Mobile menu

Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

Новы Час: Прарэктар па навукова-метадычнай працы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Ігар Цітовіч увесь ход рэформ вышэйшай адукацыі апісвае досыць лаканічна: «Мы рухаемся». Тым часам эксперты Грамадскага Балонскага камітэта прыйшлі да высновы, што, па сутнасці, ні адно з абавязацельстваў, узятых беларускім бокам у 2015-м, не выканана цалкам і ў тэрмін.


 Дзіяна Серадзюк, Новы Час

З далучэннем да Балонскага працэсу ў 2015 годзе Беларусь атрымала Дарожную карту рэформ вышэйшай адукацыі, дзе пералічаны ўмовы, якія краіна ўзялася выканаць.

У маі 2018 года Advisor Group on Support for the Belarus Roadmap (AG2) дасць справаздачу аб праведзенай працы на саміце міністраў адукацыі ў Парыжы.

Што было зроблена ў галіне рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі за 2,5 года, мы паспрабавалі даведацца ў сябра AG2, прарэктара па навукова-метадычнай працы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы (РІВШ) Ігара Цітовіча.

Паводле яго словаў, Балонскі працэс — гэта, у першую чаргу, пляцоўка, дзе можна паразмаўляць з прафесіяналамі і выкарыстаць досвед іншых краін, каб не паўтараць іх памылкі. Увесь ход рэформ ён апісвае досыць лаканічна: «Мы рухаемся».

Каб зразумець, якім чынам гэта адбываецца, звернемся да некаторых канкрэтных пунктаў Дарожнай карты.

Нацыянальная рамка кваліфікацый (НРК)

Гэта сукупнасць механізмаў прававога і інстытуцыйнага рэгулявання кваліфікацый работнікаў з улікам патрэб рынку працы і магчымасцяў сістэмы адукацыі.

— У 2014 годзе была спроба фармавання Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, часткай якой з’яўляецца Нацыянальная рамка кваліфікацый. Яна была эксперыментальнай у дзвюх галінах — кіравання і інфармацыйных тэхналогій, — распавядае Ігар Цітовіч.

Ужо па далучэнні Беларусі да ЕПВА ўзнікла неабходнасць распрацаваць НРК вышэйшай адукацыі, якая б суадносілася з Усёахопнай рамкай кваліфікацый Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (EQF-EHEA). Гэта дазволіць суадносіць узровень падрыхтоўкі беларускіх студэнтаў з выпускнікамі іншых універсітэтаў. План распрацоўкі НРК Міністэрства адукацыі падпісала сёлета ў лютым (а да гэтага ў студзені ў Берліне на пасяджэнні AG2 быў прадэманстраваны яе праект). Ён цяпер дапрацоўваецца і будзе прадстаўлены на чарговым пасяджэнні AG2 ужо ў гэтым месяцы ў Рыме.

Сістэма заліковых адзінак (крэдытаў)

Сістэма крэдытаў дэ-юрэ ўжо ўведзеная ў практыку і суадносіцца з Еўрапейскай сістэмай пераносу і назапашвання крэдытаў. Праўда, пакуль яна яшчэ не працуе напоўніцу. У перспектыве заліковыя адзінкі таксама будуць больш шырока выкарыстоўваць пры пераводзе і аднаўленні студэнта ў іншую ўстанову адукацыі, на іншую спецыяльнасць або форму навучання, пры арганізацыі акадэмічнай мабільнасці.

Выпускнікі, якія заканчваюць ВНУ пасля 2015 года, у сваіх залікоўках, дыпломах і ўсёй астатняй дакументацыі, акрамя інфармацыі пра нагрузку, што вылічваецца ў акадэмічных гадзінах, ужо атрымліваюць яе і ў сістэме заліковых адзінак.

Дадатак да дыплома

Замест выпіскі з залікова-экзаменацыйнай ведамасці выпускнікам плануецца выдаваць дадатак да дыплома, які паводле структуры і зместу будзе адпавядаць Агульнаеўрапейскаму дадатку да дыплома.

— Сёння заканадаўства Беларусі не абмяжоўвае ўніверсітэты выдаваць гэты еўрапейскі дадатак да дыплома. Але паколькі ў заканадаўстве на гэты конт увогуле нічога не прапісана, то дзяржава не нясе адказнасць за гэты дакумент па-за сваімі межамі, — тлумачыць Ігар Цітовіч.

Аднак некаторыя ўніверсітэты ўжо выдаюць такі дадатак. Напрыклад, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт робіць гэта па сумеснай з Партугаліяй магістарскай праграме. Адпаведна, адказнасць за дакумент нясуць непасрэдна ПДУ і яго партнёр у Партугаліі.

— У новым праекце Кодэкса аб адукацыі мы прапісалі адказнасць дзяржавы. Прычым упершыню ў беларускім заканадаўстве прапісаны англійскі эквівалент назвы дадатку да дакумента аб вышэйшай адукацыі. Сам ён будзе на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.

Па словах Ігара Цітовіча, ужо распрацаваны дызайн дадатку, аднак яго абавязковае ўвядзенне для ўсіх выпускнікоў адбудзецца толькі пасля таго, як уступіць у сілу новы Кодэкс аб адукацыі. Але калі гэта будзе — невядома, бо парламентарыі пакуль не разглядалі праект кодэкса.

Акадэмічная мабільнасць

— У дзяржаўнай праграме «Адукацыя і моладзевая палітыка» на 2016–2020 гады ўстаноўлена бюджэтнае фінансаванне на праходжанне замежнай стажыроўкі 200 прафесараў штогод. У некаторых падпраграмах вылучаны дзяржаўныя грошы на акадэмічную мабільнасць магістрантаў і навучэнцаў па асобных спецыяльнасцях, напрыклад, ядзернай і атамнай энергетыцы, па якіх у Беларусі няма баз для практыкі, — распавядае прарэктар РІВШ.

Многія беларускія ВНУ маюць дамоўленасці з замежнымі ўніверсітэтамі адносна акадэмічнай мабільнасці. Апроч таго ў 2016–2017 гадах была распрацавана канцэпцыя развіцця акадэмічнай мабільнасці, яна размешчаная на сайце Белдзяржуніверсітэта для грамадскага абмеркавання.

У рэктары па конкурсе

У Беларусі рэктары большасці ўніверсітэтаў прызначаюцца міністрам адукацыі і ўзгадняюцца кіраўніком Беларусі.

— У шэрагу краін рэктар не з’яўляецца асноўным кіраўніком універсітэта. Ім з’яўляецца структура ці асоба, якая фінансуе ўніверсітэт. Наступная ступень кіравання — рэктар, які з’яўляецца менеджэрам. У нас структура іншая: функцыі кіраўніка і менеджэра спалучаюцца ў асобе рэктара, — тлумачыць Цітовіч.

У той жа час распрацоўшчыкі новай версіі Кодэкса аб адукацыі прапісалі, што вылучэнне кандыдатаў для прызначэння на пасаду кіраўніка ВНУ ажыццяўляецца на конкурснай аснове. Крытэры конкурснага адбору кандыдатаў для прызначэння на пасаду рэктара будуць распрацаваныя пазней.

Размеркаванне застанецца

Адна з балючых тэмаў беларускай вышэйшай адукацыі — размеркаванне.

— З савецкіх часоў гістарычна склалася, што наша сістэма адукацыі — прафесійна арыентаваная. Сыходзячы з гэтага дзяржава выступае заказчыкам прафесійных кадраў для розных галін. І ў гэтым выпадку яна павінна гарантаваць чалавеку працоўнае месца.

Аднак цяпер рынак працы не можа забяспечыць працоўнымі месцамі ўсіх выпускнікоў. Да таго ж працадаўцы нярэдка наракаюць на падрыхтоўку маладых спецыялістаў.

— Калі я скончыў універсітэт і прыйшоў працаваць у школу, мне таксама сказалі: «Забудзьце ўсё, чаму вас навучылі», — узгадвае Ігар Цітовіч. — Але насамрэч мяне някепска навучылі. Мяне навучылі добра, але я прыйшоў туды, дзе быў не патрэбны высокі ўзровень. Працадаўцаў прыцягваюць да распрацоўкі адукацыйных стандартаў. І іх пярэчанні адносна таго, што прыходзяць не тыя спецыялісты, якія патрэбныя, вынікаюць не з праблемы сістэмы адукацыі, а з таго, што працадаўцы павінны спрагназаваць, які спецыяліст ім будзе патрэбны праз чатыры-пяць гадоў. Другі шлях: група працадаўцаў аднаго профілю можа стварыць прафесійны стандарт. Гэта дакумент, у якім прапісаныя кампетэнцыі, неабходныя спецыялісту на канкрэтнай вытворчасці. На аснове гэтага прафесійнага стандарту сістэма адукацыі распрацоўвае свае адукацыйныя стандарты. Праблема гэтага шляху ў тым, што распрацоўка прафстандартаў — дарагая, і не ўсе працадаўцы хочуць гэта рабіць.

Што да праблемы недахопу працоўных месцаў для выпускнікоў — яе можа вырашыць сістэма прагназавання колькасці кадраў, неабходных для той ці іншай галіны.

Дзе шукаць інфармацыю

Сайт Міністэрства інфармацыі на запыт пра Балонскі працэс перанакіроўвае на старонку РІВШ, дзе размешчаны асноўныя дакументы і камюніке. Беларускамоўная ж версія сайта Мінадукацыі ўвогуле выдае пустую старонку.

— Асобны сайт па рэалізацыі ў Беларусі элементаў Балонскага працэсу мы робім. Купілі месца, імя, абалонку, але да запуску рукі пакуль не даходзяць, бо трэба распрацоўваць шмат іншых дакументаў. Таму мы крыху не паспяваем. Але сайт, магчыма, будзе запушчаны ўжо са студзеня, — запэўнівае Ігар Цітовіч.

І набірае ў адрасным радку ноўтбука камбінацыю сімвалаў, якая выводзіць на старонку Кансультатыўнай групы па падтрымцы Дарожнай карты для Рэспублікі Беларусь (Advisor Group on Support for the Belarus Roadmap). Пакуль уся асноўная, а таксама нарматыўная база размешчана па адрасе ag2.bsu.by.

Многія звесткі можна знайсці і на сайце Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі www.ehea.info.

Іншы погляд

Тым часам Ad hoc камісія Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і Грамадскі Балонскі камітэт падрыхтавалі справаздачу аб маніторынгу імплементацыі Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі. Эксперты прыйшлі да высновы, што, па сутнасці, ні адно з абавязацельстваў, узятых беларускім бокам у 2015-м, не выканана цалкам і ў тэрмін. Сітуацыя з імплементацыяй Дарожнай карты ўскладнілася праз тое, што перспектывы разгляду новай рэдакцыі Кодэкса ў Нацыянальным сходзе адсунутыя на нявызначаны тэрмін.

Не ўносяцца і не абмяркоўваюцца змены і дапаўненні ў іншыя заканадаўчыя акты (Кодэкс аб працы, Крымінальны кодэкс, Грамадзянскі кодэкс, Закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях» і інш.), якія маглі б забяспечыць імплементацыю абавязацельстваў Дарожнай карты. Многія вынікі міжнароднай экспертызы беларускай адукацыйнай палітыкі і заканадаўства, якая праводзілася ў рамках ЕПВА, не публікуюцца і застаюцца невядомымі грамадскасці. Гэта яшчэ пагаршае атмасферу інфармацыйнай закрытасці, якая характэрна для беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі.

Аўтары справаздачы прыйшлі да высновы, што прагрэс можна назіраць толькі па двух з дзевяці найбольш значных грамадскіх чаканнях: балонскай архітэктуры вышэйшай адукацыі (пераход да трох прыступак: бакалаўр — магістр — кандыдат навук) і забеспячэнні аўтаматычнай бясплатнай выдачы дадатку да дыплома (Diploma Supplement).

Усё яшчэ не выкананымі альбо не завершанымі застаюцца абавязацельствы па стварэнні Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, незалежнага агенцтва кантролю якасці, адмене размеркавання выпускнікоў, па пазбаўленні ад дыскрымінацыі ў прадастаўленні фінансавай дапамогі (льготных крэдытаў) студэнтам прыватных ВНУ, гарантыях акадэмічнай свабоды і пашырэнні інстытуцыйнай аўтаноміі (уключаючы пашырэнне студэнцкага ўдзелу ў кіраванні ВНУ), забеспячэнні правоў студэнтаў і выкладчыкаў на стварэнне і рэгістрацыю арганізацый (у прыватнасці, адмена артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу) і, нарэшце, па зменах у існуючай сістэме выдачы дазволаў на паездкі з мэтай падаўжэння тэрмінаў знахо­джання выкладчыкаў і студэнтаў у краінах ЕПВА без неабходнасці атрымання дазволу міністэрства.

Паколькі ва ўсталяваны тэрмін беларускія ўлады не змогуць нават наблізіцца да выканання сваіх абавязацельстваў, найлепшым выйсцем у такой сітуацыі эксперты лічаць працяг дзеяння Дарожнай карты на 2–3 гады з захаваннем міжнароднага кантролю за яе выкананнем.