Выберыце сваю мову

naviny.by: Заклік да мадэрнізацыі, нават калі ён зыходзіць ад нацыянальных эліт, багаты рызыкай зневажэння нацыі, бо азначае прызнанне ўласнай адсталасці, а парой ганебнасці традыцыйных формаў грамадскага жыцця. Яшчэ цяжэй пагадніцца з такім заклікам, калі ён чутны звонку.


У адрозненне ад рэформы, мадэрнізацыя прадугледжвае шакуючае ўсведамленне разрыву з сучаснасцю і крызіс цывілізацыйнай ідэнтычнасці. Улада гатовая гуляць на такіх настроях у перыяды рэвалюцыйных ломак, але не ў перыяд стабільнасці ці застою.

Няма прычыны дзівіцца таму, што беларускі рэжым сустрэў больш чым холадна еўрапейскую праграму мадэрнізацыйнага дыялога для нашай краіны. Нічога несучаснага, а тым больш ганебнага беларускія ўлады вакол сябе не заўважаюць. Таму і на радыкальныя змены ў палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці ісці не збіраюцца.

Але калі ўсеабдымны прагрэс малаверагодны, то ў некаторых сферах магчымасць пазітыўных змен выключыць нельга. Да ліку такіх локусаў змен варта аднесці сістэму вышэйшай адукацыі. У кантэксце мадэрнізацыйнага дыялогу з рэфармаваннем вышэйшай адукацыі Еўропа звязвае перспектывы развіцця кантактаў паміж людзьмі як аднаго з найважнейшых інструментаў умацавання ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва паміж народамі.

Збліжэнне беларускай вышэйшай школы са стандартамі і практыкамі Балонскага працэсу павінна стварыць перадумовы інтэнсіфікацыі міжнароднага акадэмічнага супрацоўніцтва, пашырэнні студэнцкіх абменаў, мабільнасці выкладчыкаў і навукоўцаў. Але не толькі дзеля адкрытасці свету варта мадэрнізаваць вышэйшую школу.

Запатрабаванасць зменаў у сістэме вышэйшай адукацыі адчуваецца практычна ўсімі групамі беларускага грамадства. Нават улады незадаволены нізкай эфектыўнасцю вышэйшай школы. Уступленне ў Балонскі працэс можа стаць стымулам рэальнай мадэрнізацыі беларускай вышэйшай адукацыі.

У 2011 году беларускае Міністэрства адукацыі распачало няўдалую спробу далучэння да Балонскага працэсу. Але з-за негатоўнасці афіцыйных ўладаў пайсці на сапраўднае збліжэнне з каштоўнасцямі, мэтамі і асноўнымі накірункамі палітыкі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА) пытанне пра прыём Беларусі перанесены на больш позні час.

Адкладзены прыём Беларусі ў ЕПВА дае дадатковы час (парадку трох год) для рэфармавання вышэйшай школы. Да наступнага саміту ў 2015 году нельга цалкам правесці і завяршыць рэформу, але можна дасягнуць нацыянальнага кансэнсуса адносна вектара перамен і праграмы развіцця беларускай вышэйшай адукацыі.

Аднак без актыўнага грамадскага ўдзела ў абмеркаванні праграмы рэформаў і іх імплементацыі, а таксама вонкавага ціску на ўладу з боку еўрапейскіх, найперш балонскіх, структур на сур’ёзныя перамены Міністэрства адукацыі не пойдзе.

Вядома, магчымы розныя сцэнары развіцця падзей у Беларусі. Нельга выключыць на нейкі час адкату назад ці кансервацыі існуючага становішча спраў, але назапашванне эканамічных праблем вышэйшай адукацыі і неабходнасць гарманізацыі правілаў паводзін на рынку адукацыйных паслуг Адзінай эканамічнай прасторы вымусяць беларускія ўлады пайсці на пошук кампрамісу з балонскімі патрабаваннямі.

Да гэтага моманту грамадскасці і ўладзе павінна быць прадстаўлена абгрунтаванае, выразнае і дэталёвае бачанне неабходных рэформаў. Трэба ўсведамляць тое, што за гады, якія прайшлі пасля падпісання ў 1999 году Балонскай дэкларацыі, беларуская вышэйшая школа сваім самабытным шляхам толькі ўсё больш аддалялася ад еўрапейскага вектару развіцця.

Аналіз гатоўнасці нашай вышэйшай школы да ўступлення ў Балонскі працэс паказаў, што мы сёння далей ад Еўропы, чым нават у 2004 годзе, калі быў прыпынены працэс інтэрнацыяналізацыі нашай адукацыі, пачаты двума гадамі раней. У 2004 годзе працэсу збліжэння з Еўропай быў супрацьпастаўлены працэс самаізаляцыі беларускай вышэйшай адукацыі і вяртанне да савецкай мадэлі з яе доўгім адукацыйным цыклам, ідэалагічным кантролем зместа адукацыі і палітычнай інструменталізацыяй вышэйшай школы.

Сваё заканадаўчае замацаванне гэта палітыка знайшла ў прынятым 11 ліпеня 2007 года Законе аб вышэйшай адукацыі, з тэксту якога, апроч іншых важных для працэсу інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі артыкулаў, былі выключаны артыкулы аб акадэмічных свабодах і ўніверсітэцкай аўтаноміі. Кодэкс пра адукацыю, які набыў моц у 2011 годзе, толькі працягвае гэту лінію.

Сама філасофія Адукацыйнага кодэкса не ўпісваецца ў рэчышча еўрапейскіх традыцый адукацыі. Яна паказвае на зусім іншы вектар развіцця вышэйшай школы.

У дакументах Балонскага працэса неаднаразова пацвярджалася, што любыя рэформы еўрапейскай адукацыі магчымы толькі на аснове традыцыйных каштоўнасцяў універсітэцкай аўтаноміі і акадэмічнаых свабодаў. І краіны, якія прэтэндуюць на далучэнне да Балонскай дэкларацыі, абавязаны паважаць гэтыя імператывы не толькі як гістарычныя прывілеі, але найперш таму, што на іх засноўваецца адказнасць ВНУ перад грамадствам.

Само грамадства павінна быць зацікаўлена ў тым, каб ва ўніверсітэтах ніколі не абмяжоўваласясвабода думкі, меркаванняў, выказванняў, асацыяцый, перамяшчэння і выкладання. У большасці краін гэтыя правы, гарантаваныя канстытуцыяй і адмысловымі законамі, разглядаюцца як умова паўнавартаснага функцыянавання інстытутаў вышэйшай адукацыі ў інтарэсах грамадскага развіцця. Беларускае заканадаўства не гарантуе гэтых свабодаў ні акадэмічнаму персаналу, ні студэнтам.

Як і ў савецкі час, у Адукацыйным кодэксе няма нават спробы вывесці адукацыю са сферы адміністрацыйна-ўладных адносін і перайсці да прызнання аўтаномнага, незалежнага статуса суб’ектаў адукацыйнага працэсу.

Раздзел Адукацыйнага кодэкса, які прысвечаны вышэйшай адукацыі, пазбаўляе ўніверсітэцкую супольнасць якіх-небудзь інструментаў уплыву на працэс кіравання ВНУ і дэманструе прыхільнасць заканадаўца да ператварэння ўніверсітэтаў у структуры дзяржаўнага апарата. Рэктары, якім належыць поўная ўлада ў ВНУ і якія па закону з’яўляюцца кіраўнікамі савета ВНУ, не выбіраюцца саветам універсітэта ці апякунскаму савету і не падсправаздачныя акадэмічнай супольнасці.

Адсутнасць рэальнай універсітэцкай аўтаноміі палягчае інструменталізацыю ВНУ для палітычных мэтаў, у тым ліку для мэтаў пераследу апанентаў улады і іншадумцаў. Адміністрацыя ВНУ вымушана абслугоўваць палітычныя інтарэсы ўлады: прымушаць студэнтаў да датэрміновага галасавання, выключаць удзельнікаў мірных пратэстаў і апазіцыйных арганізацый, ажыццяўляць палітычны кантроль студэнцкага самакіравання і інш.

Прапанова Балонскага сакратарыята адкласці прыём Беларусі ў ЕПВА была абумоўлена, першым чынам, гэтым відавочным канфліктам еўрапейскіх і беларускіх афіцыйных акадэмічных каштоўнасцяў. Усе астатнія разыходжанні ў архітэктуры і палітыцы вышэйшай адукацыі з’яўляюцца вытворнымі ад гэтага канфлікту каштоўнасцяў. Але, нягледзячы на зусім ясны і недвухсэнсоўны месыдж Балонскага сакратарыята, адрасаваны беларускаму Міністэрству адукацыі, улады пакуль яшчэ не гатовыя прызнаць, што менавіта канфлікт каштоўнасцяў з’яўляецца галоўнай перашкодай для далучэння краіны да Балонскага працэсу.

Для беларускага Міністэрства такое прызнанне з’яўляецца вельмі хваравітым, паколькі не пакідае надзей абмежавацца толькі тэхнічнымі ўдасканаленнямі для прыёму ў ЕПВА. Змены павінны будуць закрануць асноватворныя мэты беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі. І толькі адкрытая грамадская дыскусія можа падштурхнуць службоўцаў да абмеркавання праграмы рэформаў, здольных сапраўды наблізіць беларускую вышэйшую школу да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Заклік Балонскага сакратарыята забяспечыць выкананне ў беларускіх ВНУ істытуцыянальнай аўтаноміі, акадэмічнай свабоды і грамадскага ўдзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыяй з’яўляецца не толькі патрабаваннем пазбавіць вышэйшую школу ад адміністрацыйнай самаўпраўнасці, цэнтралізацыі і палітычнай інструменталізацыі, але і магчымасцю пераключыць беларускую сістэму вышэйшай адукацыі з мэты палітычнага кантролю за студэнтамі і выкладчыкамі на задачы забеспячэння годнай якасці адукацыі. Гэта азначае рэальную мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі, паколькі змяняе яго мэты і фундаментальныя імператывы, а не толькі архітэктуру.

У межах мадэрнізацыйнага дыялога ёсць магчымасць не толькі стымуляваць дыскусію пра рэфармаванне беларускай вышэйшай школы, але і прапанаваць механізм уцягвання шырокага кола сацыяльных партнёраў вышэйшай адукацыі ў яго абнаўленне.

Для таго, каб улада пачула голас грамадскасці, неабходна, каб у асяроддзі рэальных стэкхолдэраў вышэйшай адукацыі (студэнтаў, іх бацькоў, працадаўцаў, выкладчыкаў) быў сфармаваны выразны запыт на рэформы і грамадскі ўдзел у іх імплементацыі.

Таму грамадскі дыялог павінен папярэднічаць дыялогу паміж грамадствам і ўладай. Толькі ў гэтым выпадку патрабаванне рэформаў будзе зыходзіць не ад апазіцыянераў і дысідэнтаў, а ад шырокіх пластоў беларускага грамадства, зацікаўленага ў падвышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, інтэрнацыяналізацыі і лібералізацыі вышэйшай школы.

Уладзімер Дунаеў