На сайце Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі апублікаваны выніковы праект справаздачы Кансультатыўнай групы 2 «Падтрымка беларускай Дарожнай карты» (Advisory group 2 on the “Support for the Belarus Roadmap”, AG2) аб выкананні Дарожнай карты па правядзенні Беларуссю рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі. Дакумант уключае ацэнкі выканання Беларуссю кожнага з пунктаў Дарожнай карты і рэкамендацыі па працягу ўзаемадзеяння з Беларуссю адносна рэалізацыі рэформ адукацыі.
У прыватнасці, у раздзеле «Агульная ацэнка» аўтары справаздачы прыходзяць да наступных высноў:
«Дарожная карта не будзе выкананай да 2018 года. Быў дасягнуты абмежаваны прагрэс у некаторых сферах дарожнай карты, але агульнае разуменне ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці балонскіх інструментаў (бакалаўрыята, магістратуры, дактарантуры, NQF, забеспячэння якасці, ECTS, вынікаў навучання, Дадатку да дыплома і г.д.) яшчэ неабходна сфарміраваць. Некаторыя важныя задачы дарожнай карты яшчэ трэба імплементаваць. Сур’ёзнай хібай з’яўляецца адсутнасць прагрэсу датычна фундаментальных каштоўнасцяў адукацыі, такіх як акадэмічная свабода, аўтаномія і стварэнне студэнцкіх саюзаў. Трэба прыкласці шмат намаганняў для рэалізацыі студэнцкай мабільнасці, стварэння незалежнага агенцтва забеспячэння якасці і якаснага ўвядзення NQF. Неабходна правесці сутнасныя змяненні ў сістэме абавязковага працоўнага размеркавання студэнтаў, навучанне якіх фінансуецца за кошт дзяржаўных сродкаў, для задавальнення патрабаванням дарожнай карты».
Таксама ў справаздачы змешчаны наступныя рэкамендацыі Кансультатыўнай групы адносна далейшага развіцця Дарожная карты:
«Сустаршыні запытваюць спецыяльную працэдуру падтрымкі для Беларусі, якая будзе ўключаць у сябе канкрэтнае даручэнне накіраваць высілкі на ліквідаванне невыкананых абавязкаў Беларусі па дарожнай карце да 2020 года. У прыватнасці, на ўвядзенне NQF, стварэнне незалежнага агенцтва забеспячэння якасці, наладжванне аўтаматычнай бясплатнай выдачы Дадаткаў да дыплому на шырока распаўсюджанай мове (не на рускай), забеспячэнне падтрымкі акадэмічнай свабоды і інстытуцыйнай аўтаноміі, перагляд сістэмы абавязковага працоўнага размеркавання пасля выпуску студэнтаў, навучанне якіх фінансуецца за кошт дзяржаўных сродкаў, гарантаванне правоў студэнтаў і супрацоўнікаў рэгістраваць незалежныя арганізацыі».
ГБК падрыхтаваў неафіцыйны пераклад справаздачы на беларускую мову.
З поўным тэкстам справаздачы на ангельскай мове можна азнаеміцца тут.