Mobile menu (ru)

Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

19 лістапада 2020 году ў Рыме адбылася штогадовая Канферэцыя Міністраў адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, дзе скразной тэмай сталі акадэмічныя свабоды (не ў апошнюю чаргу праз сітуацыю ў Беларусі). Гэта тэма знайшла сваё адлюстраванне ў Міністэрскім камюніке, поўны пераклад якога мы прыводзім ніжэй.

Мы, міністры, адказныя за вышэйшую адукацыю, сустрэўшыся анлайн 19 лістапада 2020 года, адзначаем дасягненні за 21 год з моманту падпісання Балонскай Дэкларацыі. Мы пацвярджаем нашу прыхільнасць развіццю больш інклюзіўнай, інавацыйнай, узаемазвязанай і ўстойлівай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА).

Мы дзякуем Італіі за яе значную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні нашай канферэнцыі, а таксама за адаптаванне яе да ўмоў пандэміі COVID-19.

ЕПВА - гэта ўнікальная супраца, заснаваная на даверы, калі дзяржаўныя органы і зацікаўленыя бакі ў сферы вышэйшай адукацыі працуюць разам для вызначэння і дасягнення агульных мэтаў. Дзякуючы разнастайнасці нашых культур, моў і навакольнага асяроддзя, а таксама нашай агульнай прыхільнасці да якасці, празрыстасці і мабільнасці, нашы сістэмы вышэйшай адукацыі прапануюць неперасягненыя магчымасці для навучання, выкладання, даследаванняў і інавацый.

Нашы грамадствы сутыкаюцца з беспрэцэдэнтнымі праблемамі, звязанымі з глабальным распаўсюджваннем COVID-19 і яго наступствамі. Пандэмія паказала, наколькі мы ўзаемазалежныя і наколькі ўразлівымі мы можам быць. Яна зрабіла відавочным той факт, што ўсе мы з'яўляемся часткай аднаго свету, у якім чалавечая салідарнасць з'яўляецца абавязковым элементам. Мы шануем і прызнаем высілкі супольнасці вышэйшай адукацыі па пераадольванню гэтых праблем і яшчэ раз пацвярджаем нашу рашучасць прадастаўляць інклюзіўную і якасную вышэйшую адукацыю, якая выконвае ўвесь спектр сваіх мэтаў нават падчас крызісу. 

Мы поўныя рашучасці даць нашым вышэйшым навучальным установам магчымасць узаемадзейнічаць з нашымі грамадставамі, каб змагацца з шматлікімі пагрозамі глабальнаму міру, дэмакратычным каштоўнасцям, свабодзе інфармацыі, здароўю і дабрабыту: не ў апошнюю чаргу з тымі пагрозамі, якія з’явіліся ці ўзмацніліся падчас пандэміі. Мы абавязваемся працягваць і павялічваць нашы інвестыцыі ў адукацыю, каб установы вышэйшай адукацыі мелі адпаведнае фінансаванне на пераадоленне цяперашняга крызісу, пасткрызіснае аднаўленне і пераходу да зялёнай, устойлівай і стабільнай эканомікі і грамадства. 

Мы імкнёмся пераадолець сацыяльную няроўнасць, якая ўсё яшчэ абмяжоўвае дасягнення поўнай інклюзіўнасці ЕПВА. Пераход на лічбавыя тэхналогіі дазволіў большасці нашых сістэм працягваць працаваць падчас пандэміі COVID-19, аднак больш інтэнсіўнае выкарыстанне лічбавых сродкаў выявіла пэўныя абмежаванні. Валодаючы кансалідаваным досведам транснацыянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва і даследаванняў, вышэйшая адукацыя павінна мець асноўную ролю ў вывучэнні і кансультаванні па пераадольванню гэтых абмежаванняў.

Мы з рашучасцю і аптымізмам глядзім на 2030 год,будучы ўпэўненымі ў тым, што нам атрымаецца наладзіць больш эфектыўнае супрацоўніцтва і бліжэйшы дыялог паміж нашымі краінамі, нашымі сістэмамі і ўстановамі вышэйшай адукацыі, а таксама з шырэйшым колам супольнасцяў  вышэйшай адукацыі.

Мы радыя вітаць Сан-Марына ў якасці новага чальца ЕПВА. Сан-Марына атрымае падтрымку на рэалізацыю сваіх абавязкаў у межах узгодненай дарожнай карты.

Наша бачанне

Мы разглядаем ЕПВА як прастору, дзе студэнты, супрацоўнікі і выпускнікі могуць вольна перасоўвацца, каб вучыцца, выкладаць і праводзіць даследаванні. ЕПВА у нашым разуменні будзе цалкам шанаваць фундаментальныя каштоўнасці вышэйшай адукацыі, дэмакратыі і вяршынства закона. Гэта будзе спрыяць творчасці, крытычнаму мысленню, вольнай цыркуляцыі ведаў і павялічыць магчымасці, прапанаваныя тэхналагічным развіццём для навучання і выкладання, якія грунтуюцца на даследаваннях. Гэта гарантуе, што нашы сістэмы вышэйшай адукацыі будуць прапанаваць усім навучэнцам роўныя магчымасці ў адпаведнасці з іх патэнцыялам і імкненнямі. Мы прызнаем, што для гэтага спатрэбіцца прыняцце палітыкі і рэалізацыя мер у нашых нацыянальных рамках, некаторыя з якіх выйдуць за межы нашых сістэм вышэйшай адукацыі і пацягнуць за сабой узгадненне шырэйшых нацыянальна-эканамічных, фінансавых і сацыяльных стратэгій.

Для дасягнення нашага бачання мы абавязваемся пабудаваць да 2030 года інклюзіўную, інавацыйную і ўзаемазлучаную ЕПВА, здольную падтрымаць устойлівую, згуртаваную і мірную Еўропу: 

  • Інклюзіўную, таму што кожны навучэнец будзе мець роўны дасяг да вышэйшай адукацыі і атрымае поўную падтрымку ў завяршэнні навучання і прафесійнай падрыхтоўкі;
  • Інавацыйную, таму што яна будзе ўключаць новыя і лепей узгодненыя метады і практыкі навучання, выкладання і ацэнкі, злучаныя з даследаваннямі;
  • Узаемазвязаную, таму што нашы агульныя рамкі і прылады будуць працягваць спрашчаць і пашыраць міжнародную супрацу і рэформы, абмен ведамі і мабільнасць супрацоўнікаў і студэнтаў.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы маюць патэнцыял для правядзення сур'ёзных змен – паляпшэння ведаў, навыкаў і кампетэнцый студэнтаў і грамадства, каб спрыяць устойліваму развіццю, ахове навакольнага асяроддзя і іншым важлівым мэтам. Яны павінны падрыхтаваць навучэнцаў да таго, каб яны сталі актыўнымі, крытычнымі і адказнымі грамадзянамі з крытычным мысленнем, а таксама прапанаваць ім магчымасці навучання на працягу жыцця, каб падтрымаць іх у іхных сацыяльных ролях.

Вышэйшая адукацыя стане ключавым гульцом у дасягненні мэтаў устойлівага развіцця  Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (МУР) да 2030 года.  Мы абавязваемся падтрымліваць нашыя вышэйшыя навучальныя ўстановы ў рэалізацыі іх адукацыйнага, даследчага і інавацыйнага патэнцыялу ў адпаведнасці з гэтымі асноватворнымі глабальнымі мэтамі і ў вылучэнні рэсурсаў для забеспячэння таго, каб нашы сістэмы вышэйшай адукацыі спрыялі дасягненню МУР. Пераход да кліматычнай нейтральнасці мае важлівае значэнне для ўсіх нас, і навучэнцы павінны быць гатовы да новых “зялёных” прафесій і дзейнасцяў. Ім павінны быць прапанаваны магчымасці павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў перспектыве навучання на працягу жыцця, а таксама магчымасць распрацоўваць і ўжываць новыя тэхналогіі і падыходы.

Якасная адукацыя, як і дагэтуль, будзе з'яўляцца адметнай рысай ЕПВА. Устойлівая культура акадэмічнай і навуковай сумленнасці, якая блакуе ўсе формы акадэмічнага махлярства і скажэння навуковай ісціны, будзе падтрымвацца ўсімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і ўсімі дзяржаўнымі органамі.

Фундаментальныя каштоўнасці 

Мы зноў пацвярджаем нашу прыхільнасць прасоўванню і абароне нашых агульных фундаментальных каштоўнасцяў ва ўсёй ЕПВА з дапамогай актывізацыі палітычнага дыялогу і супрацы як патрэбнай асновы для якаснага навучання, выкладання і даследавання, а таксама для дэмакратычнага грамадства. Мы абавязваемся падтрымліваць інстытуцыйную аўтаномію, акадэмічную свабоду і сумленнасць, удзел студэнтаў і супрацоўнікаў у кіраванні вышэйшай адукацыяй, а таксама грамадскую адказнасць за вышэйшую адукацыю.

Мы просім назіральную групу па Балонскім працэсе BFUG распрацаваць структуру для ўзмацнення фундаментальных каштоўнасцяў ЕПВА, якая будзе спрыяць самарэфлексіі, канструктыўнаму дыялогу і ўзаемнаму навучанню паміж нацыянальнымі органамі ўлады, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі, а таксама дазволіць ацаніць ступень, у якой гэтыя каштоўнасці шануюцца і рэалізуюцца ў нашых сістэмах. Мы прымаем вызначэнне акадэмічнай свабоды як свабоды акадэмічнага персаналу і студэнтаў займацца даследаваннямі, выкладаннем, навучаннем і камунікаваннем у грамадстве і з грамадствам без умяшання і без страху рэпрэсій (Дадатак I).

Мы зноў пацвярджаем нашу прыхільнасць умацаванню этыкі, празрыстасці і сумленнасці ў рамках адукацыі і даследаванняў, а таксама адзначаем, што платформа Савета Еўропы па этыцы, празрыстасці і сумленнасці ў адукацыі (ETINED) прапануе магчымасць для супрацы для ўсіх чальцоў ЕПВА, кансультацыйных чальцоў і партнёраў для дасягнення гэтай мэты.

Будуем будучыню

Інклюзіўная ЕПВА 

Сацыяльна інклюзіўная вышэйшая адукацыя застанецца ў цэнтры ЕПВА і запатрабуе забеспячэння магчымасці і падтрымкі для раўнапраўнага ўключэння людзей з усіх пластоў грамадства. Навучэнцы з розным сацыяльна-эканамічным, прафесійным, культурным і адукацыйным досведам павінны мець магчымасць і прылады для пошуку і выкарыстання найболей карысных для іх адукацыйных магчымасцяў ў любы час.

Мы абавязваемся ўмацоўваць сацыяльную інтэграцыю і павелічэнне якасці адукацыі, у поўнай меры выкарыстоўваючы новыя магчымасці, якія дае развіццё лічбавых тэхналогій. Калі ўлічваць, што нашы грамадствы ўсе больш спадзяюцца на інавацыйныя тэхналогіі, у тым ліку на штучны інтэлект, то мы павінны гарантаваць, што яны шануюць этычныя стандарты і правы чалавека, а таксама спрыяюць інклюзіўнасці. Мы разумеем, што камп’ютарызацыя не прапануе ўніверсальнага рашэння ўсіх праблемаў, і просім BFUG прапанаваць спосабы, з дапамогай якіх ўсе навучэнцы могуць атрымаць карысць ад новых тэхналогій.

Мы прымаем «Прынцыпы і рэкамендацыі па ўзмацненні сацыяльнага вымярэння вышэйшай адукацыі ў ЕПВА» (Дадатак II), заснаваныя на больш шырокім разуменні сацыяльнага вымярэння, і абавязваемся ўкараняць іх у нашы сістэмы. Мы будзем браць удзел у шырокім палітычным дыялогу аб тым, як цалкам рэалізаваць прынцыпы і рэкамендацыі на нацыянальным узроўні. Мы будзем дапамагаць нашым вышэйшым навучальным ўстановам інтэграваць ў іх інстытуцыйную культуру і асноўную місію: навучанне і выкладанне, даследаванні і інавацыі, абмен і пашырэнне ведаў, інстытуцыйнае кіраўніцтва і менеджмент. Мы просім BFUG зрабіць справаздачу у 2024 годзе пра распачатыя крокі і адпаведны маніторынг, каб мець непасрэдныя доказы выканання гэтых задач.

Мы прызнаем важнасць абароны правоў студэнтаў з дапамогай заканадаўства; мы абавязваемся развіваць і падтрымліваць іх у нашых нацыянальных сістэмах з дапамогай адмысловых мер і структур, такіх як паслугі студэнцкага амбудсмена ці падобныя рашэнні, якія ўжо існуюць у шмат якіх краінах ЕПВА. Мы абавязваемся забяспечыць такія механізмы ў нашых краінах і сістэмах вышэйшай адукацыі і будзем заахвочваць супрацу ў межах Еўрапейскай сеткі амбудсменаў у вобласці вышэйшай адукацыі (ENOHE).

Інавацыйная ЕПВА

Мы падтрымліваем нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы ў актывізацыі іх пошуку рашэнняў для выклікаў, з якімі сутыкаецца наша грамадства. Грамадскія, гуманітарныя і творчыя навукі разам з мастацтвам павінны працягваць адыгрываць сваю жыццёва важную ролю, надаючы глыбіню нашаму жыццю і дазваляючы нам разумець і дзейнічаць у зменлівым свеце. Нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны ўзаемадзейнічаць са сваімі супольнасцямі, каб ажыццяўляць узаемавыгадныя і сацыяльна- адказныя сумесныя мерапрыемствы.

Для хуткага абнаўлення ведаў, навыкаў і кампетэнцый неабходна будзе стварыць магчымасці і адказаць на выклікі, якія прынясе новае дзесяцігоддзе. Вышэйшыя навучальныя ўстановы будуць працягваць рабіць навучальныя прапановы больш разнастайнымі і змяняць змест і спосабы навучання, каб рэагаваць на растучыя патрэбы ў інавацыйным і крытычным мысленні, эмацыйным інтэлекце, лідарстве, супольнай працы і здольнасцях вырашаць праблемы, а таксама ў прадпрымальніцкіх устаноўках.

Гнуткія і адкрытыя траекторыі навучання, якія сталі часткай першапачатковага натхнення для Балонскага працэсу, з'яўляюцца важнымі аспектамі студэнтацэнтрычнага навучання і карыстаюцца ўсё большым попытам у нашым грамадстве. У дадатак да праграм поўнага цыкла, многія вышэйшыя навучальныя ўстановы прапануюць або плануюць прапанаваць меншыя навучальныя адзінкі, якія дазволяць навучэнцам развіваць альбо абнаўляць свае культурныя, прафесійныя і ўніверсальныя навыкі і кампетэнцыі на розных этапах свайго жыцця. Мы просім BFUG даследваць, як і наколькі гэтыя меншыя, гнуткія адзінкі, у тым ліку тыя, што вядуць да мікра-кваліфікацый, можна вызначыць, распрацаваць, укараніць і прызнаць нашымі ўстановамі з дапамогай інструментаў ЕПВА. 

Мы прымаем “Рэкамендацыі нацыянальным органам улады па паляпшэнню навучання і выкладання ў вышэйшай адукацыі ў ЕПВА” (Дадатак III) і абавязваемся прытрымлівацца іх, падтрымліваючы вышэйшыя навучальныя ўстановы ў далейшай рэалізацыі навучання і выкладання, арыентаванага на студэнтаў. Рэкамендацыі прадугледжваюць павелічэнне падтрымкі ўсіх навучэнцаў, а таксама выкладчыкаў і іншы персанал. Акадэмічны персанал і, у тым ліку, маладыя выкладчыкі, патрабуюць стабільнага працаўладкавання і магчымасцяў кар'ернага росту, аднолькавай павагі да выкладання і навуковых даследаванняў, прывабных умоў працы, дасягу да павышэння кваліфікацыі персаналу і прызнання іх дасягненняў. Ва ўсіх гэтых адносінах мы будзем садзейнічаць дыялогу і супрацоўніцтву па пытаннях навучання і выкладання ў нашых нацыянальных сістэмах і на ўзроўні ЕПВА. 

Мы абавязваемся падтрымліваць нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы ў выкарыстанні лічбавых тэхналогій для навучання, выкладання і ацэнкі, а таксама для акадэмічных камунікацыі і даследаванняў. Яшчэ мы абавязваемся інвеставаць у развіццё лічбавых навыкаў і кампетэнцый для ўсіх. Мы абавязваемся развіваць адкрытую навуку і адукацыю, каб спрасціць абмен ведамі і адкрыта ліцэнзаванымі матэрыяламі, якімі могуць лёгка абменьвацца зацікаўленыя стэйкхолдэры вышэйшай адукацыі, якія могуць адаптаваць і перапрафіляваць іх пад свае патрэбы. 

Узаемазвязаная ЕПВА

Супрацоўніцтва і мабільнасць злучаюць нашы сістэмы і спрыяюць развіццю міжкультурных і лінгвістычных кампетэнцый, пашырэнню ведаў і разуменню нашага свету. Непасрэдныя кантакты і сінэргія паміж нашымі разнастайнымі культурамі і сістэмамі вышэйшай адукацыі праз мабільнасць супрацоўнікаў і студэнтаў спрыяюць дасканаласці і актуальнасці вышэйшай адукацыі ў ЕПВА, робячы яе прывабнай і канкурэнтаздольнай у глабальным маштабе. Мы прызнаем важнасць і карысць фізічнай мабільнасці для студэнтаў, дактарантаў і супрацоўнікаў. Нягледзячы на ​​існыя цяжкасці, звязаныя з пандэміяй COVID-19, мы пацвярджаем нашу мэту, што прынамсі 20% тых, хто заканчвае навучанне ў ЕПВА, павінны мець вопыт навучання або стажыравання за мяжой,  Й далей абавязуемся даваць усім навучэнцам магчымасць набыць міжнародныя і міжкультурныя кампетэнцыі праз інтэрнацыяналізацыю навучальных праграм або ўдзел у інавацыйным міжнародным асяроддзі ў сваіх навучальных установах, а таксама паспрабаваць пэўную форму мабільнасці ў фізічным, лічбавым (віртуальным) або змешаным фармаце. 

Лічбавыя рашэнні будуць спрыяць бяспечнаму, эфектыўнаму і празрыстаму абмену дадзенымі. Сумесныя лічбавыя падыходы з’яўляюцца неабходнымі для паляпшэння прызнання, забеспячэння якасці і мабільнасці. Мы просім BFUG адлюстраваць наяўныя і знайсці новыя рашэнні каб палепшыць сумяшчальнасць лічбавых сістэм і абмен студэнцкімі і інстытуцыйнымі дадзенымі пры поўным захаванні канфідэнцыйнасці і бяспекі з улікам досведу Еўрапейскай ініцыятывы Студэнцкіх Карт і іншых ініцыятыў.

Больш глыбокае супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі дапаможа выканаць вышэйзгаданыя задачы з дапамогай сумеснага выкладання і навуковых даследаванняў. Мы будзем імкнуцца ліквідаваць перашкоды для супрацоўніцтва на нацыянальным узроўні і даць магчымасць усім вышэйшым навучальным установам у ЕПВА атрымаць карысць ад знаходжання ў гэтай  прасторы.  Альянсы, створаныя ў рамках, Еўрапейскай ініцыятывы універсітэтаў складаюць адзін з важных спосабаў вывучэння больш глыбокага і маштабнага сістэмнага супрацоўніцтва, якое можа аказацца карысным для выяўлення і пераадолення перашкод для больш шчыльнага транснацыянальнага супрацоўніцтва з боку вышэйшых навучальных устаноў у будучыні. 

Імплементацыя

Мы звяртаем увагу на вынікі, апісаныя ў Дакладзе аб імплементацыі Балонскага працэсу аб прагрэсе, дасягнутым за апошнія два дзесяцігоддзі. Дасягненні ўражваюць. Тым не менш патрабуецца больш працы, каб гарантаваць, што ЕПВА будзе пабудавана на трывалых асновах, здольных падтрымліваць узаемазвязаную, інавацыйную і інклюзіўную вышэйшую адукацыю ў бліжэйшае дзесяцігоддзе.

Мы разлічваем на пастаянную падтрымку праграмы Erasmus і іншых праграм мабільнасці і супрацоўніцтва для падтрымкі нашых абавязацельстваў.

На Парыжскай канферэнцыі міністраў у 2018 годзе мы вырашылі прыкласці асаблівыя намаганні для завяршэння выканання трох "Ключавых абавязацельстваў", неабходных для функцыянавання ЕПВА: Рамак кваліфікацый і ECTS, Лісабонскай канвенцыі аб прызнанні і дадатку да дыплома, а таксама забеспячэнне якасці ў адпаведнасці са Стандартамі і рэкамендацыямі па забеспячэнні якасці ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ESG).

Мы пацвярджаем нашу рашучасць дамагчыся поўнага выканання Ключавых абавязацельстваў. Мы просім BFUG працягваць карыстацца метадам узаемнай падтрымкі каб дасягнуць гэтай мэты. Мы абавязваемся і надалей прымаць удзел і спрыяць яе дасягненню.

Мы абавязваемся скончыць і працягнуць распрацоўку Нацыянальных рамак кваліфікацый, сумяшчальных з Усеахопнай рамкай кваліфікацый Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (QF-EHEA), і просім BFUG абнавіць крытэрыі самасертыфікацыі, каб уключыць мацнейшы элемент знешняй экспертнай ацэнкі нацыянальных справаздачаў. Мы даручаем Сетцы карэспандэнтаў QF працягваць сваю працу, робячы свой унёсак у далейшае развіццё QF-EHEA і самасертыфікацыю нацыянальных рамак кваліфікацый у адпаведнасці з ёй.

Мы будзем узмацняць рэалізацыю Лісабонскай канвенцыі Савета Еўропы / ЮНЕСКА аб прызнанні і ўжываць яе прынцыпы да кваліфікацый і перыядаў навучання за межамі ЕПВА, выкарыстоўваючы агульныя крытэрыі ацэнкі і справаздачаў, у супрацы з Камітэтам Лісабонскай канвенцыі аб прызнанні і сеткамі ENIC і NARIC.

Мы забяспечым аўтаматычнае прызнанне акадэмічнай кваліфікацыі і перыядаў навучання ў ЕПВА, каб студэнты, супрацоўнікі і выпускнікі маглі вольна перасоўвацца, каб вучыцца, выкладаць і праводзіць даследаванні. Мы ўнясём патрэбныя змены ў заканадаўства, каб гарантаваць аўтаматычнае прызнанне на сістэмным узроўні кваліфікацый, што прапануюцца ў краінах ЕПВА, дзе забеспячэнне якасці працуе ў адпаведнасці з ESG і дзе была створана цалкам дзейная нацыянальная рамка кваліфікацый. Мы таксама заахвочваем ужыванне ўзгодненых і бяспечных сістэм лічбавай сертыфікацыі і камунікацыі, такіх як блокчэйн, а таксама далейшае развіццё базы Базы дадзеных  вынікаў вонкавага забеспячэння якасці (DEQAR) для спрашчэння аўтаматычнага прызнання. 

Мы абавязваемся перагледзець наша ўласнае заканадаўства, нарматыўныя дакументы і практыку, каб забяспечыць справядлівае прызнанне кваліфікацый, якімі валодаюць бежанцы, перамешчаныя асобы ці асобы, чыё становшча падобнае на становішча бежанцаў, нават калі кваліфікацыі не могуць быць цалкам задакументаванымі, у адпаведнасці з артыкулам VII Лісабонскай канвенцыі аб прызнанні. Мы прызнаем Еўрапейскі пашпарт кваліфікацый для бежанцаў і будзем падтрымліваць далейшае пашырэнне яго выкарыстання ў нашых сістэмах.

Мы прызнаем прагрэс, дасягнуты ў развіцці сістэм забеспячэння якасці ў адпаведнасці з ESG, і абавязваемся ліквідаваць астатнія перашкоды, у тым ліку звязаныя з трансгранічнай дзейнасцю агенцтваў, зарэгістраваных у EQAR, і ўжываннем Еўрапейскага падыходу па забеспячэнні якасці сумесных праграм. Мы бярэм на сябе абавязацельства забяспечыць, каб нашы знешнія механізмы якасці  для транснацыянальнай вышэйшай адукаціі ў ЕПВА выкарыстоўвалі такія ж стандарты забеспячэння якасці як і для ўнутраных задач . Улічваючы неабходнасць павышэння гнуткасці і адкрытасці траекторый навучання, кароткіх праграм навучання і большай сінэргіі паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, мы заахвочваем пашыранае выкарыстанне ESG для падтрымкі інавацый у вышэйшай адукацыі і забеспячэння яе якасці.

Мы імкнёмся да ўмацавання супрацоўніцтва з Еўрапейскай даследчыцкай прасторай. Мы заклікаем BFUG НГБП цесна супрацоўнічаць з Камітэтам Еўрапейскай даследчыцкай прасторы і інавацый (ERAC) для павышэння сінэргіі і узгаднення паміж адукацыйнай і даследча- інавацыйнай палітыкай. У цэнтры ўвагі будзе, у прыватнасці, развіццё навучання заснаванага на даследаваннях, гарантаванне акадэмічнай і навуковай свабоды і спрыянне дасягненню мэтаў ААН па ўстойлівым развіцці. 

Мы бяром на сябе абавязацельствы па стварэнню больш цесна звязанай і ўстойлівай супольнасці вышэйшай адукацыі, якая спрыяе інклюзіі, камунікацыі, супрацоўніцтву і салідарнасці, што мае важнае значэнне для актуальнасці і дасканаласці будучай ЕПВА. Каб дасягнуць гэтага, мы абавязваемся інфармаваць нашы нацыянальныя сектары вышэйшай адукацыі аб распрацоўках ЕПВА і ўдзелу ў іх, а таксама шчыльна супрацоўнічаць са студэнцкімі і вузаўскімі асацыяцыямі і сеткамі па распрацоўцы і рэалізацыі нацыянальных рэформаў. Мы прызнаем важнасць шырокіх кансультацый, якія праводзяцца з мэтай вызначэння прыярытэтаў на будучыню ЕПВА, і просім BFUG арганізаваць такія мерапрыемствы ЕПВА, як транснацыянальныя семінары, практычныя заняткі і слуханні з удзелам шырокіх колаў адукацыйнай супольнасці (студэнтаў, выкладчыкаў і знешніх зацікаўленых бакоў), каб абмеркаваць цяперашнія і будучыя мэты і даследаваць сумесныя магчымасці іх дасягнення. 

ЕПВА ў глабальным асяроддзі 

Нягледзячы на тое, што пандэмія COVID-19 зрабіла немагчымым правядзенне Форуму глабальнай палітыкі як планавалася, мы радыя, што наша канферэнцыя ўключае глабальную сесію. Мы ўзнаўляем міжнародны дыялог аб каштоўнасцях, палітыцы і рэформах у сферы вышэйшай адукацыі, абапіраючыся на досвед ЕПВА, а таксама досвед іншых абласцей свету, і просім BFUG і надалей развіваць і ўмацоўваць глабальны дыялог у бліжэйшы перыяд працы. 

Мы вітаем прыняцце Глабальнай канвенцыі ЮНЕСКА аб прызнанні кваліфікацый, якія тычацца вышэйшай адукацыі, і абавязваемся яе неадкладна ратыфікаваць, каб спрасціць справядлівае прызнанне кваліфікацый і перыядаў навучання за межамі ЕПВА, выкарыстоўваючы крытэрыі ацэнкі і справаздачы, якія адпавядаюць Лісабонскай канвенцыі аб прызнанні.

Мы цэнім уключэнне ў нядаўна абноўлены Magna Charta Universitatum глабальных каштоўнасцяў, такія як разнастайнасць, а таксама сацыяльная і грамадзянская адказнасць. 

Заключэнне

Мы заклікаем BFUG заняцца дзеяннямі і прыярытэтамі, вызначанымі на наступнае дзесяцігоддзе, з агульнай мэтай стварэння Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якая адпавядае нашаму бачанню і нашым мэтам да 2030 года. Для нашай Канферэнцыі ў 2024 годзе мы даручаем BFUG справаздачу аб імплементацыі, каб ацэніць прагрэс у нашых узгодненых абавязацельствах

Мы з удзячнасцю прымаем прапанову Албаніі аб правядзенні наступнай Канферэнцыі міністраў ЕПВА і Форуму глабальнай палітыкі ў 2024 годзе.