набываюцца;
- звяртаюцца да Міністэрства адукацыі з прапановай паскорыць ўкараненне дадатка да дыплома еўрапейскага тыпу для палягчэння акадэмічнай і працоўнай мабільнасці, а таксама спрашчэння прызнання беларускіх кваліфікацыяў вышэйшай адукацыі за мяжой;
- лічаць неабходным паскорыць працы па стварэнні незалежнага агенцтва (агенцтваў), якое (якія) ажыццяўлялі б знешні кантроль якасці ў вышэйшых навучальных установах, забяспечыць іх інтэграцыю ў міжнародныя (еўрапейскія) сеткі і рэгістры;
- лічаць неабходным для эфектыўнай распрацоўкі Нацыянальный рамкі кваліфікацыяў (НРК) і Нацыянальнай сістэмы кваліфікацыяў (НСК) наладзіць сістэмную камунікацыю паміж асноўнымі зацікаўленымі бакамі - Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, адпаведнымі навукова-даследчымі інстытутамі, замежнымі і айчыннымі, афіцыйнымі і неафіцыйнымі экспертнымі супольнасцямі, сацыяльнымі партнёрамі рознага ўзроўню і інш., а таксама забяспечыць пастаяннае інфармаванне зацікаўленых бакоў і грамадскасці пра працэс і вынікі стварэння НРК;
- лічаць неабходным стварыць:
- Нацыянальнае агенцтва кваліфікацыяў па рэгуляванні і каардынацыі кваліфікацыяў на нацыянальным узроўні,
- сістэму пацверджання кваліфікацыяў, якая б уключала незалежныя ацэначныя/атэстацыйныя цэнтры, дзе кожны работнік атрымае магчымасць пацвердзіць сваю кваліфікацыю і
- сістэму прызнання вынікаў нефармальнага і інфармальнага/спантанага навучання;
- лічаць неабходным перайсці ад тэрміна «занятасць» і практык абавязковага размеркавання, якія стаяць за ім, да тэрміна «працаўладкаванасць» і развіцця рэлевантных яго зместу палітык працаўладкавання і практычных «сервісаў», якія яе рэалізуюць, уключаючы сістэму неперарыўнай прафарыентацыі і перакваліфікацыі, якія прадстаўляюць магчымасці для падтрымкі або абнаўлення навыкаў і кампетэнцыяў на працягу ўсяго працоўнага жыцця;
- лічаць неабходным прызнаць нефармальнае і спантаннае навучанне ў якасці раўнапраўных па статусе элементаў пры распрацоўцы модульных кваліфікацыяў, заснаваных на выніках навучання, у аснове якіх павінны ляжаць прафесійныя стандарты;
- лічаць мэтазгодным распрацаваць, заканадаўча замацаваць і ўкараніць у практыку метады стымуляцыі і развіцця сацыяльнага партнёрства; напрыклад, такія як:
- стымуляванне працадаўцаў да працаўладкавання выпускнікоў праз ільготнае падаткаабкладанне і іншыя меры фіскальнай палітыкі (напрыклад, праз фінансавую дапамогу працадаўцу за працаўладкаванне выпускнікоў),
- стымуляванне вышэйшых навучальных установаў да практыка-арыентаванай адукацыі і зацікаўленасці ў працаўладкаванні выпускнікоў (праз маніторынг якасці адукацыі, рэйтынгаванне і фінансаванне ВНУ у залежнасці ад узроўню працаўладкавання выпускнікоў, развіццё дуальнай мадэлі адукацыі і інш.);
- лічаць неабходным змяніць арганізацыю акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў вышэйшых навучальных установаў, уключаючы стварэнне спецыяльнага фонду падтрымкі мабільнасці, спрашчэнне працэдуры афармлення дазволаў на замежныя стажыроўкі, прымяненне норм Лісабонскай канвенцыі для беларускіх удзельнікаў акадэмічнай мабільнасці;
- У мэтах максімальнага залучэння студэнтаў у працэс рэфармавання і кіравання вышэйшай адукацыяй лічаць неабходным:
- забяспечыць максімальную разнастайнасць студэнцкіх арганізацыяў у ВНУ, ліквідаваць любыя перашкоды стварэнню студэнцкіх саюзаў, прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацыяў;
- ліквідаваць абмежаванні распаўсюджванню інфармацыі ўнутры вышэйшых навучальных установаў;
- забяспечыць прамыя, празрыстыя і сумленныя выбары ў органы студэнцкага самакіравання;
- адмовіцца ад практыкі адміністрацыйнага ціску ў дачыненні да студэнтаў, якія выступаюць з крытыкай дзеянняў адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў.
- Падтрымліваюць ініцыятыву Грамадскага Балонскага камітэта па ўнясенні змяненняў у Кодэкс аб адукацыі, якія спрыяюць мадэрнізацыі вышэйшай школы і яе інтэграцыі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі.