Выберыце сваю мову

Імкненне забяспечыць маладых спецыялістаў першым рабочым месцам, а нерадзівых - адлавіць і вярнуць на месцы адпрацоўкі - прымушае ўстановы адукацыі, дзяржаўныя прадпрыемствы, міністэрства адукацыі адкінуць умоўнасці ў выглядзе дзеючых нарматыўных актаў і мадэрнізаваць метады рабства.


Нядаўна інфармагенцтва «Інтэрфакс-захад», а за ім і некаторыя іншыя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю аб адлічэнні студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта.

Сцісла — маладыя грамадзяне атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Затым, рэалізуючы сваё права на адукацыю — паступілі ў вышэйшую навучальную ўстанову, але на платнай аснове. Былі залічаны ва ўніверсітэт. Як толькі ва ўніверсітэце стала вядома, што студэнты не адпрацавалі абавязковы тэрмін па размеркаванні — былі адлічаныя.

Следам за гэтым былі зроблены дзіўныя каментары прадстаўнікоў БНТУ і міністэрства адукацыі, якія сведчаць аб тым, што Кодэкс аб адукацыі і палажэнне аб размеркаванні здаецца як і дзейнічаюць, але названыя суб’екты адукацыйных адносін працягваюць жыць сваім жыццём — зусім адрозным ад дзеючых нормапрадпісанняў.

І для таго, каб такія навацыі універсітэта і мінадукацыі не прынялі ўстойлівыя формы як правамерных, важна разумець, што ў заявах іх з’яўляецца выдумкай і спробай пашырыць і без таго антыканстытуцыйныя практыкі прымусовай працы.

БНТУ: “калі б міністэрства адукацыі правяло тлумачальную працу з прадстаўнікамі вышэйшых навучальных устаноў яшчэ да пачатку ўступнай кампаніі, то мы б загадзя апавяшчалі аб гэтым абітурыентаў і не прымалі б у іх дакументы …” -
ні ў адным нарматыўна-прававым акце Рэспублікі Беларусь няма такіх падстаў для адмовы ў прыёме дакументаў.

Міністэрства адукацыі: “Паступаць у ВНУ на “завочку” можна толькі пасля таго, як чалавек выканае свой абавязак перад дзяржавай, г.зн. адпрацуе па размеркаванні …”- напэўна многія здзівіліся, даведаўшыся аб новай разнастайнасці доўгу чалавека перад дзяржавай.

У кантэксце страшылкі супраць паступленняў маладых спецыялістаў у ВНУ, міністэрства адукацыі нагадвае: “Абітурыенты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй не павінны забываць пра палажэнне аб парадку размеркавання. Выпускнік, які атрымаў пасведчанне аб накіраванні на працу, які да названага ў пасведчанні тэрміна прыбыцця ў арганізацыю залічаны ва ўстанову адукацыі на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў на дзённай форме атрымання адукацыі на больш высокі ўзровень (ступень) адукацыі, абавязаны на працягу трох дзён пасля залічэння пісьмова паведаміць аб сваім залічэнні наймальніка, установу адукацыі і вярнуць пасведчанне аб накіраванні на працу ва ўстанову адукацыі”.

Сапраўды, у п. 29 Палажэння аб размеркаванні менавіта так і запісана. Але і ўсяго толькі.

Выпускнік, які атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту мае права на тое, каб вучыцца ў любой іншай установе адукацыі як дзённай, так і завочнай формы навучання. Тут няма ніякіх заканадаўчых абмежаванняў.

А тое, што ў маладога спецыяліста на дзённай форме навучання можа ўзнікнуць канфлікт з наймальнікам па месцы адпрацоўкі — з прычыны магчымых прагулаў — так гэта праблема наймальніка і маладога спецыяліста, але ніяк не клопат мінадукацыі. Заканадаўствам не замацавана, што праца, прадастаўленая выпускніку ў выніку размеркавання, абавязкова павінна выконвацца ім поўны працоўны дзень і толькі на ўмовах асноўнага месца працы.