Еўрарадыё: Увялі раздзяленне на бакалаўраў і магістраў, але выкладчыкаў звальняюць, а студэнтаў размяркоўваюць.
Сёлета ў ліпені міністры адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі будуць вырашаць, ці браць Беларусь у Балонскі працэс. Гэта працэс стварэння Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, куды ўваходзяць усе суседзі Беларусі.
Мінулым разам, у 2012 годзе Беларусь не ўзялі, бо не выконвала прынцыпы Балонскага працэсу: самакіраванне студэнтаў, акадэмічная аўтаномнасць, акадэмічныя свабоды.
Глядзім з удзельнікам грамадскага Балонскага камітэту Уладзімірам Дунаевым, што змянілася за 3 гады і ці варта пускаць нашу вышэйшую адукацыю у астатнюю Еўропу.
Беларусь ВОЗЬМУЦЬ у Балонскі працэс, таму што…
— Чыноўнікі ад адукацыі ўвялі цыкл: бакалаўр, магістр, што блізка да еўрапейскай архітэктуры вышэйшай адукацыі.(Студэнты вучацца чатыры гады пасля паступлення на бакалаўра, пасля адін ці два гады ў магістратуры) Але ёсць адрозненні ў нашай дактарантуры і аспірантуры (іх дактарантура больш падобная на нашу аспірантуру).
— З’явіўся першы кансультацыйны орган — савет студэнтаў пры міністэрстве адукацыі, які ўжо можна лічыць прыкладам удзелу студэнтаў у кіраванні. Пакуль ён працуе тыдзень, а канкрэтных прапаноў ці прыкмет удзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыяй няма.
— Пры кожнай ВНУ ёсць Савет універсітэта, куды ўваходзяць студэнты. Па законе, іх мусіць быць не менш за 25%, што таксама дэкламуе ўдзел студэнтаў у кіраванні адукацыяй. Але на справе іх уплыў на адміністрацыю ўніверсітэта мінімальны. Студэнтам давяраюць хіба размяркоўваць грошы на аздараўленне.
— Амаль на ўсіх факультэтах у беларускіх ВНУ выкладаюць на англійскай мове, што таксама істотна набліжае нас да Балонскага працэсу і можа згуляць на карысць.
— Шэраг нядаўніх краін-удзельніц Балонскага працэсу не цалкам выконвае яго прынцыпы. Гэтым аперуюць і айчынныя чыноўнікі “нас возьмуць, а мы выправімся цалкам”.
Беларусь НЕ ВОЗЬМУЦЬ у Балонскі працэс, таму што…
— Штогод каля 19 тысяч маладых спецыялістаў едуць па закутках краіны адпрацоўваць 2 гады на карысць дзяржавы па размеркаванні, бо вучыліся бясплатна. У Польшчы, удзельніцы Балонскага працэсу, напрыклад, усё навучанне для палякаў у дзяржаўных ВНУ бясплатнае. І ніякага размеркавання.
— У Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы за 2 гады працы пазбавіліся адразу 4 выкладчыка: Андрэй Чарнякевіч, Ігар Кузьмініч, Іна Соркіна, Вячаслаў Швед. Наогул, уся кантрактная сістэма нашых універсітэтаў супярэчыць прынцыпам акадэмічнай свабоды для выкладчыкаў.
— Удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтамі па сёння не прапісаны ў нарматыўных актах. Няма дэцэнтралізацыі ўніверсітэтаў, яны падпарадкоўваюцца Мінадукацыі нават у фінансавых пытаннях.
— У “чорным спісе” ЕС па сёння знаходзяцца два рэктары беларускіх ВНУ: Міхаіл Батура з універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, рэктар БДУ Сяргей Абламейка. Ім забаронены ўезд у краіны ЕС, бо іх палічылі вінаватымі ў рэпрэсіях супраць студэнтаў пасля выбараў прэзідэнта 2010 года.
— Застаюцца пытанні з адкрытасцю ўніверсітэтаў. Інфармацыя пра студэнтаў, размеркаванне, склад студэнцкіх Саветаў недаступная ўсім. Нярэдка здымкі і праца СМІ на тэрыторыі ўніверсітэта ставяцца пад пытанне адміністрацыяй, якая патрабуе дазволаў і накіраванняў, хоць такая праца гарантаваная Законам аб СМІ.
На сёння ў Балонскі працэс уваходзіць 47 краін. У тым ліку, Расія, Украіна і Казахстан. Для краін-удзельніц знаходжанне ў Балонскім працэсе дазваляе больш супрацоўнічаць з краінамі ЕС, накіроўваць студэнтаў і выкладчыкаў на стажыроўкі. Да таго ж, гэта з’яўляецца паказчыкам узроўню развіцця вышэйшай адукацыі у краіне.
Арцём Мартыновіч, Еўрарадыё