ЗВЯЗДА: Сяргей Маскевіч — аб практыцы размеркавання, карыслівых настроях, «праектным» мысленні і ўмовах для самарэалізацыі моладзі
Больш як сто пытанняў паступіла ў Міністэрства адукацыі ад студэнтаў з усіх беларускіх ВНУ напярэдадні сустрэчы міністра адукацыі Сяргея МАСКЕВІЧА са студэнцкім актывам.
— Прызнаюся, што многія пытанні мяне вельмі парадавалі, таму што, як высветлілася, вы думаеце пра тое ж, што і кіраўнік нашай дзяржавы, члены ўрада і кіраўніцтва міністэрства, — канстатаваў Сяргей Маскевіч, сустракаючыся з лепшымі прадстаўнікамі ВНУ ў сценах Белдзяржуніверсітэта. — Вы думаеце аб развіцці краіны і імкняцеся да таго, каб максімальна поўна быў задзейнічаны ваш патэнцыял, хочаце быць упэўненыя, што вашы веды спатрэбяцца, што вы зможаце сябе рэалізаваць. І, што цалкам лагічна, хочаце ведаць: а якія ж напрамкі развіцця найбольш перспектыўныя? Ваша месца ў будаўніцтве новай Беларусі — асаблівае: 380 тысяч студэнтаў — гэта наймагутнейшы патэнцыял! Прычым у міністэрства паступілі і канкрэтныя прапановы, асабліва важныя для нас, паколькі цяпер фарміруецца праграма мерапрыемстваў да Года моладзі. Рыхтуецца новая канцэпцыя маладзёжнай палітыкі. Мы гатовы прыслухоўвацца да тых, хто заўтра будзе несці адказнасць за лёс нашай краіны…
На думку міністра адукацыі, студэнцкае самакіраванне павінна адыгрываць больш значную ролю на ўзроўні ВНУ. У якасці станоўчага прыкладу ён прывёў Белдзяржуніверсітэт, дзе самакіраванне дастаткова добра развітае і студэнты маюць рэальныя рычагі ўплыву на жыццё ўніверсітэта. Вельмі актыўныя і студэнты БНТУ. Сёння ў міністэрстве думаюць над стварэннем Рэспубліканскага маладзёжнага савета.
— Асаблівую ўвагу мы будзем надаваць рэалізацыі праекта «100 ідэй для Беларусі», будзем ствараць максімальна спрыяльныя ўмовы для далучэння як мага большай колькасці моладзі да гэтага руху, — падкрэсліў Сяргей Маскевіч. — Трэба навучыць моладзь ствараць бізнес-планы, навучыць іх праектнаму мысленню. Але маладыя людзі павінны зразумець, што ніхто з грашыма за імі бегаць не будзе. Любы праект чакае сур’ёзная экспертыза, жорсткі конкурсны адбор. Малады чалавек павінен свой праект абараніць, даказаць яго мэтазгоднасць і перспектыўнасць, прадумаць механізмы ўвасаблення ў жыццё. На жаль, сёння сярод моладзі прасочваюцца і карыслівыя настроі: маўляў, а што нам за гэта дадуць? Клопат дзяржавы — стварыць умовы для самарэалізацыі моладзі, арганізаваць пляцоўкі для рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў. А задача моладзі — правільна распарадзіцца гэтымі магчымасцямі…
На сустрэчы з міністрам адукацыі ў студэнтаў была магчымасць задаць пытанні кіраўніку галіны асабіста. Адзін са студэнтаў пацікавіўся думкай міністра наконт функцыянавання шматлікіх прыватных фірмаў, дзе гатовы напісаць за студэнта кантрольную, рэферат, курсавую ці нават дыплом. Прычым такія фірмы адкрыта рэкламуюць свае паслугі.
— Я лічу, што калі ёсць попыт, то абавязкова будзе і прапанова. Студэнты, якія спрабавалі прыцягнуць дапамогу звонку, былі ва ўсе часы. Проста з развіццём інфармацыйных тэхналогій рабіць гэта стала прасцей, і прапановы пасыпаліся, — падзяліўся сваімі думкамі міністр. — Безумоўна, адыграла сваю ролю і даступнасць вышэйшай адукацыі, якая пайшла не на карысць яе якасці. У студэнтаў-завочнікаў мы фактычна адмянілі кантрольныя работы, таму што гэтая форма кантролю перастала быць эфектыўнай. У Гомелі, ва ўніверсітэце спажывецкай кааперацыі, на сесіях завочнікаў практыкуецца відэаназіранне. Але я прытрымліваюся погляду, што пакуль нашы студэнты самі не ўсвядомяць каштоўнасць адукацыі, каштоўнасць атрыманых ведаў, нічога кардынальна не зменіцца. Трэба, каб яны самі далі адказ на пытанне: што для іх галоўнае — атрымаць дыплом ці атрымаць веды?
— А давайце ўсе студэнты свае курсавыя работы будуць «зліваць» на адзіны інтэрнэт-рэсурс. Цікава будзе паглядзець, праз колькі гадоў ці з якой частатой паўтараюцца адны і тыя ж думкі, — нечакана прапанаваў міністр. — Падчас маёй працы рэктарам у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце да мяне часта звярталіся студэнты са скаргамі на тое, што той ці іншы выкладчык «лютуе» і не дае здаць экзамен або залік. А вось скаргаў на тое, што выкладчык завышае студэнтам адзнакі, я штосьці ні разу не чуў.
Хтосьці з удзельнікаў сустрэчы прапанаваў міністру распрацаваць крытэрыі эфектыўнасці маладзёжнай палітыкі і стварыць дзяржаўны орган, які б каардынаваў у краіне ўсю маладзёжную палітыку.
Міністр адукацыі, у сваю чаргу, пацікавіўся ў маладых іх стаўленнем да практыкі размеркавання выпускнікоў:
— У большасці краін Еўропы беспрацоўе — гэта звычайная з’ява. А палітыка нашай дзяржавы скіравана на тое, каб прапанаваць выпускнікам першае працоўнае месца. Гэта найважнейшы сацыяльны праект! Але ж хапае маладых людзей, якія кажуць, што ім гэта не трэба. Атрымліваецца, што агульнасацыяльныя рашэнні не могуць задаволіць кожнага…
Натуральна, што студэнты не маглі не пацікавіцца ў кіраўніка сістэмы адукацыі тым, як можна павысіць прэстыж прафесіі педагога ў грамадстве.
— Мяркую, што без павышэння заробкаў зрабіць гэта будзе праблематычна, — канстатаваў Сяргей Маскевіч. — Але пытанне павышэння іміджу настаўніка ляжыць не толькі ў матэрыяльнай плоскасці. Калі сам педагог лічыць сябе аўтсайдарам, так сама будуць думаць пра яго вучні і іх бацькі. А павагу да сябе выклікае толькі паспяховы чалавек. Таму станоўчы імідж педагогаў — у руках саміх педагогаў.
Надзея НІКАЛАЕВА, ЗВЯЗДА